Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на 500 абвінаваўчых прысудаў — толькі 1 апраўдальны


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Вярхоўны суд Беларусі апублікаваў статыстыку прысудаў за першае паўгодзьдзе 2016 года: асуджаныя былі 22 018 чалавек, апраўданыя — 44.

З 44 апраўдальных прысудаў 7 тычыліся крымінальных спраў паводле арт. 153 КК (наўмыснае прычыненьне лёгкага цялеснага пашкоджаньня). Па чатыры чалавекі былі апраўданыя па справах паводле арт. 205 КК (крадзеж) і арт.189 КК (абраза).

За гэты час усяго ў Беларусі па крымінальных справах было вынесена 20 919 прысудаў, па якіх было асуджана 22 018 чалавек.

Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту, былы адвакат Гары Паганяйла ў камэнтары Свабодзе адзначыў, што такая статыстыка сьведчыць пра відавочны абвінаваўчы ўхіл прысудаў. А гэта ставіць пад сумнеў аб’ектыўнасьць беларускага правасудзьдзя.

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

«Мы даўно крытыкуем нашы суды за адсутнасьць апраўдальных прысудаў. Апраўдальныя прысуды — гэта паказчык дэмакратычнасьці правасудзьдзя, захаваньня прынцыпаў законнасьці і абгрунтаванасьці вынясеньня прысудаў.

А дадзеная статыстыка толькі пацьвярджае, што ў нас па-ранейшаму абвінаваўчы ўхіл у крымінальным правасудзьдзі, і з апраўдальнымі прысудамі мы сустракаемся вельмі рэдка. Казаць пры гэтым, што ў нас вельмі высакаякаснае папярэдняе сьледзтва і толькі пры даказанасьці віны справы накіроўваюцца ў суд — гэта, вядома, відавочнае словаблудзтва. Мы выдатна ведаем, хто працуе ў сьледзтве, мы цудоўна ведаем, як ажыцьцяўляецца пракурорскі нагляд за расьсьледаваньнем крымінальных спраў, ведаем, што ў нас процьма прыкладаў замоўных спраў, і ўсё гэта пракручваецца праз судовую сыстэму аж да Вярхоўнага суду. Таму казаць тут пра рэальнае правасудзьдзе проста не выпадае», — кажа праваабаронца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG