Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль «Бандэрштат»: сьвята ўкраінскага духу і зь беларускімі сьцягамі


Ва ўкраінскім горадзе Луцк адбыўся юбілейны дзясяты фэстываль украінскага духу «Бандэрштат».

За дзесяць гадоў ён стаў галоўнай арт-візытоўкай ня толькі Валыні, а і Ўкраіны наагул. За сваю гісторыю фэстываль пашырыў і сваю аўдыторыю, і тэматыку, і колькасьць пляцовак.

Кожны год, як сьведчаць арганізатары фэстывалю, у ім бяруць удзел і беларускія гурты. Сёлета для ўкраінцаў сьпявалі Brutto і Міхалок, і ўкраінскія — «Браты Гадзюкіны», «ТАРТАК», O.TORVALD, Джамала, «Гайдамакі» і яшчэ больш за 30 гуртоў і выканаўцаў.

«Штогод абавязкова выступае беларускі гурт. Маўзэр, Заточка. Хто будзе ў наступным годзе — невядома пакуль», — кажа вядоўца канцэртнай пляцоўкі «Бандэрштату» Вікторыя Жукоўская.

Сёлета яна на адкрыцьці фэстывалю была апранутая ў вышытую бела-чырвоную сукенку паводле беларускіх матываў.

Вікторыя Жукоўская
Вікторыя Жукоўская

«Я спэцыяльна заплянавала гэтую сукенку на адкрыцьцё фэстывалю. Гэта ўкраінскі вытворца адзеньня NENKA», — пахвалілася Вікторыя. Верагодна, вытворца выкарыстаў гэтак званую палескую вышыўку, якая сустракаецца аднолькава часта, як у Беларусі, гэтак і ва Ўкраіне.

Фэномэн усё большай колькасьці прысутных беларусаў на фэстывалі Вікторыя Жукоўская тлумачыць ня толькі іх цікаўнасьцю да ўкраінскага мастацтва:

«На жаль, на сваёй Радзіме беларусы маюць ня так шмат фэстываляў. Яшчэ адзін факт — звычайна вельмі шмат беларусаў едуць менавіта на выступ Brutto, у якім бы ўкраінскім горадзе гэта ні адбывалася. Сяброў тут вельмі любяць і заўсёды добра сустракаюць. Гэта ў асноўным хлопцы. А нашы дзяўчаты іх любяць. Сёлета беларусы за свой кошт пашылі больш за 100 бела-чырвона-белых сьцягоў і раздавалі на фэстывалі. І мне адзін сьцяг падаравалі. Таму ў мяне дома цяпер на сьцяне побач зь сіне-жоўтым ёсьць і сьцяг Беларусі».

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Паводле назіраньняў Вікторыі, беларусы больш усьміхаюцца, чым украінцы:

«Напэўна, нашы людзі ўжо трохі расьпешчаныя ў фэстывальным пляне, а беларусы спрабуюць патрапіць на кожную гутарку, на кожнае мерапрыемства і на кожнае выступленьне», — сьцьвярджае яна.

Пэўны час таму «Бандэрштат» нават ва Ўкраіне называлі «фашысцкім» фэстывалем. Але гэтыя легенды былі хутка разьвеяныя: на тэрыторыі наведнікі і ўдзельнікі вольна размаўлялі расейскаю моваю. У свой час Бандэрштатам нефармальна і жартаўліва называлі Львоў, а сам нэалягізм масава падхапілі пасьля выхаду ў 1991 годзе кружэлкі рок-гурту «Браты Гадзюкіны» пад назвай «Мы — хлопцы з Бандэрштату», дзе музыкі выканалі аднайменную песьню.

Кіраўнік мастацкага аб’яднаньня «Апошняя барыкада», украінскі палітык і грамадзкі дзеяч Алесь Даній распавёў Радыё Свабода, як фэстываль стаў маштабнай зьявай для краіны:

«Фэстываль «Бандэрштат» арганізуе патрыятычная арганізацыя «Нацыянальны альянс». Гэта моладзевая структура, якая базуецца як раз на Валыні, хоць мáе свае аддзяленьні і ў іншых абласьцях, у прыватнасьці, у Жытоміры, Кіеве, Чаркасах. Я як ганаровы ўдзельнік «Нацыянальнага альянсу» магу сказаць, што маладыя хлопцы, якія ўваходзяць у гэтую структуру — вельмі ідэйныя і дзейныя.

Адна з формаў патрыятычнага выхаваньня моладзі, якую яны паставілі перад сабой як мэту — арганізацыя фэстывальнага руху. Першы і вялікі, але не адзіны такі фэстываль — «Бандэрштат». Ён найбольш вядомы і пасьпяховы, адбываецца ў Луцку. З наступнага году ёсьць ідэя яго перабазаваньня ў Кіеў ці пад Кіеў.

Але чаму я кажу, што гэта не адзінкавы факт? Таму што, напрыклад, сёлета адбыўся яшчэ фэстываль «Халодны Яр» на Чаркашчыне і гэтак жа быў арганізаваны прадстаўнікамі «Нацыянальнага альянсу». Гэта сьведчаньне, што яны бяруць гэтую тэхналёгію для таго, каб данесьці сваю ідэю. Пад Жытомірам у свой час гэтак жа сябрамі гэтай арганізацыі быў арганізаваны фэстываль «Жытомірская барыкада». Яны ладзяць розныя патрыятычныя спаборніцтвы ў лясах Валыні, а найбольш вядомай акцыяй гэтай арганізацыі зьяўляецца, бясспрэчна, фэстываль «Бандэрштат», таму што ён прыцягвае ўвагу моладзі з усёй Украіны, якая едзе паслухаць не толькі добрую музыку, а й каб пагутарыць паміж сабой і паслухаць вядомых людзей.

На фэстывалі практыкуюцца гэтак званыя «гутаркі», то бок адкрытыя лекцыі пад адкрытым небам вядомых журналістаў, пісьменьнікаў, палітыкаў. Там удзельнічалі людзі з досыць рознымі палітычнымі сьветапоглядамі, але заўсёды з выразным нацыянальна-патрыятычным накірункам. Гэта маглі быць, напрыклад, вядомы пісьменьнік Васіль Шкляр ці журналіст Майкл Шчур, то бок людзі могуць быць розныя, але тыя, якія дзейнічаюць у патрыятычным руху.

Варта адзначыць, чым яшчэ, акрамя назвы і патрыятычнага кірунку, вызначаецца фэстываль. Ён дэкляруе адмову ад шкодных звычак, барацьбу за здаровы лад жыцьця. Гэта адзін зь нямногіх фэстываляў, на тэрыторыі якога забаронена ўжываньне алькагольных напояў — за гэтым заўсёды пільна сочыць ахова. Ну і вядома — якасная музычная частка, якасная літаратурная частка. Наяўнасьць на фэстывалях музычна-літаратурных сцэн выразна адрозьнівае Ўкраіну ад іншых эўрапейскіх краін.

Варта сказаць, што ў фэстывалю ёсьць прыхільнікі ня толькі сярод наведнікаў, але і сярод тых, хто выступае. Як адзін з арганізатараў — гурт «Фіялет» і ягоны лідэр Сяргей Мартынюк, стала ўдзельнічае Сашко Палажынскі, гурт «Тартак». Але бываюць і досыць кантравэрсійныя асобы. Напрыклад, у свой час была дыскусія, ці пускаць на фэстываль Кузьму Скрабіна. Тады яна была вырашаная станоўча і ён выступаў на гэтым фэстывалі. То бок аргкамітэт праводзіць дыскусіі штогод па пытаньні, каго запрашаць на музычную сцэну і каго — на гутаркі. Фэстываль цяпер разрастаецца, на яго едзе патрыятычная моладзь з усёй Украіны.

Чаму беларусы ўсё больш наведваюць гэты фэст? Беларусы наведваюць ня толькі гэты фэстываль. Украінскі літаратурна-музычны рух дастаткова плянамерна і гадамі запрашае беларусаў. Магу толькі сказаць за сваю дзейнасьць. Мы запрашаем беларускіх паэтаў і музыкаў на фэстывалі, і ў Кіеве, і нават на «Гуляй поле» ў Запароскую вобласьць з задавальненьнем ехалі. А Валынь яшчэ мае і сваю спэцыфіку — «Нацыянальны альянс» супрацоўнічаў і супрацоўнічае зь беларускімі моладзевымі патрыятычнымі арганізацыямі, і лідэры «Нацыянальнага альянсу» затрымліваліся на тэрыторыі Беларусі, нават атрымлівалі тэрміны або цяпер маюць забарону на ўезд у Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG