Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да перамогі над інфляцыяй яшчэ далёка», — эканаміст


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі паведаміў, што інфляцыя ў ліпені склала 0,4%. А ад пачатку году яна дасягнула 7,8%, пры заплянаваных урадам 12% на ўвесь 2016 год.

Гэтыя лічбы для Свабоды камэнтуе экспэрт Лібэральнага клюбу, эканаміст Антон Балточка:

«Хто ў нашай краіне адказвае за інфляцыю? Нацыянальны банк ня можа ўзяць на сябе цалкам гэтую функцыю з-за абмежаванасьці інструмэнтарыю. Таму тут, хутчэй, асноўны ўплыў мае былое Міністэрства гандлю, якое цяпер мае новую назву Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. На мой погляд, вынікі сямі месяцаў можна прызнаць нядрэннымі. Чаму?

Па-першае, Нацбанк, хоць і з абмежаванымі на гэтым кірунку магчымасьцямі, устрымліваецца ад таго, каб з дапамогай эмісійных крыніц даць штуршок росту цэнаў. Па-другое, існуюць палітычныя абмежаваньні, і іх улады пакуль прытрымліваюцца. Трэцяе — скарачаецца ўнутраны попыт насельніцтва, а значыць, гэты фактар таксама ўплывае на зьмяншэньне тэмпаў інфляцыі.

Што будзе далей? Калі лічыць, што ня будзе сур’ёзных зьнешніх фактараў уплыву (гэта найперш — цэны на нафту і курс расейскага рубля), то прагнозны паказьнік у 12% будзе выкананы. Я думаю, рэальна ён апынецца дзесьці ў межах 12,5 — 13%.

А калі казаць пра пляны на 2017 год, то трэба зрабіць усё, каб упершыню за многія гады велічыня інфляцыі ў Беларусі за адзін год вымяралася адназначнай, а не двухзначнай лічбай. Вось гэты паказьнік і стане па-сапраўднаму добрым.

Таму мае высновы такія: адносныя посьпехі ёсьць, але да перамогі яшчэ далёка».

XS
SM
MD
LG