Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскі «рэкорд» беларусаў — тыдзень без мэдалёў


Зборная Беларусі працягвае ставіць антырэкорды на Алімпійскіх гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра. За прамінулы тыдзень ушчыльную да п’едэсталу наблізіўся толькі майстар настольнага тэнісу Ўладзімер Самсонаў, які прыкра саступіў у барацьбе за бронзу. Астатнія пакуль што саступаюць супернікам.

Сёньня ўначы магла і павінна была зьдзейсьніцца гістарычная справядлівасьць — больш чым два дзясяткі гадоў, аддадзеных Самсонавым вялікаму спорту, мусілі ўвасобіцца ў алімпійскі мэдаль. Аднак азіяцкая школа пінг-понгу дэманструе сваё ўладарства над астатнім сьветам: цягам дня беларус саступіў у паўфінале кітайцу Чжану Цзыке, а ў матчы за трэцяе месца — і японцу Дзюну Мізутані. У выніку — 4-я выніковая пазыцыя і «драўляная» ўзнагарода. Але гэта той якраз выпадак, калі крытыкаваць 40-гадовага вэтэрана не выпадае.

А вось беларускія баскетбалісткі калі чым і адзначыліся, дык гэта відавочным бракам сілы волі. З чатырох матчаў, праведзеных на алімпійскім турніры, прайграныя тры. Чарговы — увечары ў чацьвер камандзе Турэччыны. Пры тым, што шанцы на перамогу былі ў кожнай сустрэчы, мала таго, заўсёды былі прамежкі, калі падначаленыя Анатоля Буяльскага вялі ў ліку з саліднай перавагай. Заключны матч з аўстралійкамі, які пройдзе 13 жніўня, ужо ня мае турнірнага значэньня: зборная Беларусі — за бортам плэй-оф.

Пакуюць чамаданы і акадэмічныя весьляры. «Чацьвёрка» ў складзе Вадзіма Ляліна, Дзяніса Мігаля, Ігара Пашэвіча і Мікалая Шарлапа ў паўфінальным заезьдзе прыйшла на фініш чацьвёртай і не прабіліся ў фінал.

Скончылі спаборніцтвы і жаночыя «двойкі»: Юлія Бічык і Тацяна Кухта па сукупнасьці заездаў занялі выніковае восьмае месца, Іна Нікуліна і Алена Фурман — пятнаццатыя.

У парусным спорце Мікіта Цыркун пасьля 9 заездаў папярэдняга раўнду займае 22 пазыцыю ў прамежкавай табліцы і мае прывідныя шанцы прабіцца ў фінальную дзясятку, якая будзе змагацца за ўзнагароды.

Беларускія плыўцы Яўген Цуркін і Павал Санковіч не прабіліся ў паўфінал на дыстанцыі 100 мэтраў батэрфляем, фінішаваўшы апошнімі ў сваіх папярэдніх заплывах.

Сышоў з дыстанцыі і баксёр Міхаіл Даўгалевец, які ў паядынку за выхад у 1/4 фіналу саступіў Адыльбеку Ніязымбетаву з Казахстану. Такім чынам, на алімпійскім рынгу застаўся толькі адзін беларускі баксёр — Дзьмітры Асанаў, які будзе біцца 14 жніўня.

Сёньняшні дзень у Рыё будзе адным з самых багатых на мэдалёвыя спадзяваньні. Нарэшце на старт выйдуць удзельнікі спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, якія цягам наступных 10 дзён разьмяркуюць амаль паўсотні камплектаў алімпійскіх узнагародаў.

Беларускія лёгкаатлеты Дзяніс Сімановіч і Аляксандар Ляховіч пазмагаюцца ў спартовай хадзе на 20 кілямэтраў. У штурханьні ядра стартуюць Алёна Дубіцкая, Юлія Леанцюк, Алена Абрамчук.

Ёсьць на што спадзявацца Тацяне Пятрэні і Ганьне Гарчанок: у скачках на батуце яны заваёўвалі мэдалі эўрапейскіх і сусьветных спаборніцтваў, цяпер на чарзе Алімпіяда.

Ну і, натуральна, плыўчыхі Аляксандра Герасіменя і Юлія Хітрая выйдуць у басэйн з намерам пераадолець кваліфікацыйны бар’ер на дыстанцыі 50 мэтраў вольным стылем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG