Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Турэччыне пасьля спробы перавароту затрымалі 22 тысячы чалавек


У сувязі зь няўдалай спробай перавароту ў Турэччыне затрыманыя 22 тысячы чалавек. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «ХаберЦюрк» заявіў міністар юстыцыі Турэччыны Бэкір Баздаг.

Паводле ягоных словаў, 16 тысяч чалавек ужо фармальна арыштаваныя, яшчэ 6 тысяч справаў знаходзяцца ў працэсе афармленьня.

«Таксама ёсьць і тыя, хто спрабуе схавацца ад правасудзьдзя» — кажа міністар.

Спроба вайсковага перавароту адбылася ў Турэччыне ў ноч на 16 ліпеня. На наступны дзень пасьля гэтага прэзыдэнт краіны Рэджэп Таіп Эрдаган абвінаваціў у арганізацыі путчу Фэтхулаха Гюлена — багаслова, які з 1999 года жыве ў выгнаньні ў Злучаных Штатах.

Калісьці Гюлен быў саюзьнікам Эрдагана і дапамог рэлігійнай кансэрватыўнай Партыі справядлівасьці і разьвіцьця турэцкага прэзыдэнта прыйсьці да ўлады ў 2002 годзе. Але неўзабаве саюзьнікі хутка разышліся з-за пытаньняў падзелу ўлады і аўтарытарнага стылю кіраўніцтва Эрдагана. У траўні 2016 года рух Гюлена «Хізмэт» («Служба») быў абвешчаны ў Турэччыне тэрарыстычнай арганізацыяй.

Улады Турэччыны сьцьвярджаюць, што «Хізмэт» налічвае мільёны пасьлядоўнікаў і спансіруе каля тысячы навучальных цэнтраў, якія дапамагаюць студэнтам сярэдніх школ у 150 краінах падрыхтавацца да здачы ўступных экзамэнаў ва ўнівэрсытэты.

Пасьля путчу ў Турцыі спэцыяльным дэкрэтам былі зачыненыя 1043 прыватныя школы, 1229 дабрачынных арганізацый і фондаў, 19 прафсаюзаў, 15 унівэрсытэтаў і 35 мэдычныя арганізацыі, нібыта зьвязаныя з Гюленам.

XS
SM
MD
LG