Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янка Запруднік: «Галава, розум, як і цела, мускулы, пастаянна павінны займацца гімнастыкай»


Янка Запруднік
Янка Запруднік

Янку Запрудніку — 90.

Як у 90 гадоў выглядаць і пачуваць сябе на 60? Чаму шкодна быць пэсымістам? Чаму гімнастыка розуму важнейшая за гімнастыку цела? Чаму за месяц перабываньня ў Беларусі ў вядомага дзеяча Янкі Запрудніка не было ніводнай сустрэчы зь беларускім палітыкамі? Ці ёсьць будучыня ў радыёвяшчаньня?

Патрыярх беларускай дыяспары ў ЗША, вядомы гісторык і публіцыст Янка Запруднік напярэдадні свайго 90-годзьдзя наведаў Беларусь.

Разам з жонкай Надзеяй Рагалевіч-Кудасавай яны аб’езьдзілі палову Беларусі, правялі дзясяткі сустрэч, удзельнічалі ў прэзэнтацыі кнігі «Кантакты».

«Я ўжо так стаміўся тут, у Беларусі, што не магу гаварыць. Еду ў адпачынак на 3 гады да сябе ў Амэрыку», — пажартаваў Янка Запруднік, сустракаючы карэспандэнтаў Радыё Свабода.

Янка Запруднік: Ня чутна беларускай мовы з вуснаў малых дзетак. Катастрофа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:50 0:00

«На ўласныя вочы паўсюль бачым паляпшэньне, але чуем пра пагоршаньне»

— Амаль месяц вы вандравалі па Беларусі, наведалі ўсіх сваякоў, мелі шмат сустрэч — графік у вас быў вельмі напружаны. Вялікі дзякуй Вам, што знайшлі час і для Радыё Свабода. Дзе былі, што пабачылі?

— Прыехалі з мэтай наведаць усіх сваякоў, бо мы з жонкай ужо ў такім веку, што трэба думаць, так бы мовіць, падсумавальна, бяз суму, але ўжо час ставіць кропкі. Адведалі Надзіных сваякоў, маіх сваякоў. Пачалі з майго канца: пабылі ў Баранавічах у майго малодшага брата, які на 3 гады маладзейшы за мяне, пабывалі ў Міры, у маіх стрыечных братоў і сясьцёр. Паехалі ў Жыткавічы на радзіму Надзеі. Наведалі магілы бацькоў, памаліліся за іх душы і за сваю душу. Заехалі ў Салігорск. Ня так даўно мы дапамагалі ў Амэрыцы маладой беларускай сям’і, у якой дзіця хварэла на рак, у яго была пухліна мозгу. Дзякуй Богу, дзіцяці дапамаглі. Мы праведалі сям’ю, пабачылі на свае вочы здаровага хлопчыка. І вярнуліся ў Менск на прэзэнтацыю кнігі «Кантакты» якая прайшла вельмі пасьпяхова, кажуць, прыйшло 150 чалавек. Больш за гадзіну падпісваў кніжкі, рука стамілася. Сустрэў шмат сваіх даўніх сяброў, сваякоў.

— А як вам ваша мая радзіма — мястэчка Мір, ці зьмянілася яно? Як пачуваюць сябе вашы землякі? Ці спадабалася рэстаўрацыя замку?

— Замак вельмі хораша аднавілі! Прыемна воку, прыемна душы. І, думаю, вельмі добра бюджэту, бо цяпер у Мір прыяжджаюць турысты з усяго сьвету, пакідаюць грошы. Так што ў Міры вельмі прыемна было. Новенькі гатэль клясы люкс, дзе мы з прыемнасьцю пераначавалі. І гэта ўсё зроблена ў прамежку трох гадоў — апошні раз мы прыяжджалі ў Беларусь 3 гады таму.

