Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад Адама да Пуціна» — у Расеі выйшаў падручнік гісторыі. 8 гарачых цытат


Падручнік гісторыі мае назву «Ад Адама да Пуціна» і складаецца зь пяці тамоў: «Ад Адама да Македонскага», «Ад Македонскага да Манамаха», «Ад Манамаха да ўпадзеньня грэкаў у ерась», «Ад Фэрары да Грознага», «Ад Грознага да Пуціна».

Складальнікі называюць падручнік «адзіным», хоць ні Міністэрства адукацыі і навукі, ні якая іншая інстанцыя яго для выкарыстаньня ў навучальных установах не рэкамэндавала. Выдадзены ён фондам «Таварыства аматараў старажытнай пісьменнасьці».

«У дадзеным падручніку няма ніякіх супярэчнасьцяў з агульнавядомымі фактамі, толькі трактуюцца яны з пункту гледжаньня праваслаўнага чалавека, а не ерэтыкоў ці бязбожнікаў», — піша выдавец у камэнтары да кнігі «Ад Адама да Пуціна».

Пра самога Пуціна ў кнізе амаль нічога не напісана. Адзначаецца толькі, што пасьля катастрафічнага ельцынскага пэрыяду гісторыі ў публічнай палітыцы Расеі і зьяўляецца Ўладзімер Пуцін — «будучы гаспадар Расеі». Аўтар жадае расейскай уладзе мудрасьці і «вяртаньня добрых стасункаў» з Ісусам Хрыстом.

Аўтар пятага тому падручніка — 49-гадовы Герман Стэрлігаў — расейскі бізнэсовец, вядомы сваімі радыкальна праваслаўнымі поглядамі. Быў адным з сузаснавальнікаў першай у Расеі таварнай біржы на пачатку 90-х, адзін зь першых расейскіх мільянэраў. Вылучаўся ў прэзыдэнты Расеі на выбарах 2004 году, аднак зарэгістраваны ня быў. У тым жа годзе пакінуў бізнэс і паехаў разам зь сям’ёй у вёску. Праз чатыры гады зноў вярнуўся да камэрцыйнай дзейнасьці.

Прапагандуе ідэі праваслаўнага хрысьціянства, хоць да ніводнай з існуючых цэркваў сябе не залічвае. Выступае за аб’яднаньне Расеі, Украіны і Беларусі. У 2014 годзе казаў, што хоча атрымаць пашпарт «ЛНР».

Свабода падабрала найбольш яркія цытаты з падручніка «Ад Адама да Пуціна».

Пра першую кансэрваторыю ў Расеі

«Ствараецца першая кансэрваторыя пад кіраўніцтвам ведзьмара Рубінштэйна. Першым яе выпускніком стаў адораны вядзьмар, які маніпулюе настроем людзей па сваёй волі камбінацыямі нот, — садаміт Чайкоўскі».

Пра першую адкрытую жаночую вучэльню ў Санкт-Пецярбургу

«Разбэшчваньне дзяўчат сталі ставіць на сыстэмную агульнадаступную аснову. Блудніцы запатрабаваныя ўсё больш і больш».

Пра адмену прыгоннага права

«Рэформа „вызваленьня“ сялян была вельмі запатрабаваная ведзьмарамі-навукоўцамі для рыўка навуковага прагрэсу і індустрыялізацыі, каб пачаўся масавы адток сялян зь вёскі ў гарады на фабрыкі і ў далёкія краі для пачатку прамысловага асваеньня далёкіх земляў».

Пра ўкраінскую мову

«На пачатку 20 стагодзьдзя пры поўным патураньні расейскіх уладаў зьяўляецца і шырока прапагандуецца нябачаная дагэтуль і незразумелая мова — „украінская мова“, прыдуманая групай навукоўцаў на чале з уніятам прафэсарам Грушэўскім. Мова зьяўляецца ў рамках фінансаваньня аўстрыякамі праграмы па культурным адасабленьні маларосаў у асаблівы народ, асобны ад вялікаросаў».

Пра законы

«Першая Дзяржаўная Дума — пачатак панаваньня ў Расеі талмудысцкага тыпу заканадаўства. Талмудысцкае заканадаўства — гэта калі ўсё, што ёсьць у жыцьці, спрабуюць расьпісаць безьліччу нарматыўных актаў. І гэта і называецца „выконваць закон“. Таму талмудысцкае заканадаўства велізарнае, і ніхто яго толкам ня ведае, як можна вывучыць мільёны ўсялякіх законаў і падзаконаў. А хрысьціянскае заканадаўства грунтуецца на Сьвятым Пісаньні па прынцыпе — усё, што супярэчыць Бібліі, тое па-за законам».

Пра рэвалюцыю 1905 году

«Ведзьмары-навукоўцы каламуцяць ваду. Загінула 9000, паранена 8000. Лодку рэвалюцый заўсёды разгойдваюць студэнты, то бок пачаткоўцы ведзьмавы-навукоўцы. Старэйшыя знакамітыя ведзьмары заўсёды руляць зь ценю».

Пра разьвіцьцё Расейскай імпэрыі на пачатку XX стагодзьдзя

«Велізарная колькасьць школ, якія адкрыліся і разбэшчваюць дзяцей нават ніжэйшых слаёў насельніцтва. Ведзьмары з мэдыцыны дабіраюцца да апошніх вёсак. Выпускаюцца дзясяткі газэт і часопісаў, усюды тэатры і ўжо першыя кінатэатры. Сынадальная ілжэцарква год за годам вядзе пропаведзь супраць самадзяржаўя. Ведзьмары-навукоўцы становяцца самымі паважанымі людзьмі ў грамадзтве».

Пра Барыса Ельцына

«Бязбожнік, масон, алкаш, вампір (у літаральным сэнсе), нацыянальнасьць дакладна невядомая».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG