Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алімпіяда толкам не пачалася, а беларусы ўжо вяртаюцца дадому


Зборная Беларусі на цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў

Зборная Беларусі на цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў

Першы ўік-энд на Алімпійскіх гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра прынёс беларускім заўзятарам суцэльныя расчараваньні.

Дзьве паразы запар пацярпела жаночая зборная Беларусі ў баскетболе: спачатку ад японак, а сёньня ўначы — ад францужанак. Каманда Францыі рэалізавала галявы момант разам з сыгналам сырэны (73:72), пакараўшы суперніц за замарнаваньне істотнай перавагі — цягам матчу беларускі мелі камфортную перавагу больш як у 10 пунктаў.

Нягледзячы на тое, што Алімпіяда толкам яшчэ нават не стартавала, для асобных беларускіх спартоўцаў яна ўжо завяршылася. Так, дзюдаіст Дзьмітры Шэршань прайграў у экстратайме ўзбэцкаму байцу Рышоду Сабіраву, і бразыльская эпапэя для яго скончылася. У жанчын Дар’я Скрыпнік без аніякіх шанцаў саступіла немцы Марын Крэ ў паядынку папярэдняга раўнду 1:11 і таксама пакінула спаборніцтвы.

Адзіная прадстаўніца Беларусі ў спартовай жаночай гімнастыцы — натуралізаваная амэрыканка Кейлі Дыксан — ня спраўдзіла гучных авансаў, ня здолеўшы прабіцца ні ў фінальныя васьмёркі ў індывідуальных відах, ні ў фінал шматбор’я, дзе выступяць 24 найлепшыя спартоўкі.

У спаборніцтвах па кулявой стральбе Вікторыя Чайка фінішавала далёка ад фіналу, заняўшы ў кваліфікацыі 16-е месца з вынікам 380 пунктаў. Пры тым, што «праходная» норма — 384. За мэдалі пазмагаюцца толькі восем найлепшых.

У плаваньні на сьпіне Віктар Стасяловіч і Мікіта Цмыг не прабіліся ў паўфінал, заняўшы ў кваліфікацыі 32-е і 29-е месцы адпаведна. З паказанымі вынікамі спадзявацца на цуд не выпадала.

У настольным тэнісе Аляксандра Прывалава выбыла ў другім коле спаборніцтваў, саступіўшы Чэнь Сыю з Тайваня — 2: 4. Вікторыя Паўловіч прабілася ў трэці раўнд турніру, абыграўшы расейку Паліну Міхайлаву — 4:2. Сёньня яе чакае сустрэча з 10-й ракеткай сьвету Чжэн Іцзін з Тайваня.

У групавой гонцы на велашашы Алена Амялюсік фінішавала 13-й. Гэта крыху лепей, чым чатыры гады таму ў Лёндане — там раварыстка заняла 15-е месца. За дзень да гэтага сышоў з дыстанцыі, не даехаўшы да фінішу, Васіль Кірыенка.

Баксёр Павал Кастрамін (вагавая катэгорыя да 69 кг) у 1/32 фіналу прайграў тайцу Сайлому Ардзі. Міхаіл Далгалевец (81 кг) на гэтай жа стадыі перамог італьянца Валянтына Манфрэдонія і цяпер сустрэнецца з другім пасеяным на турніры казахстанцам Адыльбекам Ніязымбетавым.

У нядзелю з-за моцнага ветру былі адмененыя спаборніцтвы на вясьлярным канале Рыё-дэ-Жанэйра. Таму беларускія «чацьвёрка» (Вадзім Лялін, Дзяніс Мігаль, Ігар Пашэвіч, Мікалай Шарлап) і жаночая «двойка» (Іна Нікуліна, Алена Фурман) правядуць свае папярэднія заезды пазьней.

8 жніўня беларусы выступяць на Алімпійскіх гульнях у чатырох дысцыплінах — парусным спорце, акадэмічным веславаньні, настольным тэнісе і кулявой стральбе.

Сёлета зборная Беларусі выправілася ў Бразылію без мэдалёвых плянаў, бо практыка паказала, што статыстычныя жаданьні спартовых чыноўнікаў не заўсёды адпавядалі ўзроўню гатоўнасьці атлетаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG