Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 13 жніўня 2016: Дзень памяці Якуба Коласа, 90 гадоў Фідэлю Кастра


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша

У Менску ў Лошыцкім парку пройдзе фэстываль «А-fest», на якім можна будзе адпачываць пад адкрытым небам, атрымліваць асалоду ад музыкі, смачнай і разнастайнай ежы і ўдзельнічаць у вулічных гульнях. Хэдлайнэрам музычнай праграмы будзе эўрапейская група Brainstorm. Дапоўняць музычную праграму фэстывалю групы J:MORS і Navi.

У вёсцы Высокае (Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласьць) пройдуць «Спораўскія сенажаці» — спаборніцтвы па ручной касьбе нізінных балотаў. Гэта адзіны такога кшталту чэмпіянат у Беларусі, які стаў традыцыйным, і які пройдзе ў гэтым годзе ў 10-ы раз. Пачатак а 10.30.

У вёсцы Сула (Стаўбцоўскі раён, Менская вобласьць) пройдзе міжнародны фэстываль раньняга сярэднявечча «Шлях Вікінгаў». У рамках фэстывалю будзе рэканструявана гандлёвая кампанія атрада вікінгаў, пройдуць вайсковыя спаборніцтвы і паядынкі. На пляцоўцы будзе дзейнічаць паходны лягер, дзе госьці сьвята змогуць ацаніць прадметы ўжытку, зброю, касьцюмы і паходны побыт вікінгаў.

У гісторыі

1654 — пасьля працяглае аблогі горад Гомель быў захоплены казакамі Івана Залатарэнкі. Залатарэнка прывёў у Беларусь сваё 20-тысячнае войска пры падтрымцы маскоўскага цара.

1899 — нарадзіўся клясык амэрыканскіх фільмаў жаху Альфрэд Хічкок.

1913 — нарадзіўся беларускі кампазытар Анатоль Багатыроў, адзін з заснавальнікаў беларускай опэры. Сярод іншага, ён напісаў музыку да опэры «У пушчах Палесься», абапёртай на аповесьці «Дрыгва» Якуба Коласа (пастаноўка ў 1939).

1920 — у польска-савецкай вайне пачалася гэтак званая Варшаўская бітва, у якой польскія сілы пад камандаваньнем Юзэфа Пілсудзкага затрымалі бальшавікоў каля Варшавы, а потым разьбілі іх і прымусілі да адступленьня. Шэраг польскіх перамогаў, якія адбыліся пасьля Варшаўскай бітвы, прывялі да мірнай польска-савецкай дамовы 1921 году ў Рызе. У выніку гэтай дамовы Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы.

1926 — нарадзіўся камуністычны дыктатар Кубы Фідэль Кастра. Ён кіраваў краінай з 1959 па 2006 год, калі перастаў зьяўляцца на публіцы і перадаў свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы малодшаму брату Раулю.

У памяці

1946 — памёр Гербэрт Уэлс, ангельскі пісьменьнік.

1956 — памёр народны паэт Беларусі Якуб Колас.

Цытата

Гарачы дзень. На полі душна.

Прыціх той ветрык непаслушны,

Як бы сваім аддаўся марам.

Зацішак поля дыша варам

І гоніць з твару поту рагі,

І сохнуць губы ад той смагі.

А жнейкі жнуць. У моры збожжа

Мільгае постаць іх прыгожа,

Калі ў паверхні таго жыта

Ўсплыве галоўка самавіта

І так прыгожа азірнецца,

А гібкі станік разагнецца;

Або калі над галавою

У жнейкі спрытнаю рукою

Пучок калосьсяў мільгатнецца,

Апіша дужку, бы вясёлку,

Бы нейкай зьнічкі сьлед пагаслы,

І борзда ляжа ў перавяслы,

Што распасьцёрты на падолку, —

Дапраўды: ўзмахаў гэтых мгненьне —

Адна любота, заглядзеньне!

Якуб Колас, «Новая зямля», з разьдзелу «Летнім часам»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG