Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы таксама рыхтаваліся да дэнамінацыі». Да хірургаў прывозяць дзяцей з манэтамі ў страўніку. ФОТА. ВІДЭА


1 ліпеня ў Беларусі ўпершыню з савецкіх часоў зьявіліся ўласныя манэты. Рыхтаваліся да новых грошай ня толькі ў банках і крамах. Хірургі былі гатовыя, што да іх будуць паступаць дзеці, што праглынаюць манэты. І хоць прыток дзяцей з манэтамі і ў страваводзе спаў, лекары прагназуюць новую хвалю з пачаткам вучэбнага году.

Усё, што зьвініць і блішчыць, трапляе ў рот дзіцяці

Да першага ліпеня у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай хірургіі ўжо закупілі дадатковыя інструмэнты для выдаленьня іншародных целаў. Тут прадбачылі, што як толькі ў краіне зьявіцца маса манэт, непрызвычаеныя да іх дзеці пачнуць спрабаваць іх на смак.

Аляксандар Свірскі, загадчык адзьдзела дзіцячай хірургіі РНПЦ

Аляксандар Свірскі, загадчык адзьдзела дзіцячай хірургіі РНПЦ

«У нас цэлае пакаленьне вырасла без манэт, — расказаў Свабодзе Аляксандар Свірскі, загадчык адзьдзела дзіцячай хірургіі РНПЦ. — І мы меркавалі, што колькасьць дзяцей з манэтамі ў нас значна павялічыцца».

Дрэнныя чаканьні хірургаў апраўдаліся. Самы вялікі наплыў у РНПЦ здарыўся ў першыя два тыдні ліпеня. У некаторыя дні сюды зьвярталіся да дзесяці разоў на дзень. Палове з гэтай колькасьці дзяцей пад наркозам рабілі эндаскапічнае выдаленьне манэт з стрававода і страўніка.

Каб дастаць розныя прадметы, лекар-эндаскапіст выкарыстоўвае розныя інструмэнты

Каб дастаць розныя прадметы, лекар-эндаскапіст выкарыстоўвае розныя інструмэнты

Часьцей за ўсё сюды прывозяць дзяцей ад 2 да 5 год. Пазнаючы сьвет, яны цягнуць у рот усе прадметы, якія да іх трапляюць.

«Мы ведаем, што дзіця ад 2 да 5 як губка ўбірае ў сябе інфармацыю, — кажа Сьвірскі. — Спазнае свет ня толькі вачыма, але абавязкова павінна пакаштаваць на язык. Дзіця будзе цягнуць усё ў рот. Асабліва тое, што блішчыць ды зьвініць».

Раней былі экзатычныя манэты, а зараз пайшлі нашыя

У кабінэце эндаскапіі сабраная самая сапраўдная нумізматычная калекцыя. Гэта манэты, якія выцягнулі з дзіцячых стаўнікаў і страваводаў. Зьбірае яе Алег Паталета, лекар-эндаскапіст.

Алег Паталета, лекар-эндаскапіст

Алег Паталета, лекар-эндаскапіст

«Раней была адна экзотыка. Вось украінскія, азэрбайджанскія, ААЭ, французскі франк, фенішкі ФРГ», — распавядае пра манэты Паталета.

Беларускія ён паказвае толькі на здымках з эндаскопа. Калі ён іх дастае, то аддае бацькам.

«Вось бачыце тут ажно дзьве манэткі 20 і 10 капеек. Хлопчык ляжаў у адзьдзяленьні траўматалёгіі і праглынуў грошы, якія яму пакінула мама».

Калекцыя, якую сабраў лекар з дастаных манэт

Калекцыя, якую сабраў лекар з дастаных манэт

Каб дастаць манэту ці іншы праглычаны прадмет, Паталета мае цэлы набор розных інструмэнтаў: шчыпцы, петлі, кошыкі. Разам з эндаскопам ён прасоўвае іх праз стрававод ўнутр дзіцяці і потым выцягвае.

«Ад ягонага прафэсыяналізму залежыць, ці будуць потым ускладненьні, — кажа Сьвірскі. — Як і пасьля любой мэдычнай манпіпуляцыі, ад іх ніхто не застрахаваны».

Праглынутая батарэйка можа прапаліць унутраныя органы

Пасьля розгаласу ў СМІ, наплыў дзяцей з манэтамі спаў. Але ўсё адно штодня ў РНПЦ прывозяць прынамсі 1-2 дзіцяці з праглычаным іншародным целам.

Аляксандар Сьвірскі паказвае, у якіх месцах застраюць праглынутыя батарэйкі ды манэты

Аляксандар Сьвірскі паказвае, у якіх месцах застраюць праглынутыя батарэйкі ды манэты

Сярод праглычаных прадметаў, па словах лекараў, самыя небясьпечныя — гэта пляскатыя батарэйкі, а не манэты. Калі батарэйка зараджаная, яна можа прапаліць стрававод страўнік, ці, што самае небясьпечнае, трахею.

«Калі бацькі не заўважылі, праз дзве-тры гадзіны батарэйка выклікае сур’ёзныя апёкі, — кажа Сьвірскі. — А пройдзе яшчэ большы час, то яна прапальвае сыстэму стрававода і суседнія органы».

У дзень рэпартажу ў РНПЦ ляжала маці, чыйму дзіцяці апэратыўна дасталі батарэйку са страўніка эндаскопам. І хоць яна хутка заўважыла зьніклую батарэйку, а хуткая адразу прыехала, у страўніку ўсё адно засталіся сьляды ад апёкаў.

«Але добра, што яна была ў страўніку, — кажа Аляксандра. — Батарэйкі могуць захрасаць і ў страваводзе, што нашмат страшней».

Маці Эльдарыя своечасова заўважыла, што дзіця праглынуў батарэйку

Маці Эльдарыя своечасова заўважыла, што дзіця праглынуў батарэйку

Пры самым горшым раскладзе дзіцё ўвогуле можа застацца інвалідам. Праз праглычаныя манэты, вострыя прадметы, магніты і асабліва ад выпітых хімікатаў сёлета каля 40 дзяцей назіраюцца ў РНПЦ.

На ўзроўні вачэй дзіцяці ўважліва аглядайце пакой

Пакуль хірургі вярнуліся да звычайнага рэжыму. Але ўжо праз пару тыдняў, калі дзеці пойдуць у школу, яны прадбачаць новы наплыў дзяцей з манэтамі.

Вось, што можна дастаць са страўніка дзіцяці

Вось, што можна дастаць са страўніка дзіцяці

«Бацькі аслабяць сваю ўвагу, а ў дзяцей зьявіцца дробязь. Звароты сярод малодшых школьнікаў ізноў ўзрастуць», — лічыць Сьвірскі.

Каб потым не зьвяртацца да лекараў, хірург заклікае бацькоў заўжды правяраць памяшканьне, у якое трапляюць дзеці.

Так выглядае манэта, што захрасла ў страваводзе

Так выглядае манэта, што захрасла ў страваводзе

«На ўзроўні вачэй дзіцяці трэба ўважліва аглядзець увесь пакой, ці не трапляюцца ў поле зроку небясьпечныя прадметы».

Таксама і цацкі, якімі гуляюцца малыя дзеці, варта праверыць на небясьпечныя дэталі. Аляксандра, якая патрапіла ў шпіталь са сваім сынам, раіць правяраць электронныя цацкі на дадатковы вінт, які не дазвавляе дастаць зь яе батарэйкі.

Самая небясьпечная рэч, якую можа праглынуць дзіцяці, — пляскатая батарэйка

Самая небясьпечная рэч, якую можа праглынуць дзіцяці, — пляскатая батарэйка

«Бацькі пакінулі дзіця без нагляду — і праз 30 сэкунд яно можа стаць інвалід, — кажа Сьвірскі. — Як толькі ваша дзіця прыціхла, ідзіце і глядзіце. Хутчэй за ўсё вы застанеце яго за пазнавальным працэсам. Патэнцыйна ён скончыцца інвалідызацыяй».

XS
SM
MD
LG