Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыка вечнасьці і аднаго дня


Гадоў 15 таму, калі я заглянуў ва ўлюбёную музычную краму ў Празе, прадавачка ў аддзяленьні клясычнай музыкі была якраз паставіла нейкі дыск. Музыка была мэлядычная і, як некаторыя кажуць, даволі атмасфэрная. У мяне тады якраз быў пэрыяд захапленьня опэрамі, і я, мабыць, не зьвярнуў бы асаблівай увагі на гэты дыск, калі б не прагучала вось гэта:

Агаломшаны, я спачатку запытаўся ў прадавачкі, ці яна прадае гэты дыск, і толькі потым, што гэта за музыка.

Гэта быў дыск з запісамі музыкі грэцкай камазытаркі Элéні Караíндру да фільмаў грэцкага рэжысэра Тэодараса Ангелопуласа. Дыск быў выдадзены мюнхэнскай фонаграфічнай кампаніяй ECM, яшчэ ў 1991 годзе. Прэзэнтаваная мэлёдыя, «Ададжыё», паходзіць зь фільму Ангелопуласа «Краявід у тумане» з 1986 году.

Я тады купіў гэты дыск, і на працягу наступных некалькіх гадоў купляў усе дыскі, якія пазначаліся прозьвішчамі Караіндру і Ангелопуласа.

Караіндру нарадзілася ў 1941 годзе ў вёсцы ў цэнтральнай Грэцыі. У 1967 годзе, калі да ўлады ў краіне прыйшла вайсковая хунта, яна выехала ў Парыж, дзе працягвала сваю музычную адукацыю, распачатую ў Атэнах. У Парыжы яна грала з джазавымі музыкантамі і кампанавала поп-песьні. У 1974 вярнулася ў Атэны, дзе заснавала лябараторыю традыцыйных інструмэнтаў і пачала пісаць музыку да фільмаў. У 1982 годзе на музыку Элені Караіндру зьвярнуў увагу тады ўжо вядомы Тэодарас (Тэа) Ангелопулас і папрасіў яе пісаць для яго.

Караіндру напісала музыку да васьмі фільмаў Ангелопуласа. Вось песьня да першага зь іх, «Падарожжа на Кітыру» з 1984 году (у гэтым самым годзе фільм атрымаў «Залатую пальму» на фэстывалі ў Канах). Песьню ў джазавай аранжыроўцы амэрыканскага саксафаніста Чарлза Лойда выконвае вядомая грэцкая сьпявачка Марыя Фарантуры. Гэта жывы запіс з канцэрту, які група Лойда разам з Фарантуры дала на Акропалі ў чэрвені 2010 году.

Калі вам спадабаліся «Ададжыё» і песьня «Падарожжа на Кітыру», дык, я ўпэўнены, спадабаюцца і наступныя відэакліпы.

Вось вясельны вальс зь фільму «Падвешаны крок бусла» (1991). Музыка падкладзеная пад кадры з гэтага фільму, якія вельмі добра ілюструюць кінэматаграфічную паэтыку і стыль Ангелопуласа.

Пра фільмы Тэа Ангелопуласа запамінальна сказаў славуты амэрыканскі рэжысэр Марцін Скарсэзэ:

«Ангелопулас — майстэрскі кінэматаграфіст. Ён сапраўды разумее, як кантраляваць кадар... Агульны эфэкт у яго атрымліваецца гіпнатычны, усёахопны і глыбока эмацыйны».

На маю думку, вялікі ўклад у стварэньне гэтага эфэкту ў фільмах Ангелопуласа ўносіць і настальгічна-гіпнатычная музыка Караіндру.

Вось яшчэ адно відэа — тры мэлёдыі зь фільму «Вечнасьць і адзін дзень» («Залатая пальма» ў Канах у 1998). Відэа паходзіць з канцэрту Элені Караіндру (якая грае на піяніне на пачатку) з аркестрам у Атэнах у 2005 годзе. Аўдыёзапіс канцэрту быў выдадзены на падвойным дыску фірмы ECM.

А гэта — музыка зь фільму «Плакучы луг» («Залаты мядзьведзь» на фэстывалі ў Бэрліне ў 2004):

Незямная прыгажосьць, праўда? Па-мойму, гэта музыка, у якой зьмяшчаецца і вечнасьць, і адзін дзень, калі тут перафразаваць загаловак стужкі Тэодараса Ангелопуласа.

Усім тым, хто пасьля гэтай Музыкалкі «падсядзе» на мэлёдыі Элені Караіндру, я прапаную яшчэ запіс двухгадзіннага канцэрту з 2003 году, дзе ейную музыку выконваюць аркестар з салістамі, хор і сьпявачкі, і невялікі, але выдатны, джазавы гурт. І сама кампазытарка...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG