Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы вядомы сібірскі беларус запрашае на сустрэчу ў Менску


Алег Рудакоў і Воля Галанава
Алег Рудакоў і Воля Галанава

15 жніўня ў Літаратурным музэі Петруся Броўкі адбудзецца сустрэча з актывам моладзевай грамадзкай арганізацыі «Крывічы» з расейскага Іркуцку. Гэтая суполка беларусаў Сібіры існуе ад 1997 году і падтрымлівае цікаўнасьць да нацыянальнай культуры шматлікімі імпрэзамі.

«Крывічоў» прадставяць адзін з самых вядомых рупліўцаў беларушчыны за межамі краіны Алег Рудакоў, а таксама Воля Галанава, каардынатарка суполкі. Яны раскажуць пра жыцьцё іркуцкіх беларусаў, а таксама пакажуць відэасюжэты пра сьвяты, фэсты і экспэдыцыі, якія даюць уяўленьне пра дыяпазон дзейнасьці арганізацыі.

Падчас імпрэзы прэзэнтуюць вынікі этнаграфічных вандровак Алега Рудакова і Волі Галанавай па прыбайкальскіх вёсках, якія больш за 100 гадоў таму, у часе так званай аграрнай рэформы Сталыпіна, заснавалі беларусы.

У якасьці інтэрактыву з наведнікамі музэя госьці зьбіраюцца правесьці майстар-клясу беларускіх традыцыйных танцаў на падставе аўтэнтычнага матэрыялу з экспэдыцыяў і разам пасьпяваць народныя песьні.

Праекты, якія «Крывічы» рэалізуюць у Іркуцку, самыя разнастайныя. Гэта і студыя аўтэнтычных сьпеваў для дзяцей і моладзі, і студыя навучаньня бытавым і сярэднявечным народным танцам, і рамесная майстэрня.

Апроч таго, вядзецца навуковая дзейнасьць — вандроўкі ў месцы кампактнага пражываньня беларускіх перасяленцаў у Іркуцкую вобласьць, рэканструкцыя беларускіх народных абрадаў, якія зьбіраюць вялікую колькасьць гледачоў. У Іркуцку працуе асьветніцкі цэнтар «Беларуская хата» і бібліятэка «Беларускі кнігазбор».

Алег Рудакоў — заснавальнік і на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў нязьменны кіраўнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. У 2014 годзе напісаў заяву аб выхадзе са складу арганізацыі з прычыны несупадзеньня пазыцыяў з асобнымі сябрамі. Ад таго часу — актыўны ўдзельнік моладзевай арганізацыі «Крывічы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG