Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 уплывовых рэспубліканцаў: Трамп небясьпечны для ЗША


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Кандыдату ад Рэспубліканскай партыі Дональду Трампу не стае сілы характару, маральных каштоўнасьцяў і досьведу, каб быць кіраўніком дзяржавы, і ён можа стаць «самым неразумным» прэзыдэнтам у гісторыі ЗША, папярэдзілі ў адкрытым лісьце 50 сябраў Рэспубліканскай партыі, якія займалі адказныя пасады ў спэцслужбах і адміністрацыі ЗША.

«У яго адсутнічае базавае разуменьне і вера ў Канстытуцыю ЗША, заканадаўства ЗША і такія інстытуты, як рэлігійная памяркоўнасьць, свабода прэсы і незалежнасьць судаводзтва», — гаворыцца ў тэксьце ліста, апублікаванага ў газэце New York Times.

Як паведамляе BBC, на думку уплывовых рэспубліканцаў, «Трамп паставіць пад пагрозу нацыянальную бясьпеку і дабрабыт ЗША».

Сярод тых, хто паставіў свае подпісы пад пасланьнем, — былы кіраўнік ЦРУ Майкл Хайдэн, экс-дырэктар Нацыянальнай выведкі Джон Нэграпонтэ, былы кіраўнік Сусьветнага банка Роберт Зэлік, экс-міністры ўнутранай бясьпекі Том Рыдж і Майкл Чэртоф.

Трамп у адказ назваў падпісантаў ліста «вашынгтонскай элітай, якая правалілася, але спрабуе ўтрымаць уладу».

На думку аўтараў ліста, Трамп «падрывае маральны аўтарытэт ЗША як лідэра ў вольным сьвеце».

Усе падпісанты ліста галасаваць за Трампа ня будуць.

Падчас сваёй кампаніі Трамп ня раз станавіўся прычынай незадаволенасьці сэнатараў-рэспубліканцаў і іншых прадстаўнікоў партыі.

Трамп выказваў сумнеў у эфэктыўнасьці НАТО, абяцаючы скараціць выдаткі на дзейнасьць Паўночнаатлянтычнага альянсу, казаў пра дапушчальнасьць катаваньняў, (прызнаўшы, зрэшты празь некалькі дзён памылковасьць сваіх камэнтароў), а таксама сказаў, што быў бы ня супраць, калі Японія і Паўднёвая Карэя займелі б уласную ядзерную зброю.

Трамп уххвальна казаў пра расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, чым шакаваў многіх рэспубліканцаў, і нават прапаноўваў Расеі ўзламаць асабістую пошту Клінтан, пазьней прызнаўшыся, што гэта быў жарт.

У апошні час павялічылася колькасьць рэспубліканцаў, якія адкрыта заяўляюць, што ня будуць галасаваць за Трампа, а хутчэй аддадуць голас кандыдату ад Дэмакратычнай партыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG