Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Заявы Трампа пра ўзлом сэрвэра Дэмпартыі і пра Крым, яго выказваньні пра Пуціна, сувязі з Расеяй чальцоў яго каманды — пра што гэта сьведчыць? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: «Выкарыстоўваючы нашу выведвальную лексыку, можна сказаць, што Пуцін рэкрутаваў Трампа ў якасьці мімавольнага агента Расеі» — напісаў New York Times былы дырэктар ЦРУ ЗША Майкл Марэл. На яго думку, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін «як кадравы выведнік вылічыў слабасьці мільярдэра і сыграў на іх».

Марэл адзначыў, што такую выснову ён зрабіў пасьля рэакцыі Трампа на ўзлом кампутарнай сеткі нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ЗША. Нядаўна Дональд Трамп заявіў, што ў выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах можа разгледзець пытаньне аб прызнаньні Крыму расейскім і паставіць абавязаньні ЗША перад саюзьнікамі па НАТО ад іх уласных высілкаў у галіне абароны.

Амэрыканскі друк падрабязна піша аб сувязях ключавых чальцоў выбарчай каманды Трампа з Расеяй і прарасейскімі сіламі. Прынамсі, кіраўнік яго перадвыбарчага штабу Пол Манафорт быў піяршчыкам былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, у значнай ступені дзякуючы высілкам Манафорта Януковіч стаў прэзыдэнтам Украіны.

Таксама шмат пытаньняў выклікае постаць дарадцы кандыдата бізнэсоўца Картэра Пэйджа, былога супрацоўніка маскоўскага прадстаўніцтва амэрыканскага інвэстыцыйнага банку Merryll Lynch.

Пэйдж пэўны час таму апублікаваў шэраг артыкулаў, у якіх апраўдваў расейскую палітыку адносна Украіны ў апошнія гады. Падчас нядаўняга візыту ў Маскву ў адказ на пытаньне, ці будзе ён раіць Трампу зьняць санкцыі супраць расейскага бізнэсу ў выпадку перамогі на выбарах, Пэйдж працытаваў выказваньне Пуціна: «Мы ніколі ня ўмешваемся ва ўнутрыпалітычныя справы іншых краінаў. Асабліва ЗША ».

Зразумела, на прыгаданыя факты можна паглядзець і інакш. Той жа Пол Манафорт быў піяршчыкам і Рональда Рэйгана, і Джорджа Буша-старэйшага. Да таго ж, як паведамляюць крыніцы, Манафорт падчас працы ва Ўкраіне на Януковіча падтрымліваў тых людзей у яго атачэньні, якія схіляліся да супрацы з Захадам.

Заявы Трампа адносна расейскай палітыкі выглядаюць дзіўнымі, але варта сказаць, што ня толькі на гэты конт. Ён тонка адчувае пачуцьці значнай часткі амэрыканскага грамадзтва, яго нежаданьне ўступаць у прамы канфлікт з Расеяй.

Акрамя таго, гледзячы па ўсім, у сыстэме зьнешнепалітычных прыярытэтаў Трампа Расея займае далёка ня першае месца. Куды больш яго турбуе гандлёвая палітыка Кітаю і АПЭК, з-за якіх, на думку Трампа, Амэрыка губляе сотні мільярдаў даляраў. Ну і плюс ісламскі экстрэмізм, «Ісламская дзяржава», у барацьбе зь якой Трамп гатовы супрацоўнічаць хоць бы і з Пуціным.

палітыка адносна Расеі прэзыдэнта Трампа можа быць у нечым падобнай на палітыку першых гадоў прэзыдэнцтва Джорджа Буша-малодшага, ледзь не антытэрарыстычны саюз

У гэтым сэнсе палітыка адносна Расеі прэзыдэнта Трампа можа быць у нечым падобнай на палітыку першых гадоў прэзыдэнцтва Джорджа Буша-малодшага, ледзь не антытэрарыстычны саюз. Шмат было кпінаў са словаў Буша пасьля першай сустрэчы з Пуціным — я паглядзеў яму ў вочы і ўбачыў яго душу.

Насамрэч гэта была не наіўнасьць, а пэўны геапалітычны выбар, расстаноўка прыярытэтаў. Якая потым, дарэчы, зьмянілася.

Калегі, а якое вашае меркаваньне — Трамп сапраўды «мімавольны», а можа і немімавольны агент Крамля ці прадаўжальнік справы Буша-малодшага, прадстаўнік іншай, адрознай ад Абамы і Клінтан, амэрыканскай школы стратэгічнага мысьленьня?

Карбалевіч: Ня думаю, што насамрэч наўпрост існуе нейкая сувязь паміж кіраўніцтвам Расеі і Трампам.

Дарадца Дональда Трампа ў справах зьнешняй палітыкі Картэр Пэйдж бачыцца скандальным пэрсанажам. Ягоныя відавочныя бізнэс сувязі з Расеяй, камэрцыйны інтарэс ў пэўным сэнсе выяўляюцца скандальнымі. Усё ж у палітычнай практыцы ЗША прынята аддзяляць камэрцыю ад палітыкі. Ёсьць адпаведныя прававыя нормы.

Тут існуе адна праблема. Дональд Трамп, як навічок у палітыцы, ня вельмі добра абазнаны ў замежнай палітыцы. І яму былі патрэбныя дарадцы ў гэтай справе. Паколькі істэблішмэнт Рэспубліканскай парыі ставіцца да Трампа нэгатыўна, то таму давялося самаму шукаць дарадцаў. І вось пад руку трапіўся Пэйдж.

тое, што цяпер прадстаўнікі розных лягераў вешаюць адзін на другога цэтлікі, то гэта асаблівасьць цяперашняй выбарчай кампаніі ў ЗША, дзе славутая амэрыканская паліткарэктнасьць выкінутая

А тое, што цяпер прадстаўнікі розных лягераў вешаюць адзін на другога цэтлікі, то гэта асаблівасьць цяперашняй выбарчай кампаніі ў ЗША, дзе славутая амэрыканская паліткарэктнасьць выкінутая. Вось былы кіраўнік ЦРУ назваў Трампа агентам Пуціна. Трамп абвінаваціў Гілары Клінтан у датычнасьці да стварэньня «Ісламскай дзяржавы», абвясьціў ненармальнай. Так раней, выкарыстоўваючы зьняважлівыя выказваньні на адрас апанэнта, прэзыдэнцкія кампаніі ў ЗША не вяліся.

Цыганкоў: Няма рэальных падставаў лічыць, што Трамп як прадстаўнік Рэспубліканскай партыі, будзе мець большы інтарэс для Расеі, што ён прадстаўляе кардынальна адрознае ад Гілары Клінтан мысьленьне ў дачыненьні да Расеі. Тэма Расеі стала адной з галоўных замежнапалітычных тэмаў амэрыканскай прэзыдэнцкай кампаніі таму, што для многіх амэрыканцаў гэта яркая і пазнавальная тэма.

Расея ва ўсялякіх рэйтынгах сёньня зьяўляецца адной з самых нелюбімых для амэрыканцаў краінай, якія ня маюць да яе даверу. На гэтых эмоцыях і граюць палітыкі, спрабуючы нейкім чынам прывязаць кандыдата рэспубліканцаў да Пуціна.

Нагадаю, нядаўняе інтэрвію Дональда Трампа для амэрыканскага тэлеканалу ледзь не на траціну выглядала як допыт, дзе журналіст пытаў, ці ня мае ён нейкага дачыненьня да Пуціна, ці калі-небудзь сустракаўся зь ім, ці меў бізнэсовыя сувязі і г.д.

У твітэры Дональда Трампа за апошнія тыдні самым папулярным быў наступны: «Я ня проста змагаюся супраць Гілары Клінтан, я змагаюся супраць вельмі няшчырых і абсалютна неаб’ектыўных мэдыяў». І гэты твіт атрымаў найбольшую падтрымку ягоных падпісчыкаў.

Зьніжэньне ўзроўню палітычнай кампаніі часткова адбылося і за кошт саміх палітыкаў, але часткова і дзякуючы прэсе, якая часам сапраўды даволі далёка адыходзіць ад правілаў бесстароннасьці і аб’ектыўнасьці

Здаецца, калі казаць пра сацыялёгію, то прэса ў ЗША ня мае такога аўтарытэту, які мела некалькі дзесяцігодзьдзяў таму. Зьніжэньне ўзроўню палітычнай кампаніі часткова адбылося і за кошт саміх палітыкаў, але часткова і дзякуючы прэсе, якая часам сапраўды даволі далёка адыходзіць ад правілаў бесстароннасьці і аб’ектыўнасьці, якім, прынамсі, яны нас вучылі.

Зараз, калі адкрываеш некаторыя амэрыканскія выданьні, то там у адным нумары 5-7 галоўных артыкулаў пра тое, ці Трамп нармальны, ці здаровы і за што ён усіх ненавідзіць, хлусіць і так далей. Здаецца, паняцьці аб’ектыўнасьці і незаангажаванасьці ў гэтай кампаніі адышлі вельмі далёка ўбок.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG