Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фуру эстонскага грузаперавозчыка канфіскавалі ў даход дзяржавы


Гаспадарам эстонскай фірмы Vitransa, якая спэцыялізуецца на міжнародных грузаперавозках, не ўдалося вярнуць аўтамабіль, арыштаваны ў Беларусі на пачатку году. Рашэньнем суду фура-«парушальніца» спагнаная ў даход дзяржавы.

Сёлета пры канцы лютага рэфрыжэратар, якім эстонскі кіроўца прывёз з Нарвэгіі ў Беларусь элітныя гатункі чырвонай рыбы, быў адканваяваны ў зону мытнага кантролю на вуліцы Бабушкіна за Менскай кальцавой дарогай і ад таго часу заставаўся пад арыштам.

Паралельна ў менскім Доме правасудзьдзя разглядаўся пазоў Транспартнай інспэкцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі да кампаніі Vitransa. Перавозчыку інкрымінавалася парушэньне правілаў разгрузкі з пагрозай спагнаньня «прадмета злачынства» ў даход дзяржавы.

Як расказаў Свабодзе Міхаіл Тарасюк, менскі адвакат эстонскага грузаперавозчыка, 5 жніўня суд прызнаў адказьніка вінаватым і прызначыў пакараньне ў выглядзе канфіскацыі маёмасьці. Такім чынам, для талінскага бізнэсоўца, уладальніка фірмы Vitransa Віктара Хобты паўгадавая эпапэя завяршылася істотнымі матэрыяльнымі стратамі — кошт цягача і «халадзільніка» перавышае 50 тысяч эўра.

У сярэдзіне ліпеня прадпрымальнік прыяжджаў у Менск на адно з паседжаньняў і ў камэнтары Свабодзе заявіў, што ўпершыню сутыкаецца зь «дзяржаўным рэкетам такога маштабу».

Чаму ў перавозчыка ўзьніклі такія праблемы? Як тлумачыць Віктар Хобта, адпачатку адрас выгрузкі ў накладной быў пазначаны адзін, але пакупнік — кампанія «Евроторг» — яшчэ да прыбыцьця тавару перапрадаў яго іншай структуры. Адрас выгрузкі, адпаведна зьмяніўся.

Сам бізнэсовец ня лічыць, што «парушэньне» цягне на прымененыя да яго санкцыі:

Віктар Хобта

Віктар Хобта

«Інкрымінуюць кабатаж — перавозку грузу і дастаўку тавару іншаму кліенту па ўнутранай таварна-транспартнай накладной. Замежнаму перавозчыку гэта рабіць забаронена. Але ж мы нічога не парушалі, у чым крымінал? Кліент сказаў — ён гаспадар, ён плаціць грошы. Адвязі ня ў пункт А, а ў пункт В, і ўсё. Зноў жа, атрымальнік паставіў штамп аб прыходзе тавару ў CMR. Ні пра які кабатаж няма і гаворкі, гэта зьмена месца выгрузкі. Усясьветная практыка: тавар растаможаны, ён мае ўнутранае хаджэньне ў Беларусі. Каб быў пад мытным кантролем і ішоў на склад, магчыма, была б іншая працэдура. Мы прыехалі пад плёмбай зь міжнароднай накладной CMR і пасьля мытні паехалі разгружацца. Кажуць, кіроўца не зрабіў зьмены ў CMR. У нас кіроўцы зьмены ў накладных ня робяць. Хто ён такі, каб нешта мяняць у дакумэнтах?».

Віктар Хобта пакуль ня ведае, якія крокі рабіць далей. Але не выключае, што будзе спрабаваць аспрэчыць рашэньне ў вышэйшай інстанцыі. Праўда, пасьля знаёмства зь беларускім правасудзьдзем у посьпех асабліва ня верыць.

Раней ён ужо накіраваў запыт прадстаўніцы Эстоніі ў Эўрапарлямэнце Яне Тоом (Yana Toom). Гаспадар кампаніі Vitransa цікавіўся, якімі рычагамі ўплыву на Беларусь валодаюць структуры Эўразьвязу, адказныя за транспартную сфэру.

XS
SM
MD
LG