Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская эміграцыя, нягледзячы на ўсе намаганьні Натальлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча, застаецца як бы прыцененай сфэрай бытаваньня культуры, палітыкі, журналістыкі. Яно й зразумела, у каго цяпер ляжыць падшыўка «Бацькаўшчыны» ці «Беларуса», кніжкі, газэты, часопісы. Я ўжо не кажу пра аўдыёфайлы зь перадачамі беларускага «дэску» Радыё Вызваленьне за некалькі паваенных дзесяцігодзьдзяў. Вось жа, калі ўзяць кожную з гэтых сфэраў, ва ўсіх знойдзецца багдановіцкі «сьветлы сьлед» Янкі Запрудніка.

Да нядаўняга часу ён быў найбольш вядомы як аўтар кнігі «Дванаццатка». Але сталі вядомыя і дэталі. Найперш, калі ў №33 «Запісаў БІНІМ» выйшла перапіска Запрудніка зь Міколам Абрамчыкам, потым, калі ў выдавецтве «Лімарыюс» пабачыў сьвет том «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны. Мае лісты 1952-1959», і нарэшце сёлета, напярэдадні 90-х угодкаў доктара Запрудніка знайшліся магчымасьці выдаць адмысловы нумар «Запісаў БІНІМ» і кнігу «Кантакты», дзе сабралася ладная частка прыватнага архіву.

Можна сабе ўявіць, колькі б аддалі ў свой час за гэтыя паперы супрацоўнікі ведамстваў Андропава й Сямічаснага. Цяпер жа, калі СССР (як той Картаген) разбураны, гэта толькі частка паваеннай гісторыі.

Жыцьцё пад саветамі, вучоба, Саюз беларускай моладзі, раптоўны ад'езд у Нямеччыну, беларускія лягеры ўцекачоў у Рэгенсбургу і Міхельсорфе, гімназія імя Янкі Купалы, скаўцкі рух, урэшце выезд на шахты ў Вялікабрытанію – усё гэта 1940-я Янкі Запрудніка.

«Жыўшы сямёх у пасёлку, здаралася, што мы езьдзілі разам і на начную шахту. Падбіраў нас аўтобус, якім карысталіся таксама шахцёры-ангельцы. Аднаго разу мы надумаліся “пачаставаць” іх беларускай песьняй. Зацягнулі “Ты чырвоная каліна”. Як жа яна спадабалася нашай “аўдыторыі”. Выбухнулі воплескі й просьбы: “Please, sing some more!” Прасіць нас доўга ня трэба было. Мы грымнулі застольную: “Жыцьцё наша быццам чаўны сярод мора”. А далей паплылі: “Ой, арол ты арол”, “Люблю наш край”, прахахатала “Баба Еўка”» – дванаццаць беларусаў-выгнанцаў едуць начным аўтобусам на працу ў вугальную шахту і сьпяваюць ангельскім прыяцелям беларускія песьні. У спадзеве на лепшае.

Кожны з «дванаццаткі» зьвязаны мушкецёрскай дамовай пра ўзаемную дапамогу і працу на карысьць Беларусі – вольныя грошы і час ідуць на выданьне свайго часопісу «Наперад». Спадзеў на лепшае неўзабаве апраўдваецца: нягледзячы на тое, што праграмы Каліноўскага яшчэ не было, Барыс Рагуля і Робэрт ван Коўэлярт едуць у Ватыкан, сустракаюцца з кардыналамі і Папам Рымскім Піем XII, а ў выніку «Дванаццатка» і Янка Запруднік разам зь ёй пераяжджае з ангельскай шахты наўпрост у Бэльгію, на стыпэндыі Лювэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту. Вучоба, беларускія канцэрты ў Вэстмінстэрскім абацтве, царкоўныя хоры, студэнцкія зьвязы, ізноў часопіс, першая курыца ў яблычным сочыве, Парыж – усё гэта 1950-я Янкі Запрудніка.

