Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вось проста цікава, думалася мне, што чакае на Алімпіядзе ў Рыё сьцяганосца беларускай каманды раварыста Васіля Кірыенку.

Ці спрацуе вядомае ў спартовым асяродзьдзі паданьне, што сьцяганосцы на Алімпійскіх Гульнях часта прыцягваюць да сябе няўдачы. Іншыя спартоўцы нават адмаўляюцца ад такой пачэснай ролі, будучы пэўныя, што ня варта дражніць лёс.

Што праўда, прыкладаў хапае розных, як станоўчых гэтак і адмоўных. Максім Мірны быў сьцяганосцам беларускай каманды ў Лёндане і ўзьняўся на Алімпійскі пік. Аляксей Грышын у Сочы сарваўся долу далёка на падыходзе да гэтага піку.

Але вернемся да Васіля Кірыенкі, якому небеспадстаўна прарочылі й плянавалі алімпійскі мэдаль. Кірыенка паказвае стабільна высокія вынікі, выступаючы за свой роварны клюб.

Але спаборніцтвы за прафэсійны клюб прынцыпова розьняцца ад спаборніцтваў на Алімпійскіх Гульнях – матывацыяй і атмасфэрай.

У клюбным чэмпіянаце ты спадзяесься й залежыш ад свайго майстэрства, падтрымкі выключна сваёй каманды і рэклямадаўцаў.

На Алімпіядзе ты залежыш ад падтрымкі свайго народу.

У першай групавой гонцы ў Рыё ў Кірыенкі не атрымалася. На шашы ён ці то ўпаў ды пашкодзіў руку, ці, як сам пазьней заяўляў, сышоў з дыстанцыі з-за паломкі каробкі перадач.

Як бы там ні было, але вынік сумны. Праклён сьцяганосца ў дзеяньні?..

Пажывем пабачым, але вернемся на пярэдадзень Алімпійскіх Гульняў.

Адразу пасьля прызначэньня Кірыенкі на ролю сьцяганосца інтэрнэт выбухнуў абуранай рэакцыяй, бо цікаўныя карыстальнікі знайшлі выказваньні сьцяганосца беларускай алімпійскай каманды наконт беларускай мовы, што разышліся па сацыяльных сетках.

Васіль Кірыенка ў інтэрвію Радыё Свабода:

«У мяне супярэчлівае стаўленьне да беларускай мовы..., — гаворыць Кірыенка. — Справа ў тым, што большую частку часу я знаходжуся ў Іспаніі, акурат на мяжы з Краінай Баскаў. Яна афіцыйна не існуе як адміністрацыйная адзінка, але жыхары лічаць інакш: усяляк адмяжоўваюцца ад іспанскай апекі, гавораць на сваёй мове. Дык вось мне цікавей было б ведаць іхную мову эўскера, чым сваю, беларускую. Чаму? Таму што, прабачце, можа каго пакрыўджу, але беларуская мова — не жывая; гэта мёртвая мова, на якой практычна ніхто не размаўляе. Яе, як лічу, у прымусовым парадку навязваюць, прыкладам, прымушаюць вывучаць маю дачку. Я, па вялікім рахунку, супраць гэтага. І калі мяне запытаюць — ці трэба так рабіць — адкажу: канечне, не!»

Што называецца, без камэнтароў...

Але мяне цікавіць іншае. Алімпіяда – турнір, як ніякі іншы, камандны. Камандны ня толькі ў сэнсе каманды спартовай, але ў сэнсе больш шырокім, каманды твайго народа, тваёй нацыі. І рэч не ў агульным мэдалёвым заліку, але ў прэзэнтацыі свайго народу й гонару за сваю краіну.

Для дасягненьня посьпеху на гэтым турніры патрабуецца выключная канцэнтрацыя, сіла духу, удача, якія наўпрост залежаць ад энэргетычнага падмацунку ад шматлікіх заўзятараў на трыбунах і каля тэлеэкранаў, якія перажываюць за спартоўца, бо адчуваюць яго часткай сябе, сваёй краіны, сваёй радзімы.

Ці мае разьлічваць Васіль Кірыенка пасьля такіх словаў на гэтую падтрымку – пытаньне рытарычнае.

Чалавек, які дасягнуў за сваю кар'еру такіх вынікаў, як Сяргей Кірыенка, па вызначэньні ня можа быць глупым. Мне здаецца, ён папросту ня свой.

Якім бы ні быў беларус расейскамоўным, але ёсьць рэчы, якія ён не даруе, хоць і нічога ня скажа публічна. Абраза мовы з гэтае катэгорыі.

Беларус папросту разамкне ланцужок энэргіі, які лучыць яго, заўзятара, са спартоўцам, бо зразумее, што гэта – ня свой.

Гэта не адзіная гонка Кірыенкі на Алімпіядзе ў Рыё, 10 жніўня ён мае браць удзел у разьдзельнай гонцы, у якой на дадзены момант зьяўляецца чэмпіёнам сьвету. Калі і ў гэтай гонцы ў Кірыенкі зноў паляціць каробка перадач ці ня хопіць моцы на фінішны спурт, ці нязручна падвернецца камень пад кола, гэта будзе сьведчыць не пра праклён сьцяганосца. Гэта будзе сьведчыць пра тое, што ягоны энэргетычны беларускі ланцужок разарваны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG