Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Крыме арыштаваў украінца, затрыманага ФСБ


Яўген Паноў

Яўген Паноў

Яўгена Панова змясцілі пад варту на два месяцы.

Суд у Сімфэропалі 11 жніўня арыштаваў на два месяцы ўкраінца Яўгена Панова, якога расейскія спэцслужбы падазраюць у падрыхтоўцы тэракту на тэрыторыі анэксаванага Расеяй Крыму.

Тым часам украінская паліцыя пачала крымінальную справу па звароце сваякоў Панова па артыкуле «незаконнае пазбаўленьне волі або выкраданьне».

10 жніўня Фэдэральная служба бясьпекі Расеі абвясьціла аб затрыманьні на паўвостраве групы дывэрсантаў, якія нібыта зьяўляліся супрацоўнікамі ўкраінскай разьведкі і рыхтавалі тэракты ў Крыме. Паводле ФСБ, падчас затрыманьня загінулі два расейскія афіцэры. Міністэрства замежных спраў Расеі 11 жніўня апублікавала заяву, у якой названа імя яшчэ аднаго затрыманага — Андрэй Захцей.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ўлады Украіны перайшлі да практыкі тэрору. Кіеў адхіліў абвінавачваньні ў тэрарызьме і зьвярнуўся ў Раду Бясьпекі ААН. Закрытае паседжаньне Рады бясьпекі адбылося ў Нью-Ёрку ўвечары 11 жніўня. Па яго выніках прадстаўнік Украіны ў ААН Ўладзімір Ельчанка заявіў, што ўсе краіны, акрамя Расеі, пацьвердзілі тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ўключна з Крымам.

Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Віктар Мужэнка паведаміў, што Украіна прывяла ў павышаную баявую гатоўнасьць войскі на мяжы паміж Крымам і мацерыковай Украінай.

Расея анэксавала Крым ва Ўкраіны ў сакавіку 2014 году.

XS
SM
MD
LG