«Свабода» – на ёй Запруднік адпрацуе ледзь не з дня заснаваньня і аж да 1991 году. Яна цалкам магла быць і безь беларускага «дэску», і хто ведае, ці быў бы ён цяпер, калі б не звышэнэргічнасьць Рады БНР і найперш прэзыдэнта Міколы Абрамчыка. Да канца 1940-х і на пачатак 1950-х Абрамчык, а разам зь ім і Рада, сталася адным з найбольш прыкметных дзейнікаў сусьветнага (безь перабольшаньня) антыкамуністычнага руху. Абрамчык кіраваў адразу некалькімі міжнароднымі асацыяцыямі, шчыльна і на роўных кантактаваў з амэрыканскімі чыноўнікамі, якія яшчэ за пару год перад тым вельмі цьмяна ўяўлялі сабе, дзе тая Беларусь знаходзіцца і ці ня частка гэта «вялікай Расеі» (у чым амэрыканцаў запэўнівалі аж з часоў эміграцыі Белай арміі). Тым ня менш, неўзабаве беларусы адказвалі за нерасейскі блёк паняволеных народаў у Амэрыканскім камітэце вызваленьня ад бальшавізму, на поўных правах стварылася ў 1954 годзе Беларуская рэдакцыя Радыё «Вызваленьне», а прыкладна ў гэты ж час у амэрыканскім сэнаце было пастаўлена пытаньне пра адкрыцьцё амбасадаў ЗША ў Менску і Кіеве, каб аслабіць уплыў Масквы на самастойныя рэспублікі.

Невядома, кім і калі будзе напісаная гэтая кніга – пра заснаваньне і першыя дзесяцігодзьдзі працы беларускай «Свабоды». Шмат там будзе месцаў, якія неадменна захочацца выразаць рэдактару, што будзе ў клопаце пра белыя каўнерыкі беларускіх нацыяналістаў. І аднак жа рушыў гэты карабель, і дагэтуль «у блакітным моры плыве»… Дзе прэзыдэнт БНР Абрамчык быў бескампрамісны, там Запруднік ішоў на саступкі. Ярка гэта праявілася ў канфлікце з шматгадовым дырэктарам беларускай «Свабоды» Масеем Сяднёвым і палітычным «адвайзэрам» Герусам. Дзякуючы Абрамчыку, удалося заснаваць «Свабоду» і зьяднаць яе з канцэптам БНР. Можна сказаць, што ў тым ліку дзякуючы дыплямату-Запрудніку ўдалося яе захаваць ад разбурэньня й зьнікненьня.

СБМ-аўцу, шахцёру, паэту Запрудніку давялося ўвайсьці ў «найвышэйшыя слаі атмасфэры», дзе вяршыліся бітвы Халоднай вайны. Няхай ня быў ён у той вайне генэралам, а лейтэнантам, але, з апублікаванага цяпер ліставаньня, відавочна, якую колькасьць непад’ёмных даручэньняў Абрамчыка і ўласных ініцыятыў выконваў Запруднік – адначасова з працай у Радзе БНР, на Радыё, друкам артыкулаў у «Бацькаўшчыне», а потым, ужо ў Амэрыцы, рэдагуючы газэту «Беларус», пішучы доктарскую дысэртацыю, працуючы ў БІНІМе, у фундацыі Пётры Крэчэўскага...

Сёньня чытаеш гэта ўсё і думаеш, што цяпер, такой невялікай грамадкай, падняць сувымерны аб’ём працы проста немагчыма. Такое адчуваньне, што паваенная хваля эміграцыі – Антон Адамовіч, Натальля Арсеньнева, Станіслаў Станкевіч, Вітаўт Тумаш і маладзейшыя Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель – зробленая была зь нейкага іншага цеста, амаль з антычнага міталягічнага матэрыялу. І быў цэнтар, і адчуваўся ён усёй дыяспарай, і ляцелі ў Н’ю-Ёрк, Саўт-Рывер і Мюнхэн літаральна тысячы лістоў з усяго сьвету. Лявон Юрэвіч у кнізе «Кантакты», прысьвечанай Янку Запрудніку, называе юбіляра «брамнікам», на долю якога выпала прымаць з усіх бакоў удары. Дадаў бы, што часам была і гульня ў абароне, і ў цэнтры поля і вострыя атакі, і нават судзейства з трэнэрскай працай. Такая доля лідэраў.

«Трэба жыць, трэба вечна чагось спадзявацца» – доктар Запруднік любіць паўтараць гэтыя радкі зь верша Натальлі Арсеньневай. Але і ветліва папраўляе: «вечна чагось дабівацца». Акінуўшы вокам усё зробленае юбілярам, бачыш, што і беларусы могуць і ўмеюць перамагаць. І ад гэтага неяк весялей глядзець у беларускую будучыню.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG