Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія формы можа прыняць аднаўленьне адносінаў паміж Турэччынай і Расеяй, ці магчымы паварот Анкары на Ўсход, якія шанцы на кампраміс у Сырыі паміж Турэччынай, Расеяй і Іранам?

Дракахруст: Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган сёньня ў Санкт-Пецярбургу сустракаецца з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Адносіны паміж Турэччынай і Расеяй аднаўляюцца надзвычай імкліва. Ці даўно пасьля зьбіцьця расейскага самалёта СМІ і сацыяльныя сеткі абедзьвюх краінаў ажно заходзіліся ад узаемнай нянавісьці, ці даўно сам Пуцін абвінавачваў Эрдагана ў гандлі нафтай з «Ісламскай дзяржавай» і іншых злачынствах.

Усё імгненна забытае, расейскія турысты шырокім патокам ізноў едуць на турэцкія пляжы, турэцкія тавары вяртаюцца ў Расею.

У інтэрвію ТАСС напярэдадні візыту ў Санкт-Пецярбург Эрдаган назваў Пуціна «сябрам» (як хутка пасьпелі пасябраваць).

Але так выглядае, што адносіны ня проста вяртаюцца на ранейшы ўзровень, яны могуць стаць больш глыбокімі і стратэгічнымі, чым былі. Яшчэ да замірэньня з Масквой істотна пагоршыліся адносіны Турэччыны з Захадам, з Эўразьвязам і ЗША. Уласна гэта і было адным з матываў замірэньня. Анкара незадаволеная тым, як Эўразьвяз выконвае сваю частку пагадненьня аб уцекачах.

Істотна алею ў агонь падліў няўдалы вайсковы пераварот у Турэччыне. Анкара патрабуе ад ЗША выдаць прапаведніка Гюлена, якога лічыць галоўным натхняльнікам і арганізатарам перавароту, Вашынгтон адмаўляецца.

Масавыя рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Турэччыне супраць сапраўдных і ўяўных удзельнікаў перавароту, выклікалі вострую крытыку з боку Эўразьвязу і адпаведна далейшае пагаршэньне адносінаў паміж ім і Турэччынай.

У гэтай сытуацыі наагул ня выключаны вялікі стратэгічны паварот Турэччыны да Ўсходу ў шырокім сэнсе, і да Расеі ў тым ліку.

Ну паварот не паварот, але важныя крокі, якія будуць мець далекасяжныя наступствы, ужо анансаваныя тым самым Эрдаганам.

У прыгаданым інтэрвію ТАСС ён паведаміў, што Анкара і Масква маюць намер аднавіць праект газаправоду «Турэцкі паток». Праект быў замарожаны ў сьнежні летась пасьля інцыдэнту са зьбітым расейскім самалётам. Яго рэалізацыя стане моцным ударам па пазыцыях Украіны як транзіцёра расейскага газу, аслабіць яе пазыцыі на перамовах з Масквой наконт цаны за перапампоўваньне газу ў Эўропу.

Ня выключана, што Турэччына крута памяняе фронт, зрабіўшы пэўныя разьмены з Асадам, Расеяй і Іранам.

Але «Турэцкі паток» — гэта як бы аднаўленьне мінулага. Аднак экспэрты прадказваюць і магчымую кардынальную зьмену пазыцыі Анкары ў сырыйскім канфлікце. Турэччына доўгі час была там апанэнтам рэжыму Башара Асада, з-за чаго ўласна і адбыўся інцыдэнт з самалётам. Але ў іх ёсьць і агульныя інтарэсы, найперш гэта супрацьстаяньне курдам, якія ваююць і з Асадам, і з Турэччынай. З курдамі мае даўнія і добрыя адносіны Расея, уласна перасьцярогі, што Масква пачне гуляць курдзкай картай усур’ёз, і былі адным з матываў, па якіх Турэччына пайшла на замірэньне з Расеяй.

Ня выключана, што Турэччына крута памяняе фронт, зрабіўшы пэўныя разьмены з Асадам, Расеяй і Іранам. Да апошняга часу Тэгеран і Анкара былі супернікамі ў Сырыі, але хіба немагчымы кампраміс? І ці выпадкова літаральна ўчора, перад сустрэчай з Эрдаганам, Пуцін лятаў у Баку, дзе сустракаўся з прэзыдэнтамі Азэрбайджану Альхамам Аліевым і Ірану Хасанам Рухані.

Магчыма, расейскі прэзыдэнт адыграе ролю пасярэдніка ў вялікай зьдзелцы паміж Турэччынай і Іранам. Асад, Тэгеран, Масква і Анкара, якія гуляюць у Сырыі на адным баку — такая канфігурацыя кардынальна зьменіць сытуацыю ў гэтай краіне. Прычым, зьменіць не на карысьць Захаду і яго саюзьнікаў у Сырыі.

Глод: Я хачу, Юры, перахапіць у вас эстафэтную палачку і засяродзіцца на міжнародным аспэкце сёньняшняй сустрэчы Эрдагана і Пуціна. Мне падаецца, што яна выходзіць за межы толькі турэцка-расейскіх дачыненьняў. На яе трэба глядзяць і як на важны элемэнт пабудовы міжнароднай сыстэмы, якая арыентуецца на Блізкі Ўсход, Паўночную Афрыку і Эўразію. Менавіта з-за гэтага Турэччына і сутыкнулася з «інцыдэнтам 15 ліпеня».

Расея вельмі марыць, што аднойчы Анкара спаліць масты з Вашынгтонам і Брусэлем.

З аднаго боку, Турэччына — саюзьнік ЗША, яе войскі — адны з найлепшых ва ўсім НАТО, яна падтрымлівае, хоць і складаныя, але ўстойлівыя сувязі з Эўразьвязам. На другім баку існуе Расея, якая вельмі марыць, што аднойчы Анкара спаліць масты з Вашынгтонам і Брусэлем. І тады зразумела, куды яна рушыць — у Эўразійскі блёк, Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, БРІКС. Для ЗША і Эўразьвязу гэта стане велізарнай стратай. Для Расеі і Кітаю — велізарным набыцьцём.

Але, падобна, што Эрдаган ужо марыць пра большае. Турэцкія палітыкі, падкрэсьліваючы, што іх краіна не атрымлівае ні найменшай дапамогі ад Эўрапейскага Зьвязу, ужо кажуць, што «Турэччыне карысна знайсьці такую формулу, якая ахопіць Расейскую Фэдэрацыю і Іран». А некаторыя дадаюць да гэтых краінаў яшчэ Кітай і Сырыю. І падобна, што Эрдаган зь ягонымі амбіцыямі бачыць у цэнтры новай геапалітычнай пабудовы не Маскву і не Пэкін, а менавіта Анкару. Так што тут, я думаю, пачынаецца вельмі буйная гульня.

Зразумела, што кожны ў гэтай гульні будзе спрабаваць перахітрыць іншых. А тое, на чым будзе будавацца часовае адзінства, называюць «дугой Дугіна» — вядомага расейскага шавіністычнага навукоўца. Ягоная галоўная ідэя — яднаньне «эўразійцаў» у процівагу «дыктату» ЗША, трансатлянтызму і лібэральнаму Захаду.

Пакуль жа з Масквы падкідваецца такая ідэя: калі Нямеччына і Францыя зьяўляюцца двума лідэрамі ў Эўразьвязе, то чаму б Турэччыне і Расеі ня стаць такімі самымі звышдзяржавамі ў Эўразійскім саюзе? Кажуць, што менавіта Дугін і прыдумаў падставу для прымірэньня Эрдагана і Пуціна — маўляў, турэцкі лётчык зьбіў расейскі самалёт без дазволу турэцкага лідэра.

Так што будзе цікава паназіраць, што атрымаецца з восі «Масква — Анкара» і якая з гэтых дзьвюх сталіц перахітрыць другую. А можа, як даволі часта бывае, пераможцам тут стане нехта іншы. Напрыклад, Пэкін?

Цыганкоў: Цікава будзе паглядзець сёньня расейскую прэсу, тыя самыя выданьні, якія пырскалі злосьцю на адрас Турэччыны пасьля таго, як быў зьбіты расейскі самалёт, калі расейска-турэцкія адносіны былі проста на мінімуме свайго падзеньня, калі прымаліся санкцыі, забаранялася расейцам ехаць туды на адпачынак і г. д. Сёньня тыя самыя выданьні і, магчыма,тыя самыя аўтары будуць казаць з захапленьнем пра непарушную расейска-турэцкую дружбу і агульную еднасьць у сусьветнай геапалітыцы.

У Расеі і Турэччыны сапраўды назіраецца ідэйная еднасьць — бо тут яднаюцца ідэалягічна блізкія аўтакратыі. Турэччына цяпер вялікімі крокамі ідзе ад больш-менш дэмакратычнай дзяржавы да аўтарытарнага рэжыму.

Я думаю, эўрапейцы глядзяць цяпер на тое, што робіцца ў Турэччыне, і думаюць — і гэтых людзей мы запрашалі ў Эўразьвяз?

Стратэгічны паварот Турэччыны на Ўсход я не адхіляю. Нядаўна бачыў лічбы, што колькасьць турэцкіх грамадзянаў, якія хочуць уступленьня краіны ў Эўразьвяз, зьнізілася з 75% некалькі гадоў таму да цяперашніх 20%. І гэта было яшчэ да спробы путчу.

Я думаю, эўрапейцы (як палітыкі, гэтак і звычайныя грамадзяне) глядзяць цяпер на тое, што робіцца ў Турэччыне, і думаюць — і гэтых людзей мы запрашалі ў Эўразьвяз?

Чым бы ні скончылася тое, што адбываецца цяпер у Турэччыне — думаю, моцная засечка ў галаве эўрапейцаў ужо застанецца надоўга. 60 тысяч арыштаваных, разгром кнігарняў, катаваньні, намер вярнуць сьмяротную кару — усё гэта рэальна ўражвае і надоўга застанецца ў памяці эўрапейскіх палітыкаў.

Мяркую, пытаньне пра рэальнае ўступленьне Турэччыны ў Эўразьвяз пераносіцца на гады і нават дзесяцігодзьдзі. І таму Анкара думае: калі мы і самі ня хочам і нас там не прымаюць, трэба паварочвацца на Ўсход.

Але менш верагодным мне ўяўляецца сырыйскі сцэнар усеагульнага замірэньня. Тое, што Асад, Масква, Анкара і Іран будуць дзейнічаць разам — вельмі малаімаверна, паколькі якая б ні была канкрэтная сытуацыя, Турэччына і Іран зьяўляюцца галоўнымі супернікамі ў гэтым рэгіёне. У лепшым выпадку паміж імі будуць адносіны «халоднага міру».

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG