Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускія суды так мала выносяць апраўдальных прысудаў? Абмяркоўваюць аналітыкі РС Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.

Карбалевіч: Сайт Вярхоўнага суду Беларусі паведаміў, што ў першым паўгодзьдзі беларускія суды асудзілі 22 028 чалавек, 44 чалавекі прызнаныя невінаватымі і апраўданыя. Гэта 0,2%. Такі шанец апраўдацца ў беларускіх судах.

Незалежныя мэдыі ў асноўным паведамляюць пра судовыя справы адносна прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. І можа скласьціся ўражаньне, што толькі на такіх палітызаваных працэсах суды ангажаваныя, а вось па іншых, звычайных справах суды судзяць па справядлівасьці, па закону. Але вось статыстыка паказвае, што не.

Калі справа трапіла ў суд, то шанец апраўдацца — 0,2%. Гэта значна менш, чым нават ва Ўкраіне, там 1 апраўдальны прысуд на 108 спраў, і нават у Расеі — там гэтыя суадносіны — 1 на 154 справы. Можа таму, што ў Расеі існуе суд прысяжных.

Пра параўнаньне з эўрапейскімі ці амэрыканскімі судамі ўвогуле гаворкі няма. Чаму так адбываецца? Агульны адказ — у Беларусі няма прававой дзяржавы. Суд не зьяўляецца незалежнай галіной улады, як у дэмакратычных краінах. Ён — частка агульнай уладнай вэртыкалі. Старшыня Вярхоўнага суду, старшыня Канстытуцыйнага суду рэгулярна ўдзельнічаюць на нарадах у Лукашэнкі як звычайныя чыноўнікі, атрымоўваюць заданьні ад кіраўніка дзяржавы. Думаю, такая самая сытуацыя пануе і на нізавым узроўні.

Дарэчы, менавіта таму Лукашэнка катэгарычна адмаўляе ўвядзеньне суду прысяжных. Бо гэта крок да пэўнай незалежнасьці суду. А гэтага ён рашуча не прызнае.

Таму ў беларускіх судах фактычна немагчыма выйграць пазоў да дзяржаўных органаў. Калі шараговы грамадзянін судзіцца зь дзяржаўным органам або прыватная структура судзіцца зь дзяржаўнай арганізацыяй, то суды стаяць амаль заўсёды на баку дзяржавы. Бо яны ж дзяржаўныя чыноўнікі. А дзяржава заўсёды мае рацыю.

Кожны апраўдальны прысуд — гэта паказчык няякаснай працы сьледзтва, якое вяло справу, і пракуратуры, якая накіравала справу ў суд. А дзяржаўныя органы памыляцца ня могуць.

У паліцэйскай дзяржаве, якой зьяўляецца Беларусь, суды, як і іншыя праваахоўныя структуры, па сваёй прыродзе ёсьць карныя органы. Як і у савецкія часы, функцыя суду — не ў выконваньні правасудзьдзя, а ў змаганьні з злачыннасьцю. Таму Беларусь займае адно зь вядучых месцаў у сьвеце паводле колькасьці зьняволеных на душу насельніцтва. За кратамі сядзіць шмат людзей, якія ў іншых краінах не маглі б лічыцца злачынцамі.

І таму ў беларускіх судах няма рэальнай спаборнасьці паміж пракурорам і адвакатам.

Акрамя таго існуе і такі чыньнік. Суды перагружаныя справамі. Таму ў судзьдзі проста няма часу паглыбіцца ў судовую справу, разабрацца ў сутнасьці. І яны ідуць па лёгкім шляху, падтрымліваюць пазыцыю абвінаваўцы.

Яшчэ адзін момант. Паводле НІСЭПД (сьнежань 2014 г.), 44% беларусаў давяраюць судам. Гэта прыкладна такі самы ўзровень даверу, як і іншым дзяржаўным органам. То бок грамадзяне не выдзяляюць суд зь іншых дзяржаўных інстытутаў.

Глод: Валер Карбалевіч дакладна абгрунтаваў нізкую колькасьць апраўдальных прысудаў у Беларусі. Да ягоных высноваў можна дадаць літаральна яшчэ некалькі заўвагаў.

Па-першае, судам цяжка выносіць станоўчае рашэньне, калі ў краіне пануе атмасфэра падазронасьці і страху. З самага верху ўвесь час нагнятаецца гістэрыя: ніхто ня хоча добрасумленна працаваць, кожны толькі глядзіць, як хутчэй ухапіць сабе дзяржаўныя сродкі... Кожны чалавек у Беларусі апрыёры падазроны. І як тут судзьдзям ісьці насуперак гэтаму?

Па-другое, з самага верху паступаюць супярэчлівыя сыгналы. Так, з аднаго боку, Аляксандар Лукашэнка сумняваецца ў неабходнасьці ўвядзеньня «зьдзелкі са сьледзтвам». З другога, сам жа вызваляе ад пакараньня людзей, якія накралі велізарныя па беларускіх памерах грошы, але затым нібыта вярнулі іх у бюджэт. Мы нават маем прыклады, калі Лукашэнка даваў загады суду, які прысуд па той або іншай справе выносіць.

Карупцыя ў Беларусі разьядае ўсё, як іржа жалеза. І гэта нягледзячы на пастаянныя заклікі Аляксандра Лукашэнкі да змаганьня з гэтай самай карупцыяй. І ня толькі заклікі — летась прыняты фактычна новы закон аб барацьбе з карупцыяй, заводзяцца новыя гучныя справы супраць карумпаваных чыноўнікаў. А Аляксандар Лукашэнка нават сказаў, што карупцыя — гэта галоўны чыньнік, які стварае пагрозу «майданаў» у постсавецкіх краінах.

Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, колькасьць гучных гісторыяў аб карупцыі ў Беларусі не памяншаецца. І гэта пры тым, што ў нашага народу па-ранейшаму застаецца сацыялістычны калектывісцкі мэнталітэт з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці.

І галоўнае — усё, пра што мы тут кажам, арганічна вынікае з прыроды беларускага рэжыму. Гэтая ўлада імкнецца да поўнага кантролю над грамадзтвам. А дзеля гэтага трэба ўжываць рэпрэсіўныя мэтады. У дэмакратычных дзяржавах дзейнічаюць інстытуты прафіляктыкі злачынстваў, ужываюцца менш жорсткія санкцыі да ўпершыню асуджаных за няцяжкія злачынствы. А такія захады, як штрафы, грамадзкія працы, умоўнае пакараньне, у Беларусі складаюць сярод пакараньняў нязначную долю.

Дракахруст: Я б зьвярнуў увагу на тое, што той мэханізм, пра які казаў Валер, знаходзіць сваё ўвасабленьне ў пэўнай этыцы, у пэўных адносінах унутры юрыдычнай машыны. У тых самых Злучаных Штатах, калі сьледзтва ня здолела даказаць віну, гэта не прадмет, зразумела, вялікай радасьці, але і не падстава бедаваць: ну, адвакат аказаўся даволі вострым, пераканаў прысяжных.

А ў Беларусі гэта скандал. Гэта прычына для сур’ёзнага разбору, гэта вельмі пагаршае кар’ерныя пэрспэктывы для сьледчага, пракурора. І таму людзі б’юцца на сьмерць, каб іх праца мела плён у выглядзе абвінаваўчых прысудаў.

З другога боку, судзьдзі таксама людзі, таксама частка гэтай сыстэмы. Яны разумеюць, што калі яны выносяць апраўдальны прысуд, гэта прычына для сур’ёзных высноваў для іх калегаў у органах сьледзтва, пракуратуры. Тым больш, што сёньня чалавек судзьдзя, заўтра пайшоў у пракуратуру працаваць, сьледзтва, ці наадварот.

Тут працуе часткова бюракратычны, часткова чалавечы мэханізм, які не спрыяе таму, каб выносіць апраўдальныя прысуды. Акрамя таго, калі судзьдзя надта часта выносіць апраўдальныя прысуды, то і ў судовай сыстэме, герархіі спадзявацца на надта імклівую кар’еру яму таксама не выпадае.

Ёсьць у Беларусі палітычныя суды, дзе ўсё адназначна, ёсьць замоўныя суды — калі з высокай трыбуны прэзыдэнт кажа, хто ёсьць злодзей. Ня думаю, што пасьля такіх заяваў знойдзецца судзьдзя, які вынесе па такой справе апраўдальны прысуд.

Наяўнасьць пэўнай колькасьці такіх спраў, дзе рашэньне вызначанае, уплывае і на рашэньне па справах, дзе ніхто, акрамя пракурора, не стаіць за абвінаваўчым прысудам. Але стаіць практыка, стаіць звычка, якая можа быць мацнейшай за загады.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG