Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас няма культуры ўжываньня стэйкаў». Чаму фэрмэрам нявыгадна прадаваць «мармуровую» ялавічыну ў Беларусі


У Беларусі ёсьць некалькі гаспадарак, дзе вырошчваюць «мармуровыя» пароды кароў. Але прадаваць жывёлу на мяса ім абсалютна нявыгадна. Амаль у два разы больш яны атрымаюць ад продажу каровы за мяжу ў якасьці племянной.

«„Мармуроваму“ мясу быць, — казаў Аляксандар Лукашэнка чатыры гады таму, калі наведваў Столінскі раён. — Сёньня велізарны попыт на такую прадукцыю ў Расеі. Таму займацца гэтым будзем, у нас зьнікае велізарная колькасьць угодзьдзяў. Трэба сваіх людзей прывучыць да нармальнага мяса і лішкі рэалізоўваць у Маскву».

Зусім пра іншае кажа Аляксандар Кузьменка, дырэктар ААТ «Тураўшчына». Падчас гастранамічнай экспэдыцыі* Свабода наведала ягоную гаспадарку, дзе гадуюць 1500 кароў «мармуровай» пароды «Лімузін». Каб мець зь іх прыбытак, Кузьменка вымушаны прадаваць кароў у Расею і Казахстан.

Аляксандар Кузьменка

Аляксандар Кузьменка

Больш за тое, сам тэрмін «мармуровае мяса» ён называе мітам, які не дазваляе прадаваць у Беларусі мяса элітных парод па высокіх коштах.

«„Мармуровага“ мяса насамрэч не існуе, — кажа Кузьменка. — Гэта проста міт, каб раскруціцца ў Беларусі».

Паводле ягоных слоў, у Францыі, дзе парода «Лімузін» адносіцца да самых элітных, кошт мяса вызначаюць па колеры і экалягічнай бясьпецы. У Беларусі ж працуе прынцып — «мармуровае» яно ці «немармуровае».

Кузьменка называе «мармуровым» мяса хворых жывёлаў. Каб яго атрымаць, за два месяцы да забою жывёлам пачынаюць даваць высокабялковы корм:

«Для прыроды гэта анамалія. Усё мармуровае мяса — гэта мяса хворай жывёлы».

Яшчэ праблема ў тым, што папярочна-паласатых цягліцаў, зь якіх можна зрабіць мармуровыя стэйкі, — 8% ад усяго аб’ёму мяса. Астатняе мяса перапрацоўчыя камбінаты купляюць як звычайнае. Хоць яно і нашмат лепшай якасьці.

«У Беларусі няма культуры спажываньня стэйкаў, мы яшчэ не адышлі ад сьвініны, — кажа Кузьменка. — Хоць ялавічына — самае карыснае мяса. Паводле некаторых пазыцыяў яна лепшая за бараніну».

Таму, каб мець прыбытак, беларускія фэрмэры прадаюць быкоў ды кароў як племянных за мяжу. Галоўным чынам — у Казахстан і Расею.

«У Беларусі не зацікаўленыя і ня могуць дазволіць сабе такое мяса, — кажа Кузьменка. — Ня кожны можа дазволіць сабе стэйк за мільён».

* Гастранамічныя экспэдыцыі арганізуе кампанія «Баржомі». Іх мэта — стварыць Гастранамічную мапу Беларусі, на якую нанясуць лепшыя беларускія прадукты.

XS
SM
MD
LG