Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэдытны рэйтынг Беларусі: шклянка паўпоўная і паўпустая


Колькі грошай трэба пазычыць Беларусі і дзе яна іх можа здабыць?

Цыганкоў: Міжнароднае агенцтва Fitch Ratings пацьвердзіла Беларусі доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг на ўзроўні «B-» і кароткатэрміновы рэйтынг на ўзроўні «В» з прагнозамі «стабільны». Пра гэта гаворыцца на сайце агенцтва.

Гэтыя рэйтынгі, сказана ў прэс-рэлізе Fitch, з аднаго боку, адлюстроўваюць значныя зьнешнія фактары ўразьлівасьці і гісторыю частых крызісаў у Беларусі, з другога — добрыя дзяржаўныя фінансы і структурныя індыкатары, у прыватнасьці, паказчыкі ВУП на душу насельніцтва і разьвіцьцё чалавечага патэнцыялу. Яно ў Беларусі вышэйшае, чым у супастаўных краінах, якія разглядаюцца гэтым агенцтвам прыблізна на такім узроўні.

Аднак агульныя патрэбы Беларусі ў зьнешнім фінансаваньні агенцтва ацэньвае ў 182% ад валютных рэзэрваў. Нагадаем, валютныя рэзэрвы Беларусі складаюць каля 4.5 мільярдаў даляраў, так што патрэба ў замежным фінансаваньні — каля 8 мільярдаў.

Чысты зьнешні доўг Беларусі знаходзіцца на высокім узроўні 50% ВУП, што значна вышэй за паказчык для краінаў з рэйтынгам ў катэгорыі «B» , - гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.

Беларусь ужо атрымала два траншы на агульную суму 800 мільёнаў даляраў ад падкантрольнага Расеі Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця — агульная сума гэтага крэдыту складзе 2 мільярды даляраў, што будуць атрыманыя у 2016-2018 гадах. Але гэтага недастаткова.

Ёсьць Кітай, які звычайна дае зьвязаныя крэдыты пад канкрэтныя праекты, але Беларусь ня можа прыдумаць столькі акупляльных праектаў, каб пакрыць гэтую крэдытную лінію. Выглядае, што Беларусі не абысьціся без Міжнароднага валютнага фонду.

Беларусі ніяк не абысьціся без дапамогі МВФ, калі Менск хоча захаваць макраэканамічную стабільнасьць і больш-менш стабільны курс рубля.

Палітычная прыхільнасьць уладаў Беларусі да забесьпячэньня праграмы МВФ пад сумневам, сьцьвярджае Fitch. Колькі ўжо ідуць перамовы вакол патэнцыйнага крэдыту, і яны то заціхаюць, то актывізуюцца, у залежнасьці ад нейкіх канкрэтных палітычных і эканамічных абставінаў. Але апошнія абставіны і лічбы міжнароднага рэйтынгавага агенцтва кажуць, што Беларусі ніяк не абысьціся без дапамогі МВФ, калі Менск хоча захаваць макраэканамічную стабільнасьць і больш-менш стабільны курс рубля.

Беларускія ўлады пад ціскам замежных крэдытораў былі вымушаныя распачаць пэўныя пераўтварэньні: рэформу пэнсійнай сыстэмы, лібэралізацыю цэнаў на паслугі ЖКГ, памяншэньне дырэктыўнага крэдытаваньня. Але ў сувязі з патрэбай у крэдытах беларускім уладам трэба будзе пайсьці і на астатнія патрабаваньні МВФ.

Дракахруст: Я зьвярнуў увагу на тое, што гэтая справаздача складаецца як бы з двух частак. Амаль на кожную тэзу ёсьць антытэза.

Калі казаць у шырокім сэнсе, то гэтая справаздача абвяргае беларускую прапаганду пра тое, што Беларусь знайшла нейкі царскі шлях у эканоміцы, што ўвесь сьвет на яе любуецца і ёй зайздросьціць і г. д. Гэта вельмі сярэдняга ўзроўню эфэктыўнасьці, даволі слабая эканоміка з шэрагам вельмі істотных праблемаў, якія так ці інакш давядзецца вырашаць.

Але, зь іншага боку, вэрсію, паводле якой беларуская эканоміка заўтра абрынецца, ацэнка агенцтва таксама абвяргае. Ёсьць пэўныя станоўчыя рэчы, добра зьбіраюцца падаткі, напрыклад, больш-менш разумна наладжанае кіраваньне дзяржаўнымі фінансамі. У справаздачы адзначаецца, што Нацбанк вядзе сапраўды някепскую палітыку, інфляцыю зьбілі. Ну так, да 12% — гэта ня надта ўражвае, але раней горш было. Калі параўноўваць, напрыклад, з Украінай, дзе дзяржаўны доўг складае 131% ад ВУП, беларускія 50% — гэта ня самае горшае.

За кошт Расеі Беларусь аказваецца крышачку вышэй, чым магла б быць.

Вельмі цікавая тэза, дзе зноў жа ўсплывае Расея, калі экспэрты гэтага агенцтва пішуць, што ў прынцыпе па многіх паказьніках Беларусь павінная была б быць у больш нізкай катэгорыі, але важны фактар — Расея. Гэта канчатковы крэдытор, які прыйдзе на дапамогу, калі зусім будзе кепска. Усе гэта разумеюць, і таму за кошт гэтага крэдытора апошняй інстанцыі Беларусь аказваецца крышачку вышэй, чым магла б быць.

Fitch дае прагноз, што ў 2017 годзе будзе рост. Зразумела, ня 10%, але стагнацыя скончыцца.

А што тычыцца галоўнага пытаньня, ці дадуць крэдыты, то з пытальнікам ня толькі крэдыт МВФ, але і эмісія эўрабондаў, якую плянуюць правесьці ў 2017 годзе. Там таксама пакуль няясна, колькі і на якіх умовах грошай атрымаецца прыцягнуць.

Цыганкоў: Замежныя даўгі Беларусі не такія катастрафічныя, як у некаторых краінах нашага рэгіёну, але адметнасьць іх у тым, што яны вельмі хутка растуць, у геамэтрычнай прагрэсіі апошнія некалькі гадоў. Яшчэ гадоў 7 таму Беларусь такіх даўгоў амаль не мела.

Карбалевіч: Прычым растуць на фоне сур’ёзнага эканамічнага крызысу ў краіне, што вельмі важна.

Дзіўна, што гэтае агенцтва кажа пра добрую гісторыя абслугоўваньня замежнага доўгу. Рэч у тым, што ўжо каторы год Беларусь дамаўляецца аб рэструктурызацыі доўгу, то бок у краіны няма валюты, каб ў тэрмін сплаціць доўг, і яна бярэ новы крэдыт, каб вярнуць старыя пазыкі. І гэта добрая гісторыя? Ствараецца крэдытная піраміда. І такая піраміда рана ці позна павінна абваліцца.

Дракахруст: Беларусь усё ж такі дамаўляецца пра рэструктурызацыю, мы ведаем некаторыя краіны, якія проста абвяшчаюць дэфолт, як, скажам, Грэцыя ці Ўкраіна, якія проста заяўляюць: мы не будзем плаціць. Няма чым. Яны нават ня могуць дамовіцца. Беларусь дамаўляецца.

Карбалевіч: Усё роўна назваць гэта добрай гісторыяй нельга. Што тычыцца новых крэдытаў, то пакуль, акрамя Расеі, новы пазыкі даюцца з цяжкасьцю. Урад не рашаецца разьмясьціць новыя эўрабонды на эўрапейскім фінансавым рынку, бо надта высокі працэнт давядзецца плаціць.

Апошнім часам улады робяць пазыкі на ўнутраным рынку. Але, падаецца, і тут ёсьць цяжкасьці. Колькасьць валюты, за якую як фізычныя і юрыдычныя асобы могуць купляць дзяржаўныя аблігацыі, зьмяншаецца, бо крызыс.

Перамовы з МВФ зайшлі ў тупік.

Перамовы з МВФ зайшлі ў тупік. Фонд выставіў новыя ўмовы, патрабуе правесьці строгую рэвізію банкаўскага сэктару і сытуацыі з эканамічным станам дзяржпрадпрыемстваў. У фонду ёсьць падазрэньні, што беларускія ўлады хаваюць рэальную карціну з закрэдытаванасьцю дзяржпрадпрыемстваў. Таму пэрспэктывы ня вельмі добрыя.

Цыганкоў: Наконт банкаўскага сэктару, дастаткова нечаканым для многіх, хто лічыць, што банкаўскі сэктар — гэта перадавая галіна беларускай эканомікі, была ацэнка Fitch, які лічыць гэты сэктар у Беларусі фундамэнтальна слабым. Доля праблемных крэдытаў падскочыла з 6% да 13%.

XS
SM
MD
LG