Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна замест Іванова: Пуцін памяняў кіраўніка сваёй адміністрацыі


Антон Вáйна

Антон Вáйна

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін вызваліў Сяргея Іванова ад пасады кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі.

На яго месца прызначаны былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Антон Вáйна.

Пуцін таксама зьмяніў склад Савету бясьпекі Расеі, уключыўшы ў яго Іванова і Вайна ды прадстаўніка прэзыдэнта ў Сібірскай фэдэральнай акрузе Сяргея Мяняйлу і паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта ў Паўночна-заходняй акрузе Мікалая Цуканава. Са складу Савету бясьпекі быў выключаны намесьнік сакратара Рашыд Нургаліеў.

Іваноў стане адмысловым прадстаўніком прэзыдэнта па пытаньнях прыродаахоўнай дзейнасьці, экалёгіі і транспарту, паведамляе Інтэрфакс. Уладзімір Пуцін заявіў, што былы кіраўнік адміністрацыі сам прасіў прызначыць яго на новы пост і парэкамэндаваў на сваё месца Вайна.

Сяргей Іваноў узначальваў адміністрацыю прэзыдэнта ад 2011 году. Ад 2001 да 2007 году ён быў міністрам абароны Расеі.

Антон Вайна працаваў у расейскай амбасадзе ў Токіё і ў другім дэпартамэнце Азіі МЗС Расеі, а ў пачатку 2000-х перайшоў ва ўпраўленьне пратаколу прэзыдэнта Расеі. У 2012 годзе яго прызначылі намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта.

XS
SM
MD
LG