І наагул, куды б мы не паехалі — усюды заўважалі зьмены ў лепшы бок. На ўласныя вочы бачым паляпшэньне, але чуем пра пагоршаньне. Мы шмат размаўлялі са сваякамі. Дарэчы, пра палітыку наагул не казалі, размаўлялі толькі пра жыцьцёвыя, побытавыя праблемы. І што мы пачулі? Пэнсіі ідуць уніз, цэны ідуць уверх, канцы з канцамі людзі ня могуць зьвесьці. З працай вельмі цяжка. А што рабіць? Застаецца толькі спадзявацца. Тут узгадваюцца радкі Натальлі Арсеньевай зь верша «Варта жыць». Гэта верш, які яна напісала ў трагічным 1943 годзе. І там ёсьць такія радкі:

«Варта жыць!

Варта вечна чагось спадзявацца,

Чуцца часткай айчыны малой, а жывой.

Песьціць сьцёртыя пальцы адвечнаю працай...

А для гэтага варта змагацца і жыць!»

Так што варта верыць, што заўтра будзе лепш, чым сёньня. Аптымізм — рэч неабходная ў наш час. Часта абставіны складаюцца так, што няма іншага выйсьця, як толькі быць аптымістам. Таму што альтэрнатывы няма. Альтэрнатыва на аптымізм —— пэсымізм. А пэсымізм зьбівае запас тых сіл, якія чалавек мае. Пэсымізм па сваёй прыродзе — вельмі шкоднае адчуваньне. А аптымізм дапамагае. Гэта як у той показцы пра жабу, якая хацела не ўтапіцца ў масьлянцы, лопала-лопала лапамі і ўрэшце села на кучку масла. Так што будзем аптымістамі.

— То бок у вас ёсьць надзея, што і ў Беларусі будуць зьмены да лепшага?

— Надзея памірае апошняй. Тым больш, імя маёй жонкі — Надзея. Надзея неабходная. Надзея патрэбная таму, што няма альтэрнатывы. І гэтую рэчаіснасьць трэба зразумець і прыняць яе як такую. Надзея дае пэўную энэргетыку ў самых цяжкіх абставінах. А нашы беларускія абставіны вельмі цяжкія, зь вялікай небясьпекай. Гэта трэба ўсьведамляць і рабіць усё магчымае, каб гэта небясьпека адышла як мага далей. Жыцьцё — гэта крыніца, што закладзена вышэйшай сілай, якую адны называюць Богам, другія называюць філязофскай прамудрасьцю. З гэтай крыніцы трэба імкнуцца, умець, намагацца чэрпаць сілы калі нічога ўжо іншага не засталося, верыць. Верыць у існаваньне вялікіх рэальнасьцяў, зь якіх адна рэальнасьць — гэта супольнасьць продкаў. Трэба мець здольнасьць знаходзіць повязь паміж табою і тымі дзясяткамі пакаленьняў, хто быў да цябе, чуцца, як у Натальлі Арсеньевай, «часткай Айчыны». Гэта крыніца, зь якой нялёгка чэрпаць, але зь якой можна чэрпаць, ужыўшы дадзены Богам розум.

«У гутарках пра літаратуру можна дамовіцца, а палітыка — гэта крутаверць, дзе да згоды прыйсьці цяжка»

— Беларусы ж працалюбівыя, разумныя, тут столькі інтэлектуалаў. Што тут ня так, чаму жывем горш за эўрапейцаў, амэрыканцаў?

— У канцы кнігі «Кантакты» я напісаў «Маніфэст тутэйшага, або Кантынэнт душы». Гэта такая спроба асэнсаваць нашае існаваньне, бытаваньне ў гэтым сьвеце. Я ня ведаю, ці я патрапіў належна выказаць, але я зьвяртаю ўвагу на самыя апошнія радкі: «Наша месца на Кантынэнце Беларускай Душы».

Таксама ў кнізе «Кантакты» ёсьць дзьве спробы правесьці паралель паміж біблейскімі прынцыпамі і нашым зямным існаваньнем. Я даў загаловак «Што сказаў Бог беларусу».

