Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму курс беларускага рубля апошнім часам зьмяняецца сынхронна з расейскім? Абмяркоўваюць аналітыкі РС Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.

Глод: Фінансавыя аналітыкі заўважылі, што, пачынаючы ад сьнежня 2015 году, курс беларускага рубля да даляра пачаў паўтараць прывязку да таго самага даляра рубля расейскага. Да таго амаль паўтара года на фоне дэвальвацыі расейскага рубля да даляра беларускі рубель захоўваў сваю адносную стабільнасьць. Можна нават сказаць, што тады беларускі рубель не рэагаваў на хістаньні курсу свайго расейскага «брата».

Чаму ж тады ўжо дзявяты месяц запар беларускі рубель арыентуецца выключна на рубель расейскі? Экспэрты выказваюць дзьве магчымыя вэрсіі такога разьвіцьця сытуацыі. Магчыма, гэта ёсьць вынікам адміністрацыйнага ўказаньня Нацыянальнага банку Беларусі. Другі варыянт супрацьлеглы першаму — прывязка курсаў стала магчымай з прычыны лібэралізацыі рэжыму таргоў на Беларускай таварна-фондавай біржы.

Аднак пры любой з гэтых дзьвюх вэрсіяў аналітыкі падкрэсьліваюць агульнае — Беларусь, якая не зьяўляецца нафтаздабываючай краінай, істотна дэвальвавала свой рубель. Фактычна мы паўтарылі дзеяньні такіх нафтаздабываючых краін як Расея, Вэнэсуэла, Азэрбайджан, Казахстан і нават Нарвэгія.

Патлумачыць такія дзеяньні можна. Так, Беларусь за ўвесь год здабывае меней за два мільёны тон нафты, тым часам як Расея толькі за адзін дзень — дзесяць мільёнаў тон. Але ж беларусы купляюць у расейцаў штогод болей за 20 мільёнаў тон. І гатовыя купляць нават 25, бо трэба загружаць два нафтаперапрацоўчыя заводы — у Наваполацку і Мазыры.

Статыстыка цьвердзіць, што за мінулы год Беларусь зэканоміла на сырой расейскай нафце два мільярды даляраў. І хоць падзеньне коштаў на нафтапрадукты прывяло летась да страты трох мільярдаў, агульныя страты склалі адзін мільярд, што нельга назваць крытычнай сумай.

Аналітык Уладзімер Акуліч у адрозьненьне ад бальшыні сваіх калег, якія адзначаюць толькі дзьве ўжо названыя прычыны прывязкі беларускага рубля да расейскага, дадае яшчэ дзьве. Першая — прыйшло разуменьне таго, што ня ўдасца хутка перанакіраваць экспартную прадукцыю з расейскага рынку на рынкі іншых краін. Другая — Нацбанк Беларусі апошні год фактычна ня меў золатавалютных рэзэрваў, каб праводзіць сур’ёзныя інтэрвэнцыі і згладжваць надоўга ваганьні курсу.

У выніку — пад ціскам кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў, якія актыўна экспартуюць сваю прадукцыю, Нацбанк вымушаны быў пайсьці на такое ціхае згодніцтва, ня вытрымаўшы ціску з боку прамысловага лобі.

А наколькі вам, калегі, гэтыя аргумэнты бачацца пераканаўчымі?

Карбалевіч: Справа ў тым, што да 2015 году абменны курс беларускага рубля ня быў свабодны. Ён рэгуляваўся Нацбанкам, які ажыцьцяўляў валютную інтэрвэнцыю на валютна-фондавай біржы .

А з 2015 году абменны курс стаў свабодным, рынкавым, плаваючым. Беларускі рубель прывязан да кошыку з трох валют: даляра, эўра і расейскага рубля. Чаму даляр і і эўра — зразумела. Гэта сусьветныя валюты. Да таго ж, доля ЭЗ у беларускім замежным гандлі вялікая, на яго прыпадае каля 30% беларускага экспарту і пятая частка імпарту.

А чаму расейскі рубель у гэтым кошыку — таксама зразумела. Расея — галоўны гандлёвы партнэр Беларусі. На яе прыпадае каля 40% беларускага экспарту і больш за палову аб’ёму імпарту. Гэта звычайная практыка ў сьвеце, калі валюта адной краіны прывязана да валюты галоўнага гандлёвага партнэра.

Прычым доля расейскай валюты ў гэтым кошыку — 40%, то бок, большая, чым даляра і эўра. Таму лягічна, што хістаньні беларускага рубля ўсьлед за расейскім большыя, чым усьлед за далярам і эўра. А расейскі рубель хістаецца ўсьлед за сусьветнымі цэнамі на нафту. Ну і курс беларускага рубля, атрымоўваецца, ідзе сьледам за нафтавымі цэнамі. Мусіць, гэта доля ўсіх невялікіх краін — моцна залежаць ад замежнай каньюнктуры.

Дракахруст: Я згодны і з тым, што сказаў Валер, і з эканамістам Акулічам. Сапраўды галоўная прычына таго, што беларускі рубель так моцна прывязаны да расейскага, тлумачыцца адным словам — экспарт. Як толькі беларускі рубель адстае паводле свайго падзеньня ад падзеньня яго расейскага сабрата, то адразу ўзьнікаюць праблемы з экспартам.

І тут нават пры свабодным курсаўтварэньні ўсё роўна працуе наступны мэханізм. Расьце курс расейскага рубля, пры тым, што не расьце курс беларускага, але адразу падае экспарт. Ці ён адразу падае, ці пагаршаюцца ўмовы экспарту, пераглядаюцца экспартныя кантракты — вынік: беларусы атрымліваюць менш валютнай выручкі. Калі менш валютнай выручкі, меншая прапанова на біржы даляраў і расейскіх рублёў. Меншая прапанова — падае курс. І падае прыкладна да таго самага ўзроўню, на які перад тым упаў расейскі.

У дадзеным выпадку нават не абавязкова нейкіх адмысловых рашэньняў Нацбанку, гэта проста адбываецца шляхам працы рынкавага мэханізму. Хоць я не выключаю, што і Нацбанк у дадзеным выпадку можа паскараць гэты працэс карэкціроўкі, каб не ствараць праблемы для айчыннага экспарту.

Ну вось спадар Акуліч крыху звысока сказаў пра прамысловае лобі. Прамысловае лобі — гэта нацыянальная эканоміка, і калі няма збыту ў Расею, то куды падзенесься? Яны ў дадзеным выпадку дбаюць ня толькі пра свае крэслы, але і пра сваіх працаўнікоў.

Гэтая фактычная прывязка будзе яшчэ доўга. На пачатку гэтага году была прынятая ўрадавая праграма «трох трацінаў», паводле якой у ідэале да 2020 году павінная траціна гандлю прыпадаць на Расею, траціна — на Эўразьвяз і траціна — на трэція краіны. Траціна на Эўразьвяз яна і зараз ёсьць, а вось перанакіраваць ладную частку экспарту з Расеі на нейкія іншыя краіны, як мы ведаем, праблематычна, і, нягледзячы на ўсе высілкі і міністэрства замежных спраў, і іншых дзяржаўных і недзяржаўных структураў, кардынальнай перабудовы пакуль не атрымліваецца. А калі гандлёвая прывязка да Расеі, то адпаведна яна адбываецца і ў сфэры валютнай.

XS
SM
MD
LG