Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У чым прычыны чарговага абвастрэньня адносінаў паміж Украінай і Расеяй і якія наступствы яно можа мець? Абмяркоўваюць аналітыкі РС Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.

Дракахруст: Пазаўчора ФСБ Расеі заявіла, што тэрыторыя Крыму была абстраляная з украінскага боку, у выніку чаго загінуў расейскі вайсковец. Паводле ФСБ, абстрэл вёўся дзеля прыкрыцьця прарыву ў Крым «дывэрсійна-тэрарыстычных» групаў Міністэрства абароны Ўкраіны. Расейскія СМІ са спасылкай на спэцслужбы, паведамілі пра затрыманьне некалькіх дывэрсантаў — украінскіх вайскоўцаў.

Украінскі бок катэгарычна абвяргае расейскія паведамленьні і пра абстрэл Крыму з мацерыковай Украіны, і пра дывэрсійныя апэрацыі ўкраінскіх сілаў. У Міністэрстве абароны Ўкраіны лічаць, што заява ФСБ зьяўляецца «спробай апраўдаць перадысьлякацыю і агрэсіўныя дзеяньні» расейскіх войскаў у Крыме.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адмовіўся ад удзелу ў падрыхтаванай сустрэчы на найвышэйшым узроўні ў «нармандзкім фармаце» па пытаньнях мірнага ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе. Паводле Пуціна, калі Ўкраіна «ўстала на шлях тэрору», то ўдзел у «нармандзкіх» перамовах бессэнсоўны.

Пуцін дадаў, што Расея не пакіне без увагі гібель расейскага вайскоўца падчас апэрацыі, якую ў ФСБ назвалі «ліквідацыяй агентурнай сеткі» ўкраінскай выведкі, а бясьпека на тэрыторыі паўвострава будзе ўзмоцненая.

На гэтыя словы расейскага кіраўніка ўжо адрэагаваў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, які заявіў, што абвінавачваньні расейскім бокам Украіны ў тэрарызме ў акупаваным Крыме гучаць гэтак жа бессэнсоўна і цынічна, як заявы расейскага кіраўніцтва пра нібыта адсутнасьць расейскіх войскаў на Данбасе.

Расейскае тэлебачаньне паказала ўчора допыт грамадзяніна Ўкраіны Яўгена Панова, нібыта аднаго з чальцоў дывэрсійнай групы. Але родзічы Панова не пацьвярджаюць, што ён ня меў намер ехаць у Крым, ня выключаная вэрсія аб яго выкраданьні.

Пакуль складана сказаць, быў напад ці не. Ня выключана, што мог і быць, і неабавязкова сіламі рэгулярнага ўкраінскага войска. Варта прыгадаць, што энэргаблякаду Крыму шляхам падрыву ЛЭП у Херсоншчыне ўчынілі не ўкраінскія ўлады, а ўкраінскія грамадзкія арганізацыі, якія маюць сілавыя магчымасьці. Хаця інфармацыя пра прарыў дывэрсантаў магла быць і чыстай правакацыяй ФСБ. Людзей, якія трапілі ў рукі ФСБ, могуць прымусіць «прызнавацца» ў чым заўгодна.

Тэрмін «тэрарызм», які ўжылі і ФСБ і Пуцін, мае зразумелага адрасата — Захад. Пасьля каскаду тэрактаў у шэрагу эўрапейскіх гарадоў Захад успрымае нават намёк на тэрор вельмі востра.

Але ў любым выпадку можна канстатаваць рэзкае абвастрэньне сытуацыі, якая ўскладняецца і тым, што значна больш інтэнсіўнымі сталі апошнім часам абстрэлы ў Данбасе.

Кажучы пра Беларусь, можна адзначыць, што гэтае абвастрэньне сытуацыі ўмацуе беларускія страхі, падвысіць у вачах насельніцтва каштоўнасьць таго, што ў Беларусі няма тэрарыстаў ні сапраўдных, ні нават уяўных, у пэўнай ступені адцягне ўвагу ад гаротнага стану айчыннай эканомікі.

Калі інцыдэнт перарасьце ў маштабныя баявыя сутыкненьні, дзеяньне гэтых фактараў яшчэ больш ўзмоцніцца. Аднак поўнамаштабная вайна за паўднёвай мяжой Беларусі будзе мець шмат іншых, куды больш небясьпечных наступстваў.

Карбалевіч: Цяжка адназначна сказаць, што там адбываецца на самай справе. Бо прызнаньні палонных — гэта ненадзейная крыніца інфармацыі. Пакуль незразумела, які бок — расейскі ці украінскі — мае рацыю.

Я толькі хацеў бы заўважыць, што можна падзеі ў Крыму трактаваць і так: дывэрсіі на акупаванай тэрыторыі ня ёсьць тэрарызм. Мы ж не называем дзеяньні беларускіх партызанаў на акупаванай тэрыторыі падчас Другой сусьветнай вайны тэрарызмам.

Але тут найбольш важна, што Пуцін, спасылаючыся на гэтыя падзеі ў Крыме, адмовіўся ад саміту ў «нармандзкім фармаце» па вырашэньні расейска-ўкраінскага канфлікту. Дарэчы, інфармацыя наконт гэтага саміту зьявілася пасьля візыту прэзыдэнта Ўкраіны Парашэнкі ў Францыю яшчэ ў чэрвені.

І галоўным пытаньнем было, як на прапанову адрэагуе Расея. Тады прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў заявіў, што пакуль Украіна не прадэманстравала прагрэсу ў выкананьні менскіх дамоўленасьцяў, то ў правядзеньні новага саміту няма сэнсу. Таму, думаю, Пуцін проста скарыстаў гэтую нагоду, каб адмовіцца ад удзелу ў гэтым саміце. Што лішні раз сьведчыць пра тое, што ў расейска-украінскіх адносінах склалася тупіковая сытуацыя. Гэта ўжо замарожаны канфлікт.

Дарэчы, гэты саміт плянавалася правесьці ня ў Менску. Гэта азначае, што Беларусь больш не зьяўляецца адзіным цэнтрам урэгуляваньня ўкраінскага крызысу

Глод: Як і бывае ў такіх выпадках, вэрсіі падзеяў кіраўніцтва дзьвюх краінаў цалкам супрацьлеглыя. Расея абвінавачвае Ўкраіну ў тэрарызме. Украіна называе гэтыя абвінавачаньні хлусьнёй. Мне цяжка сказаць, каму тут можна верыць. Але тое, што адбылося, калі яно сапраўды адбылося, мяне не зьдзівіла. Усё ішло да таго, што нешта мусіць здарыцца. Апошнім часам і ў Расеі, і ва Ўкраіне актывізаваліся сілы, якія хочуць вырашыць балючае пытаньне адным махам — рашучым наступленьнем. І ў Маскве, і ў Кіеве шмат каго не задавальняе тая больш-менш мірная сытуацыя, якая склалася. І расейскія, і ўкраінскія патрыёты, як яны сябе называюць, ня хочуць чакаць. Адным патрэбна канчаткова ўмацавацца на зямлі Ўкраіны, другім адбіць сваю тэрыторыю ад агрэсара. І тут іх інтарэсы супадаюць.

Крэмль традыцыйна ўзяў ініцыятыву на сябе. Хоць нечага новага і нечаканага ягоныя ідэолягі не прыдумалі. Чаму ўкраінскія ўлады пайшлі на такі крок? Адказ Пуціна можна было прагназаваць з дакладнасьцю на 99%: каб «адцягнуць увагу ўласнага народу ад гаротнага становішча ў эканоміцы». Але такую самую вэрсію можа з такой самай дакладнасьцю агучыць і Парашэнка. У расейскай эканоміцы справы не нашмат лепшыя.

А калі грошай не хапае, жыць цяжка, улады і шукаюць нешта такое, на што можна пераключыць усю увагу. Я глядзеў меркаваньні многіх экспэртаў. Усе яны кажуць, што цяпер ідзе падрыхтоўка да нейкіх маштабных дзеяньняў. Спрэчкі ўзьнікаюць толькі пра іх маштаб і формы. Хтосьці прагназуе поўнамаштабнае вайсковае ўварваньне з ужываньнем крылатых ракетаў і авіяцыі. Хтосьці лічыць, што да такога роўню справа ня дойдзе.

Важна адзначыць і надзвычай важнае зьнешнепалітычнае наступства апошніх падзеяў. Я маю на ўвазе заяву Пуціна пра тое, што цяпер «сустракацца ў нармандзкім фармаце бессэнсоўна». Што гэта азначае? Калі не сустракацца, то перамоўны працэс, які і так ідзе абы як, спыніцца зусім. У тое, што Крэмль пагодзіцца, напрыклад, на «швэйцарскі» фармат з удзелам Злучаных Штатаў, верыцца слаба. А на нейкі прарасейскі фармат, зразумела, ня дасьць згоду Парашэнка.

А як усё гэта паўплывае на Беларусь? Мне падаецца, гэта дрэнная навіна для Аляксандра Лукашэнкі. Калі менскі перамоўны працэс заглухне, гэта страта ачкоў для кіраўніка Беларусі. З другога боку, я цалкам пагаджаюся з Юрыем, што абвастрэньне сытуацыі ўмацуе беларускія страхі, падвысіць у вачах насельніцтва каштоўнасьць таго, што ў Беларусі няма тэрарыстаў. І гэта вельмі важна для ўладаў, бо і Лукашэнку, гэтаксама як Пуціну і Парашэнку, патрэбна «адцягнуць увагу ўласнага народу ад гаротнага становішча ў эканоміцы».

Дракахруст: Я б дадаў, што калі сытуацыя істотна абвастрыцца, калі гэта будуць баявыя дзеяньні, калі яны будуць суправаджацца адмовай ад перамоўнага працэсу, то Беларусі будзе складана працягваць сваю палітыку балянсаваньня. З Масквы проста зададуць пытаньне: з кім вы?

Зь іншага боку, у той сытуацыі гэтае балянсаваньне магчыма будзе мець меншую каштоўнасьць, вагу для Захаду. І з таго боку будзе зададзенае тое самае пытаньне, толькі ў іншай форме. Адказваць адначасна «з вамі» і адным і другім будзе значна больш складана, чым гэта атрымліваецца цяпер.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG