Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кортофель» ці «картофель» – за што мы плацім у краме


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Anatoli Sementovich дзеліцца ўражаньнем ад навінкі ў беларускіх крамах.

Каб узважыць гародніну ці садавіну на аўтаматычных шалях, трэба набраць назву плоду. Расейскай мовай. Танальнасьць допісу ня злосная, але іранічная. Маўляў, чарга ўтвараецца празь непісьменнасьць пакупнікоў у расейскай мове – «кортофель» набіраюць, а не «картофель».

А вось у камэнтах хапае абурэньня «павальнай непісьменнасьцю беларусаў».

Мае знаёмыя, хто меў са мною справу ў выпадках, калі нейкі тэкст трэба было пісаць расейскай мовай, ведаюць, што без праграмы праверкі правапісу я магу зрабіць на дзьве тысячы знакаў да дваццаці памылак. Мне даўно не да справы ў галаве «кортофель» ці «картофель». Праблемы «расейскай славеснасьці» мяне не цікавяць ад 1988 году, калі я апошні раз пісаў адказны тэкст па-расейску – дыктоўку на іспытах за восьмую (цяпер дзявятую) клясу.

А цяпер падумайце пра тое, што праца большасьці беларусаў не зьвязаная з напісаньнем пэўнай колькасьці знакаў. А яшчэ пра тое, што пераважная большасьць насельніцтва Беларусі – сталыя людзі. А гэта значыць, што да сёньня для большасьці беларусаў – тых самых сталых беларусаў – беларуская мова ёсьць роднай. А расейская – засвоенай. Прычым, вымушана засвоенай. Нават калі чалавек ад нараджэньня гаварыў трасянкай. Нават калі чалавек ад нараджэньня гаварыў расейскай лексыкай (словы), фанэтыка (гукі) ў яго заставалася беларускай.

Беларуская фанэтыка, а часам і лексыка, у Беларусі застаецца беларускай, ня гледзячы на дзьвесьце зь лішкам гадоў калянізацыйных захадаў з Усходу. Мы дзекаем, цекаем, акаем, у немалой ступені гэкаем незалежна ад мовы, якой карыстаемся. У лексычным запасе ў нас у Беларусі маюцца «шуфлядкі», «шуфлі», «бульба», «бурак» і г.д. нават у самых што ні ёсьць расейскамоўных людзей.

Беларуская граматыка школьных часоў вылятае з галавы «за ненадобностью», а расейская засвойваецца на ўзроўні апэратыўнай патрэбы.

Калянізацыя выбіла зь ці ня большасьці беларусаў родную лексыку, але не пераадолела фанэтыку.

Па-нармальнаму, у шалях-аўтамаце мусіла б быць дзьве мовы. Ананас з баклажанам не выклікалі б пытаньняў, а гурок, бульба і бурак – зьдзіўленьня.

А пакуль беларус у Беларусі абураецца/сьмяецца з суайчыньніка з-за няведаньня расейскай граматыкі, якая не засвойваецца, бо яе перакрывае беларуская фанэтыка. Сытуацыя нагадвае славуты анэкдот пра «вы ці крыжык здыміце, ці майткі надзеньце». Вы – расеец, ці вы – беларус.

Гэты філязофскі анэкдот у Беларусі нагадвае не пра гумар, а пра боль падваеньня, пра «Дзьве душы». Я кожны раз узгадваю названы раман Максіма Гарэцкага, калі чую ў Беларусі «гаварыце правільна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG