Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карбалевіч: Сытуацыя вакол Беларускай АЭС набывае цікавы паварот. Нагадаю, пасьля інцыдэнту на станцыі 10 ліпеня, калі корпус рэактара ўдарыўся аб зямлю, пра гэта сталі пісаць незалежныя мэдыі, сам Лукашэнка быў вымушаны выказацца на гэтую тэму, усіх супакоіць, маўляў, усё пад кантролем.

а масавую сьвядомасьць моцна ўплывае чарнобыльскі сындром. І беларускія ўлады ня могуць не лічыцца з гэтым

Пасьля інцыдэнту правялі аналіз стану корпусу рэактара. Прычым, падкрэсьлю гэта, аналіз праводзіўся спэцыялістамі генканструктара і вытворцы. То бок расейцы, якія будуюць станцыю, правяралі самі сябе. І, як лёгка было прадказаць, прыйшлі да высновы, што ўсё нармальна, ніякіх пашкоджаньняў няма. Пра гэта яны цьвердзілі ад самага пачатку. Нават манілі, казалі, што ўвогуле нічога не адбылося. Потым, калі пад ціскам фактаў, грамадзкай думкі, пазыцыі беларускіх уладаў і ўладаў Літвы былі вымушаныя прызнаць факт аварыі, то ўпэўнівалі, што ўсё ў парадку, маўляў, толькі фарба зьлезла.

Аднак беларускія ўлады палічылі па-іншаму. Бо атамная станцыя для Беларусі — гэта вельмі балючая тэма. На масавую сьвядомасьць моцна ўплывае чарнобыльскі сындром. І беларускія ўлады ня могуць не лічыцца з гэтым.

У выніку беларускі Дзяржатамнагляд ня выявіў «гарантаванага пацьвярджэньня бясьпекі» корпусу. Таму міжведамасная камісія па ўзьвядзеньні атамнай электрастанцыі ў Беларусі прыняла рашэньне аб замене корпусу рэактара на Беларускай АЭС. Паведамленьне пра гэта Міністэрства энэргетыкі накіравала расейскаму боку.

Хто будзе плаціць за будоўлю і дастаўку новага рэактара?

У адказ расейская кампанія «Росатом», якая будуе станцыю, заявіла пра гатоўнасьць ажыцьцявіць замену корпусу рэактара для першага энэргаблёку Беларускай АЭС. Але ў камэнтары кампаніі ёсьць цікавы нюанс. Яны заяўляюць, што лічаць прычынай замены не меркаваньні бясьпекі, а грамадзкую думку. «Грамадзкая прымальнасьць атамнай энэргетыкі — ня менш важны прыярытэт, чым яе бясьпека», — заявілі ў «Росатоме».

Хутчэй за ўсё, на першым блёку ўсталююць корпус рэактара, які прызначаўся для другога блёку.

І тут узьнікае яшчэ адно важнае пытаньне: хто будзе плаціць за будоўлю і дастаўку новага рэактара? 11 жніўня міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімір Патупчык сказаў, што гэтае пытаньне — прадмет перамоў з расейскім бокам. Цікавы нюанс: непасрэдна ўсталёўваньнем рэактара займалася субпадрадная арганізацыя — ЗАТ «Сезам», якая і дапусьціла ўзьнікненьне няштатнай сытуацыі на пляцоўцы пабудовы БелАЭС. У структуру дзяржкарпарацыі «Росатом» яна не ўваходзіць. То бок у спрэчку, за чый кошт будзе адбывацца замена рэактара, уключацца тры суб’екты: беларуская дзяржава, «Росатом» і кампанія «Сезам».

У любым выпадку гэтае рашэньне аб замене рэактара прывядзе да некаторага зруху графіку, і энэргаблёк дабудуюць пазьней. Нагадаю, згодна з плянамі, першы блёк АЭС павінен быць уведзены ў 2018 годзе, другі — у 2020-м.

Глод: Спадар Карбалевіч казаў пра тэрміны ўводу Беларускай атамнай станцыі — 2018 і 2020 гады. Але, як піша сёньня расейскае выданьне «Коммерсант», замена корпусу, відаць, ссуне тэрміны ўводу станцыі. Пры гэтым невядома, наколькі павялічацца праз гэта выдаткі. Таксама няма адказу на пытаньне, на каго ляжа абавязак аплаціць магчымыя выдаткі, адзначае выданьне.

замена корпусу, відаць, ссуне тэрміны ўводу станцыі

«Узьнікненьне спрэчных сытуацыяў, зьвязаных з выяўленьнем дэфэктаў складанага абсталяваньня, якія зьявіліся пры транспартаваньні і мантажы, рэгулюецца дамовай або дадаткам да яе пра пастаўку абсталяваньня і яго абслугоўваньне, — кажа старшы юрыст адвакацкага бюро А2 Кацярына Ільіна. — Умовы дамоваў звычайна не раскрываюцца, але зыходзячы з агульнай практыкі ў падобных выпадках для выяўленьня прычынаў няспраўнасьці ствараецца камісія, якая і павінна вызначыць, які з бакоў адказны за яе ўзьнікненьне і, такім чынам, нясе матэрыяльную адказнасьць за яе ліквідаваньне».

Паводле слоў юрысткі, у выпадку, калі з высновамі камісіі адзін з бакоў ня згодны, спрэчка можа быць перанесеная ў суд. І яшчэ адзін аспэкт гэтай праблемы — рэакцыя на падзеі кіраўніцтва Літвы, на мяжы зь якой будуюць Беларускую атамную станцыю. Рашэньне замяніць корпус рэактара азначае, што Беларусь прызнае, што яна сутыкаецца з праблемамі ў галіне бясьпекі. І гэты крок варта вітаць, кажа літоўскі прэм’ер-міністар Альгірдас Буткявічус.

Але ў Літве лічаць, што гэтага недастаткова. Літоўскі прэм’ер не мяняе сваёй пазыцыі: Беларусь павінна правесьці стрэс-тэсты станцыі і перадаць іх вынікі Літве. А міністар энэргетыкі Рокас Масюліс лічыць, што беларускія ўлады павінны дапусьціць на будоўлю АЭС і незалежных экспэртаў, каб яны назіралі за яго ходам. То бок замена корпусу рэактара становіцца яшчэ адной важкай падставай, каб далучыць да нагляду за будоўляй АЭС міжнародных назіральнікаў.

Мы сёньня ўжо абмяркоўвалі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у Беларусі, якія пройдуць у верасьні. А ў кастрычніку парлямэнцкія выбары пройдуць і ў Літве. І, мне падаецца, там з набліжэньнем даты іх правядзеньня тэма будоўлі Беларускай АЭС будзе набіраць усё большую актуальнасьць.

Карней: Няштатная сытуацыя на БелАЭС спарадзіла як мінімум два пытаньні, на якія давядзецца адказваць ужо сёньня-заўтра. Па-першае, як працягваць будоўлю ва ўмовах страты даверу да расейскага генпадрадчыка — прычым даверу няма ні з боку грамадзкасьці, ні нават уладных структураў. Па-другое, хто заплаціць за форс-мажор?

як працягваць будоўлю ва ўмовах страты даверу да расейскага генпадрадчыка

Адносна народнага супраціву ў Маскве спакойныя — беларусы ў масе сваёй прымаюць нават самыя непапулярныя рашэньні як дадзенасьць. У гэтым я пераканаўся асабіста, калі тыдзень таму наведваўся на Астравеччыну, размаўляў зь мясцовым насельніцтвам. Пра незадаволенасьць суседзтвам зь небясьпечным аб’ектам у лепшым выпадку кажа адзін зь дзесяці. Астатнім ці «па барабану», ці «начальству відней», ці «мы людзі маленькія, ад нас нічога не залежыць».

Дэмарш кіраўніцтва Беларусі таксама практычна выключаны: беларускаму боку ў будоўлі стагодзьдзя зь непрадказальнымі наступствамі адведзеная роля статыста. Можна рабіць незадаволены выгляд, але толку ад гэтага мала: хто дае крэдыты, пастаўляе абсталяваньне і прывязвае да ўранавых радовішчаў, той і гаспадар. У дадзеным выпадку ўмоўны ланцужок відавочны: «Росатом», Масква, Крэмль.

Гэты ўхіл, дарэчы, ужо кідаецца ў вочы ў тым жа Астраўцы. Яшчэ пару гадоў, і заежджых атамшчыкаў у горадзе будзе больш, чым абарыгенаў. Паводле разьлікаў, да 2020 году колькасьць насельніцтва ў райцэнтры павялічыцца ўдвая. Мяркуючы па аб’ёме жыльля, якое ўзводзіцца на ўскраінах, і колькасьці машын з расейскімі нумарамі, відавочна, за кошт якіх кадраў гэты прырост чакаецца.

У такой сытуацыі найлепшым варыянтам для беларускага Міністэрства энэргетыкі будзе той, калі ўдасца перакласьці на «Росатом» усе фінансавыя выдаткі, зьвязаныя з паўторным вырабам, дастаўкай і мантажом корпусу рэактара. На нешта большае прэтэндаваць наўрад ці выпадае.

нават у выпадку, калі астравецкія рэактары запрацуюць, сьледам непазьбежна паўстане пытаньне, куды прыстроіць лішкі электраэнэргіі

Нарэшце, эканамічны складнік. Беларускія ўлады за кошт АЭС разьлічвалі ня толькі забясьпечваць уласныя патрэбы, але і пастаўляць электраэнэргію на экспарт. Пра гэта днямі зноў загаварыў Аляксандар Лукашэнка, прапанаваўшы Літве не ўздымаць хвалю на беспадстаўных высновах пра небясьпеку зь Беларусі, а супольна распараджацца багацьцем.

Праўда, як вынікае з рэакцыі літоўскага боку, Балтыя хутчэй патоне ў цемры, чым купіць хоць кіляват энэргіі ў Лукашэнкі. Тым больш, Эўропа ахопленая адзінай энэргасыстэмай, і Літва на галодным энэргетычным пайку ніяк не застанецца. Расеі патрэбныя грошы, а не канчатковы прадукт, таму гэты рынак таксама збольшага адпадае. Украіна сама экспартуе электраэнэргію, канкурэнты ёй не патрэбныя. Так што нават у выпадку, калі астравецкія рэактары запрацуюць, сьледам непазьбежна паўстане пытаньне, куды прыстроіць лішкі электраэнэргіі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG