Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі адзначаюць угодкі вайны 2008 году


Прэм'ер-міністар Грузіі Георгій Квірыкашвілі ўскладае вянок на могілках "Мухатгвэрдзі"

Прэм'ер-міністар Грузіі Георгій Квірыкашвілі ўскладае вянок на могілках "Мухатгвэрдзі"

Прэм’ер-міністар Грузіі Георгій Квірыкашвілі 8 жніўня наведаў могілкі ў прыгарадзе Тбілісі, дзе пахаваныя вайскоўцы, якія загінулі ў ходзе ваеннага канфлікту ў жніўні 2008 году.

Кіраўнік грузінскага ўраду заявіў, што мірнаму аб’яднаньню краіны няма альтэрнатывы.

«Нягледзячы на тое, што вайна доўжылася некалькі дзён, нашай краіне быў нанесены вялікі ўдар» — адзначыў прэм’ер.

«Я схіляю галаву перад памяцьцю ўсіх салдат, якія гераічна загінулі за радзіму ў жорсткай, няроўнай барацьбе. Пасьля гэтай вайны, у выніку расейскай акупацыі, у Грузіі сталі ўцекачамі нашы ж грамадзяне. І ў выніку гэтай вайны мы яшчэ больш аддаліліся ад абхазаў і асэтынаў» — падкрэсьліў Квірыкашвілі.

Квірыкашвілі перакананы, што Грузія павінна працягнуць пасьлядоўную палітыку прымірэньня з абхазамі і асэтынамі.

Паплечнікі экс-прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі па апазыцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» наведалі згаданыя могілкі 7 жніўня — яны лічаць, што вайна пачалася менавіта ў гэты дзень з артылерыйскіх абстрэлаў грузінскіх сёлаў з боку Паўднёвай Асэтыі.

Паводле афіцыйных дадзеных МУС Грузіі, апублікаваным напярэдадні гадавіны, у выніку баявых дзеяньняў на тэрыторыі Паўднёвай Асэтыі, а таксама бамбаваньняў і ракетных абстрэлаў грузінскіх населеных пунктаў па ўсёй тэрыторыі краіны, за пяць дзён ваеннага канфлікту загінулі 228 вайскоўцаў грузінскай арміі, 14 паліцыянтаў і 146 мірных жыхароў.

***

8 жніўня ў Грузіі ўспамінаюць ахвяр вайны з Расеяй 2008 году, у выніку якой расейскія сухапутныя войскі былі ўведзены ў Паўднёвую Асэтыю і Грузію, а расейская авіяцыя нанесла сэрыю разбуральных удараў па грузінскіх гарадах і вёсках. Расея на афіцыйным узроўні сьцьвярджала і працягвае сьцьвярджаць, што ваенная сіла была прыменена ў адказ на ўзмацненьне абстрэлу грузінскай арміяй адміністрацыйнага цэнтра Паўднёвай Асэтыі, гораду Цхінвалі, у выніку якога загінулі грамадзяне Расеі (да 2008 году многія жыхары Цхінвальскага рэгіёну ўжо пасьпелі абзавесьціся расейскімі пашпартамі) і расейскія міратворцы. Масква лічыць, што такім чынам тагачасны прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі спрабаваў умацаваць сваю ўладу ўнутры краіны. У Грузіі падзеі 2008 году называюць «акупацыяй» і настойваюць на тым, што рэжым спыненьня агню, які дзейнічаў на той момант, 7 жніўня быў парушаны менавіта асэтынскім бокам.

Расея афіцыйна ўступіла ў вайну 8 жніўня. 9 жніўня ў Кадорскай цясьніне да баявых дзеяньняў далучылася самаабвешчаная рэспубліка Абхазія, якая раней адкалоліся ад Грузіі. У Расеі ваенная апэрацыя атрымала сапраўды оруэлаўскую назва — «Прымус да міру». Вайна працягвалася 5 дзён. Пасьля заканчэньня яе гарачай фазы, у пэрыяд з 14 па 16 жніўня, кіраўнікі непрызнаных рэспублік Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, а затым прэзыдэнты Расеі і Грузіі пры пасярэдніцтве прэзыдэнта Францыі падпісалі плян мірнага ўрэгуляваньня канфлікту, названы «Плянам Мядзьведзева — Сарказі».

Ахвярамі вайны, па розных зьвестках, сталі ад 1000 да 4000 чалавек. Грузія сьцьвярджае, што страціла крыху больш за 400 вайскоўцаў і мірных жыхароў, расейскія крыніцы казалі аб 3000 загінулых толькі зь ліку грузінскіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў іншых сілавых ведамстваў. Расейскія страты ацэньваюцца Масквой у 67 загінулых, Тбілісі сьцьвярджаў, што Расея страціла ў гэтай вайне да 400 салдат.

XS
SM
MD
LG