Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На этапе рэгістрацыі кандыдатаў паменела на 109 чалавек


Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў пад бел-чырвона-белым сьцягам у Гомелі

Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў пад бел-чырвона-белым сьцягам у Гомелі

521 кандыдат зарэгістраваны для ўдзелу ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Менавіта такую лічбу агучыла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына:

«521 зарэгістраваны кандыдат у дэпутаты, 93 прэтэндэнтам адмоўлена, 16 чалавек самі адмовіліся ад удзелу ў выбарах».

Усяго кандыдатамі ў дэпутаты было вылучана 630 чалавек.

Калі параўноўваць гэтыя лічбы з адпаведнымі падчас папярэдніх выбараў у Палату прадстаўнікоў, то тады ахвотных было 494, зь якіх зарэгістравалі 363.

Першымі падрабязныя вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня сталі вядомыя ў Менскай вобласьці. Тут барацьбу за 17 дэпутацкіх мандатаў працягнуць 66 чалавек.

Сярод іх — супрацоўнік КДБ Пётар Атрошчанка, дзейная дэпутатка Тамара Красоўская, намесьніца міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Людміла Ніжэвіч, кіраўнік справамі Менскага аблвыканкаму Іван Маркевіч, былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Улаховіч... У ліку прэтэндэнтаў і тры журналісты: Анатоль Букас у Барысаве, Іна Фяксель у Пухавічах, Валянціна Рыжавец у Слуцку.

Сустракаюцца ў агульным сьпісе і прозьвішчы кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Напрыклад, Аляксандар Абрамовіч балятуецца ў Барысаўскай акрузе, Натальля Ільініч — у Пухавіцкай, Алена Анісім — у Стаўбцоўскай, Андрэй Дзьмітрыеў — у Дзяржынскай, Ільля Дабратвор — у Сеньніцкай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG