Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія ПАРЭ: Беларусь не ўлічыла ключавыя рэкамэндацыі па выбарах


Нядаўна прынятыя папраўкі ў беларускае выбарчае заканадаўства ня ўлічваюць ключавых рэкамэндацыяў міжнародных арганізацыяў, у тым ліку Вэнэцыянскай камісіі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве назіральнай місіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па выніках папярэдняга візыту ў Беларусь, перадае БелаПАН.

Як адзначаецца ў заяве, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году ў справаздачы ПАРЭ гаварылася: «Беларусі неабходна правесьці рэформу выбарчага заканадаўства, каб стварыць цалкам канкурэнтнае палітычнае асяродзьдзе, што ёсьць ключавой умовай для доўгатэрміновай дэмакратычнай стабільнасьці».

Дэлегацыя, якая наведала Менск, вітае працу міжведамаснай працоўнай групы, створанай у Беларусі ў лютым для паляпшэньня выбарчага працэсу, але пры гэтым адзначае, што ўсе рэкамэндацыі гэтай групы будуць разглядацца толькі пасьля правядзеньня парлямэнцкіх выбараў.

У траўні кіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла пра рашэньне прыняць некаторыя працэсуальныя зьмены з улікам рэкамэндацыяў міжнародных арганізацыяў. Гэта, у прыватнасьці, тычыцца працэдуры прызначэньня складаў выбарчых камісіяў, паляпшэньня магчымасьцяў для назіраньня за падлікам галасоў, гарантыяў для датэрміновага галасаваньня. Дэлегацыя ПАРЭ спадзяецца, што ўсе гэтыя рашэньні будуць цалкам выкананыя.

Прадстаўнікі апазыцыі на сустрэчы з дэлегацыяй ПАРЭ паведамілі, што падчас фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў толькі 53 з 514 вылучаных прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў былі ўключаныя ў склад камісіяў.

«Палітычна ўраўнаважаны склад камісіяў зьяўляецца ключавым фактарам для таго, каб павялічыць давер выбаршчыкаў да працэсу выбараў», — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца таксама, што, паводле словаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі, некаторыя кандыдаты не былі зарэгістраваныя з фармальных прычынаў. Выбарчы кодэкс Беларусі ня ўтрымлівае падрабязнага апісаньня працэдуры адбору і праверкі здадзеных подпісаў, у сувязі з чым прадстаўнікі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці выказваюць сумневы ў празрыстасьці і сумленнасьці гэтай працэдуры.

Місія ПАРЭ адзначае, што патрэбная празрыстасьць працэсу датэрміновага галасаваньня і падліку гэтых галасоў.

У заяве адзначаецца, што за месяц да даты галасаваньня (11 верасьня) выбарчая кампанія мала прыкметная.

Папярэдняя місія ПАРЭ на чале з Гізэлай Вурм наведала Беларусь 9–10 жніўня. У яе склад увайшлі прадстаўнікі Нарвэгіі, Чарнагорыі, Армэніі, Францыі, Польшчы і Італіі, у прыватнасьці спэцдакладчык ПАРЭ па Беларусі Андрэа Рыгоні. У верасьні місія ПАРЭ вернецца ў Беларусь назіраць за выбарамі непасрэдна ў дзень галасаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG