Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкая сымболіка – каляніяльнае кляймо на абліччы ўлады


Новая форма зборнай Беларусі па футболе
Новая форма зборнай Беларусі па футболе

У абодвух выпадках бээсэсэраўшчына – свая. Альбо свая радасьць, альбо свая бяда.

Да 1995-га чырвоны сьцяг, хоць з колеравымі ўстаўкамі, хоць бязь іх, асацыяваўся выключна з камуністамі і іх уладай. А пасьля 1995 году стаўленьне да ч-з сымболікі абнулілася. Яна пачала асацыявацца пэрсанальна з Лукашэнкам.

І тут утварылася падманка, бо гэтае «сваё» гора/радасьць – зробленае ў свой час на загад з Масквы і выдадзенае Крамлём як ярлык на пэўную аўтаномію.

Многія ўнутры Беларусі ўвесь час разглядалі барацьбу на ўзроўні сымбаляў як выключна ўнутраную справу: узурпатар улады VS нязгодныя. Мяркую, калі глядзець з Масквы, аспэкт будзе іншым.

Калі Расея даўно абвесьціла сябе афіцыйнай правапераемніцай СССР, лягічна, што «постсавецкая рэспубліка» пад сьцягам часткі СССР успрымаецца Крамлём як свая калёнія. А аднаўленьне Лукашэнкам савецкай сымболікі – знакам вяртаньня васала да сувэрэна.

Беручы ч-з як свае фамільныя колеры, Лукашэнка прасыгналізаваў аб прыняцьці ярлыка. Хай сабе сымбалічнага.

«Постсавецкая рэспубліка» – так апошнім часам называюць Беларусь расейскія шавіністы. Не дзяржава, не краіна, і нават ня проста «рэспубліка». У новай фармулёўцы ключавы корань – «савецк». То бок, «расейск» паводле правапераемнасьці.

Ня дзіва, што шавіністы адразу зрэагавалі на такі не зразумелы ў сьвеце, у тым ліку ў Расеі, факт – адсутнасьць зеляніны на новай форме нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі.

Можна і варта спрачацца пра творчы ўзровень выкананьня формы ці іміджавага роліка, але зацікаўленыя заўважылі гэты, здавалася б, маленькі нюансік – б-ч-б калярыстыку. Хоць мне часьцей сустракаліся камэнты з акцэнтам на арнамэнт, якім аздобленая форма. Але калі глядзець здалёк, будзе бачны адно б-ч-б.

Арнамэнт як неафіцыйны нацыянальны сымбаль, «які нас аб'ядноўвае і робіць унікальнымі», можа зайграць толькі без саветчыны.

У БССР арнамэнт быў на кожны кроку. У сваім фотаальбоме маю здымак, дзе я – першаклясьнік – адзеты ў кашулю з арнамэнтам.

Толькі ў БССР большасьць насельніцтва складалі сяляне, а калі намінальна гараджанаў стала болей, дэ-факта мэнтальнасьць у людзей заставалася сялянскай. Арнамэнт у БССР апэляваў не да нацыянальных, а да сацыяльных пачуцьцяў – да «народу». Дзе «народ» – асобная сацыяльная група, якой апякуецца дзяржава. А як цяпер?

Можна паразважаць, наколькі ўрбанізавалася насельніцтва Беларусі, наколькі перасталі спрацоўваць БССРаўскія коды. І адпаведна, наколькі дзяржава, то бок Лукашэнка, пачаў прабуксоўваць са сваім капіяваньнем савецкіх часоў.

У кожным разе відавочна, што ва ўмовах дэ-факта забароненых нацыянальных сымбаляў знайшлі кампраміс, які нечакана для многіх хутка апанаваў шырокія колы людзей, і быў перахоплены дзяржавай – арнамэнт. Які ў моладзі не асацыюецца зь вёскай-калгасам, і ў якім ня бачаць сацыяльнага матыву. А толькі нацыянальны.

Я ня раз чуў засьцярогі пра тое, што «дзяржава ўсё спаганіць», «дзяржава панатыкае на “вышыванкі” сваю зеляніну» і, маўляў, тым самым саб'е хвалю, затушыць нацыянальны рух зьнізу.

Сёньня «вышыванка» не працуе з саветчынай.

Таму, мяркую, колеравая частка бээсэсэраўскай сымболікі – зеляніна – адсутнічае на форме нацыянальнай зборнай. Гэта візуальная дэкалянізацыя візуальнай прасторы.

Нават калі па савецкай звычцы «расшыбаць лоб» і б-ч-б арнамэнтам залепяць усю краіну, гэта будзе азначаць не «перахапіць ініцыятыву ў беларусацэнтрычных актывістаў», а пазначыць сябе, сваю ўладу як невасальную.

Лукашэнка ў сваёй сутнасьці ня зьменіцца. Ён застанецца з кляймом савецкай сымболікі на сьвядомасьці. Сёньня важна іншае. Спачатку насуперак, а пасьля са згоды ўладаў, дэкалянізуецца сьвядомасьць беларусаў самых розных заняткаў і пасадаў. Гэта ўжо ня клюб па інтарэсах. Гэта ўжо па ТВ паказваюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG