Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: Уладзімір Пуцін губляе сымпатыі расейцаў


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін губляе сымпатыі расейцаў, абыякавасьць да яго вырасла за апошнія паўтара году. Гэта вынікае з апытаньня «Левада-цэнтрe».

Паводле сацыёлягаў, колькасьць тых, хто сымпатызуе Пуціну, скарацілася да 29 адсоткаў. У сакавіку 2015 году такіх было 37 адсоткаў.

Дырэктар «Левада-цэнтру» Леў Гудкоў растлумачыў, што падзеньне сымпатыі да Пуціна ў параўнаньні зь леташнімі паказальнікамі зьвязана са зьнікненьнем эмацыйнага ўздыму ў расейцаў, выкліканага санкцыямі і анэксіяй Крыма, што, дзякуючы працы дзяржаўных СМІ, прымушала іх згуртавацца вакол прэзыдэнта.

Зараз жа, адзначае Гудкоў, на першы плян выходзіць абыякавае стаўленьне да прэзыдэнта, якое натуральнае для аўтарытарных рэжымаў.

17 адсоткаў рэспандэнтаў адказалі, што Пуцін ім абыякавы — гэта адзін з самых высокіх паказальнікаў абыякавасьці за ўвесь час правядзеньня апытаньняў. Больш было толькі ў сакавіку 2013 і ў студзені 2012, у апошнім выпадку — у разгар акцый пратэсту апазыцыі, незадаволенай фальсыфікацыямі на выбарах у Дзярждуму ў сьнежні 2011.

Разам з тым давер да прэзыдэнта Расеі застаецца на дастаткова высокім узроўні: паводле ліпеньскага апытаньня Лявада-цэнтру, цалкам давярае Пуціну кожны пяты апытаны, хутчэй давярае 58% апытаных. У параўнаньні з травеньскім апытаньнем зьнізілася доля тых, хто цалкам давярае прэзыдэнту РФ (тады 33% цалкам давяралі, 46% хутчэй давяралі). Але ліпеньскія лічбы падобныя да сакавіцкіх: цалкам давяралі 21%, хутчэй давяралі 52%.

Галоўнымі дасягненьнямі Пуціна рэспандэнты называюць ўмацаваньне арміі і пазыцый Расеі ў сьвеце, а няўдачамі — барацьбу з карупцыяй і хабарніцтвам (29 адсоткаў), павышэньне ўзроўню жыцьця грамадзян, рост заробкаў і пэнсій (27 адсоткаў) і эканамічнае разьвіцьцё (19 адсоткаў).

XS
SM
MD
LG