— А з палітыкамі ў Беларусі сустракаліся?

— Не. Не сустракаўся, бо не было калі. І не было такой мэты. У нас вельмі шмат сваякоў, якіх трэба было адведаць, шмат сяброў, была вялікая колькасьць сустрэч. Дый палітычная тэма вельмі доўгая... У гутарках пра літаратуру можна да чагосьці дамовіцца, а палітыка — гэта крутаверць, дзе да згоды прыйсьці, дамовіцца да чагосьці супольнага даволі цяжка. Так што, па-першае, не было сустрэч з палітыкамі, дый ніхто мне палітычных пытаньняў не задаваў і не было патрэбы адказваць на іх.

А даваць тут ацэнкі ці парады нам, людзям з чужым пашпартам, не выпадае.

Але магу падзяліцца: тут такое насланьнё тэлевізійнай прапаганды з усходу! Людзі заглушаныя гэтымі расейскімі каналамі, цяжка дайсьці да іх разуменьня, пераканаць іх немагчыма, гэта марнаваньне часу.

«З мовай тут катастрофа! Але промень сьвятла пранікае на беларускую рэчаіснасьць»

— Але вернемся да вашых вандровак па Беларусі. Ці часта чулі беларускую мову ў гэтай краіне? Якое ў вас уражаньне, ці ёсьць нейкія зьмены?

— З мовай у Беларусі катастрофа. З мовай тут катастрофа ў вялікім сэнсе. Беларуская душа — дваістая. Беларуская душа мае адну частку пакутніцкую, а другую — спадзеўную. І вось гэта пакутніцкая частка баліць, таму што ня чуеш музыкі роднай мовы з вуснаў малых дзетак. Душа баліць. Самі мы ўсюды карысталіся беларускай мовай. І нідзе ні разу ні ад каго не пачулі адмоўнай, варожай рэакцыі, чаго вельмі апасаліся. Раней ня раз чулі «Разговаривайте на человеческом языке». Цяпер гэтага няма.

Але родная мова ня ўмерла, родная мова прагучала вельмі моцна ў суботу, перад Днём незалежнасьці, у першы дзень запачаткаванай традыцыі, як нам сказалі — на Дні вышыванкі. І я вельмі гэтым усьцешаны.

— Вы напісалі кнігу «Беларускія фэстывалі й выстаўкі. Палітычная інфармацыя мовай мастацтва (1948–2011)» — пра беларускія фэстывалі ў Амэрыцы, якія рэгулярна праводзяцца. У Беларусі крыху іншая сытуацыя. Раней чалавека ў вышыванцы маглі абвінаваціць у нацыяналізьме. Цяпер вышыванкі сталі вельмі моднымі, і ўжо БРСМ праводзіць фэстываль вышыванкі. Вас не насьцярожвае такі рэзкі разварот?

— Не, не насьцярожвае. Наадварот, абнадзейвае. Бо дагэтуль я ня чуў беларускай мовы з вуснай афіцыйных прамоўцаў, з вуснаў чыноўнікаў калібру міністра культуры. А тут на Сьвяце вышыванкі і міністар культуры, і старшыня Менгарвыканкаму, і лідэр БРСМ — усе выходзяць і без цыдулак, пісулек, шпаргалак прамаўляюць па-беларуску. І музыка ўвесь час гучала беларуская, прычым, з патрыятычным зьместам. І маршы, і народныя песьні, і рыцарскія сьпевы Вялікага княства Літоўскага. Паўсюль білборды да 500-годзьдзя перакладу Скарынам Бібліі. Гэта навіна, вялікая навіна! Праўда, гэта зьява можа быць і кароткачасовай. Але, спадзяюся, гэта пачатак добрай традыцыі. Гэта пачатак пасьлядоўнасьці паміж канстытуцыйна замацаванымі прынцыпамі і ўрадавымі чыноўнікамі. Бо паводле Канстытуцыі, беларуская і расейская мовы раўназначныя. У рэальнасьці — у жыцьці пануе расейская мова. Вось гэтая разьбежнасьць паміж літарай закону і рэальнасьцю — яна, мне падаецца, звужаецца. У некаторых момантах пачынае прабівацца пасьлядоўнасьць. Чаму міністар культуры мусіць заўсёды гаварыць па-расейску? Альбо чаму прэзыдэнт дзяржавы заўсёды гаворыць па-расейску? Дзьве ж дзяржаўныя мовы замацаваныя ў Канстытуцыі! Так што, спадзяюся, гэта пачатак добрай тэндэнцыі. Палітыкі, падобнай да палітыкі канадзкага ўраду, да палітыкі бэльгійскага ўраду, дзе розныя мовы маюць аднолькавую практыку і аднолькавыя правы.

У гэтым сэнсе мы з жонкай Надзеяй былі вельмі ўсьцешаныя, што нарэшце нейкі промень сьвятла пранікае на беларускую рэчаіснасьць.

«У Беларусі, супярэчнасьці, непасьлядоўнасьці — на кожным кроку»

— Вось вы сказалі пра дзяржаўных чыноўнікаў і пра моладзь. Я ведаю, што вы некалі фундавалі будаўніцтва царквы ў Івянцы з умовай, што праз праваслаўную царкву будзе ісьці далучэньне беларускага народа да роднай мовы. Ці спраўдзіліся вашы надзеі? Вось касьцёл даволі хутка перайшоў на беларускую мову, а праваслаўная царква — ня так хутка. На вашу думку, што ці хто яшчэ можа паспрыяць пераходу на беларускую мову, акрамя чыноўнікаў, царквы?

— Так, царква павольна вельмі пераходзіць, таму што праваслаўная царква — яна прышпіленая да маскоўскай царквы. Што яшчэ... Мне так складана адказаць — што яшчэ. Жыцьцё вельмі шматграннае, шматбаковае. Вось сёньня, сустракаючыся зь сябрамі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, я даведаўся, што некаторыя беларускія бібліятэкі ня могуць падпісацца на часопіс «Дзеяслоў». Гэта ж анамальна! Гэта татальны зьдзек над правам беларускага чытача ў нейкім правінцыйным гарадку — чытач ня можа пайсьці ў бібліятэку і прачытаць гэты часопіс. І ня можа набыць у шапіку Белсаюздруку. А часопіс жа выходзіць і ён не забаронены. А для людзей ён недаступны. Чаму? Так што тут, у Беларусі, супярэчнасьці, непасьлядоўнасьці — на кожным кроку, дзе ідзе фактычная дыскрымінацыя мовы, якая ў Канстытуцыі стаіць на першым месцы. Спадзяемся, што ўрад будзе карыстацца справядлівасьцю і проста самай звычайнай лёгікай. Калі дазволена адно, павінна быць дазволена і другое. Дапамагаеце адным — дапамажыце і другім. Увядзіце аднолькавую колькасьць урокаў беларускай і расейскай моваў у школе.

Я ўжо казаў, ад чаго баліць душа: дзеткі не размаўляюць па-беларуску, дзеткі ня чуюць мову дзядоў. Я разумею, што ня ўсё залежыць ад ураду. У вялікай ступені гэта залежыць і ад саміх людзей, але людзі інстынктыўна адчуваюць, што калі б яны хацелі забясьпечыць дзіцяці беларускую адукацыю, не заўсёды гэта магчыма. Перашкодаў вельмі шмат.

«Маладое пакаленьне эмігрантаў беларускую мову губляе»

— У Амэрыцы старэйшае пакаленьне эмігрантаў ведае мову. У вас мова проста цудоўная! А маладое пакаленьне — дзеці, унукі — імкнуцца ведаць беларускую мову?

— Маладое пакаленьне губляе мову, губляе! Гэта ж не Беларусь, гэта Амэрыка. Моладзь у прынцыпе актыўная, толькі не заўсёды ў бацькоўскім духу. Бо яны ходзяць у амэрыканскія школы, а дыяспара ж ня можа забясьпечыць вывучэньне роднай мовы ў школьнай сыстэме. Толькі ў сем’ях дзеці могуць навучыцца беларускай мове, бо жывуць яны ў асяродзьдзі англамоўным. Нельга параўноўваць магчымасьці ўзгадаваньня ў чужой краіне і ў сваёй краіне.

Але беларускае грамадзкае жыцьцё, рэлігійнае жыцьцё пульсуе ў Амэрыцы. Працягваецца ў пэўнай меры і цяпер наплывам новых эмігрантаў, калі старэйшае пакаленьне адыходзіць. Гэта відавочна і ў штаце Нью-Джэрсі, дзе я жыву. У 1970-я — 80я гады ў нашым штаце мы зьбіралі па 2 — 3 тысячы гледачоў на нашы беларускія фэстывалі. Цяпер ужо гэтага няма. Старэйшае пакаленьне адыходзіць, малодшае пакаленьне, як і тут, захапляецца кампутарамі, смартфонамі, музыкай. А вось рэлігійнае жыцьцё вельмі трывалае, тыя цэрквы, якія мы пабудавалі ў 1950 — 60 гады, функцыянуюць, і прыходзяць туды новыя эмігранты зь Беларусі.

— А ў вашых дзяцей, унукаў ёсьць сувязі зь Беларусьсю? Мову ведаюць, прыяжджаюць сюды?

— У мяне, на жаль, унукаў няма. Ёсьць дзьве дачкі. Пакаленьне нашых дзяцей уладкавалася, маюць прафэсіі, але дапамагаюць нам праводзіць фэстывалі, розныя імпрэзы, юбілеі. І падмацоўваюцца новапрыбылымі.

«Прага да ведаў мяне заўсёды падштурхоўвала, а сэрца было нахіленае да Беларусі»

— Спадару Янка, як вам удаецца захоўваць такую працаздольнасьць, такую энэргію, такі імпэт? Выглядаеце вы на гадоў 30 маладзей, чым вам ёсьць насамрэч. Падзяліцеся сакрэтамі...

— Адкуль я бяру крыніцу энэргіі? Я па натуры аптыміст, а аптымізм вельмі дапамагае. Але перш-найперш, я атрымаў ад бацькоў вельмі моцныя гены. Я ў маладым веку яшчэ студэнтам кінуў курыць, ніколі не злоўжываў алькаголем. Фізычныя практыкаваньні, рух. Здаровае харчаваньне. Раней любіў каўбасу і мяса, зараз стараюся есьці карысную ежу: больш садавіны, гародніны, рыбы.

І яшчэ я заўсёды імкнуўся да здабыцьця ведаў. Мяне не задавальняла заканчэньне ўнівэрсытэту ў Бэльгіі, я хацеў абараніць доктарскую дысэртацыю. Хоць я і пайшоў працаваць на Радыё «Вызваленьне», але мне ўвесь час карцела зрабіць дактарат. Нам у Лювэнскім унівэрсытэце прапанавалі рабіць прафэсарскую кар’еру, але я яе мусіў адхіліць у бок, таму што прапанова заняцца журналістыкай была вельмі спакусьлівая. І была пэўная палітычная дысцыпліна. Старшыня Рады БНР Абрамчык кажа: «Хлопцы, вы скончылі ўнівэрсытэт (а ўнівэрсытэт нам быў забясьпечаны ў вялікай ступені ягонымі намаганьнямі), у нас пачынаюцца радыёперадачы, гэта вельмі актуальна, вельмі патрэбна». І мы падпарадкаваліся. Паехалі на працу, я трапіў у Мюнхен. Але ўсё роўна мне хацелася дактарат зрабіць, і я яго зрабіў у Нью-Ёрку, ужо маючы сям’ю, працуючы на радыё.

І вось гэтая прага да ведаў — яна мяне заўсёды падштурхоўвала, сэрца было нахіленае да Беларусі. Таму я займаўся грамадзкай працай, дзе выкарыстоўваў усе свае адукацыйныя здабыткі. І вось ў гэтай камбінацыі — у жаданьні быць карысным у сваёй нацыянальнай справе, у імкненьні здабываць веды, атрымліваць адукацыю, адначасна займаючыся гісмнастыкай, фізычнымі практыкаваньнямі — формула даўгажыхарства, якая ў маім выпадку спрацавала. Галава, розум таксама, як і цела, мускулы, павінны займацца гімнастыкай. Мускул захоўвае працаздольнасьць ад заняткаў, але і розум — гэта орган, які пастаянна павінен быць ва ўжытку.

І яшчэ адзін складнік. Мне і маёй цяперашняй жонцы Надзеі ў жыцьці адначасова і не пашанцавала, і пашанцавала. Не пашанцавала ў тым сэнсе, што яна страціла мужа вельмі рана, я страціў жонку таксама рана. Мы сышліся пасьля некалькі гадоў самоты і вельмі добра дапасаваліся адзін да аднаго. І дапасаванасьць гэтая таксама спрыяе добраму адчуваньню, здароўю. Гэта зарад інтэлектуальнай, духоўнай батарэі — твой кампаньён. Нам пашанцавала — мы адзін аднаго падсілкоўваем. Калі ў аднаго зарад зьніжаецца — яго можна падсілкоўваць энэргіяй другога.

«Мой доктар паабяцаў: «Я цябе датрымаю да 110 гадоў»

— Нядаўна завершана сур’ёзная праца, другая кніга «Кантакты». Што далей у вашых плянах?

— Плянаў — поўна. Па-першае, я павінен упарадкаваць свой архіў і перадаць яго ў тыя месцы, дзе ён можа быць найбольш карысным. Частку — у Менск, у Дзяржаўны архіў — музэй літаратуры і мастацтва, частку ў Радгерскі ўнівэрсытэт, што недалёка ад месца, дзе я жыву ў Амэрыцы. Я ўжо туды частку сваёй бібліятэкі перадаў і буду яшчэ перадаваць кнігі і архіў. У Нью-Ёрку ёсьць фундацыя Пётры Крычэўскага. Пётра Крычэўскі — першы прэзыдэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Там цяпер працуе Валянціна Трыгубовіч, іншыя асобы, упарадкоўваюць архіў Рады БНР. Частка майго архіву пойдзе туды. Ну і мне адзін блізкі супрацоўнік казаў, што будзе грэх, калі я не напішу ўспаміны. Ня ведаю, грэх гэта ці не. Але мой доктар, якога я рэгулярна наведваю, паабяцаў: «Я цябе датрымаю да 110 гадоў». Так што я маю яшчэ 20 гадоў паводле прадказаньняў майго доктара. Барыс Кіт, якому ўжо 106 гадоў, яшчэ неяк трымаецца, хаця ужо слабее. Я сам ня ўпэўнены, што дацягну да сотні, але ў нас на эміграцыі ёсьць Антон Шукелайць, вядомы беларускі этнограф, адзін зь лідэраў беларуска-амэрыканскага задзіночаньня, мы нядаўна адсьвяткавалі ягонае 100-годзьдзе. Адсьвяткавалі 100-годзьдзе паэта Міхася Кавыля...

Хто ведае? Бог — бацька. Можа і выканаю наказ напісаць успаміны. Але пакуль я тут, у Беларусі. Дзень вышыванкі даў мне вельмі прыемны імпульс і надзею.

«Радыё яшчэ далёка да канца, яно патрэбнае народу»

— Не магу не задаць Вам, як былому супрацоўніку Радыё Свабода, пытаньне, што да пэрспэктываў радыё. Тыдзень таму Радыё Свабода цалкам спыніла вяшчаньне на кароткіх хвалях, засталася толькі 1 гадзіна ў суткі вяшчаньня на сярэдніх хвалях. Кажуць, што гэта агульная ўсясьветная тэндэнцыя — радыёстанцыі закрываюцца. Ці слухаюць людзі радыё ў сьвеце, у Злучаных Штатах?

— Я магу гаварыць толькі за Амэрыку. Мы маем радыё, слухаем. Кожную раніцу ўключаем радыёстанцыю газэты «New York Times», дый і ў папяровым варыянце чытаем гэтую газэту штодня. Па радыё кожную гадзіну ідуць 5-хвілінныя навіны, коратка, сьцісла, у астатні час гучыць клясычная музыка. У FM і AM дыяпазонах можна налічыць дзясяткі станцый. Так што ў Амэрыцы радыё людзі слухаюць. Я думаю, у Амэрыцы яшчэ і аўтамабіль выконвае прыцягальную ролю з гледзішча радыёстанцый. Людзі шмат езьдзяць, тэлевізію ў машыне ня ўключыш, так што кіроўцы слухаюць радыёстанцыі. Патрэбы розныя: надвор’е, музыка, навіны — што каго цікавіць.

Натуральна, кожная эпоха мае свае сыходы і свае прыходы, штосьці зьяўляецца, штосьці адыходзіць. Мы жывём у эпоху электронікі, кампутараў, гаджэтаў, смартфонаў, розных тэхналягічных вынаходзтваў. Я хачу толькі пажадаць, каб інжынэры, мэханікі, электроншчыкі прыдумалі, як зрабіць моцныя радыёсыгналы, і каб карэспандэнты, рэдактары рыхтавалі цікавыя гутаркі, каб слухаць застаўся. Спадзяюся, так і будзе. Але я мяркую, што радыё яшчэ далёка да канца, яно патрэбнае народу. І толькі застаецца мне пажадаць Свабодзе ўдзячных слухачоў у пабольшанай колькасьці.

***

Янка Запруднік (сапраўднае імя Сяргей Вільчыцкі) — вядомы беларускі гісторык і публіцыст, адзін з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтра.

Нарадзіўся ў 1926 г. у мястэчку Мір (цяпер Карэліцкі раён). У час акупацыі скончыў Баранавіцкую прагімназію, потым вучыўся ў Баранавічах у гандлёвай школе. З 1944 года ў Нямеччыне. Пасьля вайны трапіў у лягер для перамешчаных асоб. Затым два з паловай гады працаваў на шахтах у Вялікай Брытаніі. Там 12 беларусаў пачалі выпускаць часопіс «Наперад!», які рассылалі па лягерах перамешчаных асоб, дзе жылі беларусы. Так пра іх даведаліся. Старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык паспрыяў, каб беларусы атрымалі стыпэндыі для навучаньня ў Лювэнскім унівэрсытэце (Бэльгія). Пасьля заканчэньня вучобы Янку Запрудніку прапаноўвалі выкладаць гісторыю ва ўнівэрсытэце і пісаць доктарскую дысэртацыю. У 1954 годзе пачала працаваць радыёстанцыя «Вызваленьне» (так спачатку называлася Радыё Свабодная Эўропа — Радыё Свабода), і Запруднік паехаў працаваць у Мюнхен. З 1957 году жыве ў ЗША. Абараніў у Нью-Ёркскім унівэрсытэце доктарскую дысэртацыю на тэму «Палітычнае змаганьне за Беларусь у Дзяржаўнай думе 1906-1917 гадах», выкладаў гісторыю ў вышэйшых навучальных установах ЗША. Быў супрацоўнікам і рэдактарам многіх пэрыядычных выданьняў беларускай эміграцыі. Аўтар многіх навуковых прац — «Беларусь на гістарычным скрыжаваньні», «Гістарычны слоўнік Беларусі», «Кантакты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG