Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы па «справе дывэрсантаў» распавёў аб мініраваньні аэрапорту Сімферопаля і «джыхадзе»


ФСБ апублікавала відэа допыту яшчэ двух затрыманых у Крыме.

На новым відэа допытаў затрыманых па «справе дывэрсантаў» прыводзяцца паказаньні двух затрыманых, а таксама аднаго сьведкі. Грамадзянін Украіны Рэдван Сулейманаў распавёў аператыўнікам, як закладваў муляж выбуховага прыстасаваньня ў аэрапорце Сімферопаля, а яго кіраўнік па канфэрэнц-сувязі з расейскімі паліцыянтамі «аб’яўляў джыхад».

Відэа дэманстравалася ў эфіры тэлеканалу «Расія 24»

Пра сябе Сулейманаў распавёў, што мае грамадзянства Ўкраіны і жыве ў горадзе Запарожжа на вуліцы Касьмічнай. Ён сьцьвярджае, што ў кастрычніку 2015 году яго завэрбавала Галоўнае ўпраўленьне разьведкі Мінабароны Ўкраіны. Вярбоўкай займаўся нехта «Павел Мікалаевіч». Сулейманаў растлумачыў, што ня ведае прозьвішча і званьне гэтага чалавека.

Паводле яго слоў, ён атрымаў заданьне зьбіраць на тэрыторыі Крыму ваенную інфармацыю за ўзнагароду ў 3-4 тысячы грыўняў у месяц. Акрамя таго, пасьля атрыманьня расейскага пашпарту ён павінен быў ўладкавацца працаваць у ваенны аэрапорт «Бельбек» ці чыгуначны вакзал Сімферопаля. За гэта яму абяцалі даплачваць 5-6 тысяч грыўняў у месяц.

Пазьней ён ізноў сустрэўся з «Паўлам Мікалаевічам» у Адэсе, дзе той папрасіў знайсці месца для закладкі выбуховых прылад, у тым ліку ў аэрапорце Сімферопаля, дзе Сулейманаў знайшоў чатыры пункты, якія адпавядалі названым крытэрыям — у тым ліку і патэнцыйна вялікая колькасьць чалавечых ахвяр.

Сулейманаў распавёў, што 29 ліпеня «Павел Мікалаевіч» сказаў зрабiць муляж выбуховага прыстасаваньня, закласьці яго ў аэрапорце Сімферопаля, патэлефанаваць і застацца на месцы, каб прасачыць за дзеяньнямі праваахоўных органаў.

Пасьля пасьпяховай закладкі муляжа «Павел Мікалаевіч» загадаў патэлефанаваць у паліцыю і перавесьці званок у рэжым канфэрэнц-сувязі.

«Падчас канфэрэнц-сувязі я пачуў, што выклікала ў мяне шок: «Я Амір Карымаў, сёньня мы з братамі пераходзім з малога на вялікі джыхад, роўна ў 12 гадзін мы узарвём цэнтральны аэрапорт горада Сімферопаля, а таксама цэнтральныя аўтавакзалы Сімферопаля, Ялты і Севастопаля і Керчанскую пераправу», — сказаў Сулейманаў падчас допыту.

Пасьля званка Сулейманаў вярнуўся ў аэрапорт, каб зафіксаваць на фота дзеяньні праваахоўных органаў. Пасьля таго, як ён зрабіў пяць здымкаў, яго затрымалі.

Прозьвішча другога дапытанага на гэтым відэа была вядомае раней. Запіс допыту Андрэя Захцея апублікаваны ня з самага пачатку. Зь яго слоў вынікае, што на загад нейкага «Юры» ён купіў «бас» (верагодна, мікрааўтобус, у пачатку жніўня Захцей публікаваў аб’яву, што можа перавозіць па Крыме на сямімесным аўтамабілі Dodge Caravan).

«Шостага мне патэлефанаваў невядомы, прадставіўся «ад Юры», — распавёў Захцей. Невядомы загадаў ехаць у вёску Рысава непадалёк ад Армянску. На месцы ён атрымаў новую інструкцыю — ехаць на ўскраіну вёскі Суворава, і стаць каля могілак.

«Убачыў перад сабой страляніну, і быў затрыманы супрацоўнікамі ФСБ», — паведаміў Захцей.

Раней сёньня дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка называў Захцея «двойчы судзімым рэцыдывістам па мянушцы «Зая», які збег у Расею «праз даўгі».

Акрамя таго, на відэазапісе прысутнічае Марлен Аліеў, якога апэратыўнікі ФСБ прадстаўляюць як сьведку. Ён распавядае, што на яго прадпрыемства ў Джанкойскім раёне заходзіў малады чалавек, які прадставіўся Аляксеем Сандулам, і прапаноўваў купіць электрычныя прыборы, напрыклад, лічыльнікі.

Пра Аляксея Сандула як пра члена «групы дывэрсантаў» распавёў падчас допыту іншы затрыманы, Яўген Паноў. Ён сьцьвярджаў, што Сандул — «кадравы супрацоўнік выведкі Украіны». Пра тое, што яны працавалі на ўкраінскую разведку, кажуць і іншыя дапытаныя.

Раней прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разьведкі Мінабароны Ўкраіны заявіў, што на тэрыторыі Крыму за два гады не затрымлівалі ніводнага супрацоўніка гэтага ведамства, але прызнаў, што злоўленыя ФСБ у Крыме людзі — грамадзяне Ўкраіны і «патрыёты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG