Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Віцебску патэнцыйных кандыдатаў будуць судзіць за сьпевы на пікеце


Пікет 27 ліпеня

Пікет 27 ліпеня

Падчас супольнага пікету па зборы подпісаў патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты Тацяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч прасьпявалі гімн «Магутны Божа». Спадар Станкевіч выканаў пад гітару ўласную песьню «Сьцяг».

Міліцыянты Кастрычніцкага раённага аддзелу расцанілі гэта як несанкцыянаваную масавую акцыю і падрыхтавалі дакумэнты для перадачы ў суд. Пра гэта даведаўся Георгі Станкевіч — адзіны з трох выканаўцаў, які стрымаў позву ў міліцыю:

«Позва была выпісана на нядзелю, 7 жніўня. Прыйшла напярэдадні, але паехаць я ня змог — усё ж жыву ў Бешанковіцкім раёне, а Віцебск ня так і блізка. Таму я патэлефанаваў да Сяргея Раманчука, участковага інспэктара Кастрычніцкага РАУС, які падпісаў позву. Той спытаўся: «Вы ж сьпявалі песьні пад нейкім бел-чырвона-белым сьцягам? Крычалі „Жыве Беларусь“? Таму, маўляў, вы парушылі заканадаўства — правялі несанкцыянаваную вулічную акцыю. Я толькі сказаў: „А каб крычалі, да прыкладу, „Жыве Польшча!“, то нічога б не парушылі?“ Міліцыянт толькі пасьмяяўся».

Участковы Сяргей Раманчук паведаміў, што чакаць тлумачэньняў адносна сьпеваў ня будзе — ён павінны як найхутчэй перадаць дакумэнты ў суд. Алена Шабуня і Тацяна Севярынец увогуле не атрымлівалі позваў у міліцыю, хаця іх абяцалі даслаць.

На думку актывістаў, якія вырашылі балятавацца на кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту, аніякіх парушэньняў зь іхнага боку не было. Супольны пікет па зборы подпісаў адбываўся 27 ліпеня, і удзельнікі віншавалі мінакоў з угодкамі прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь. Выкарыстаньне сымболікі прадугледжана выбарчым заканадаўствам, і адносна забароны сьпеваў там таксама нічога не сказана. Пікет праходзіў у месцы, якое не ўваходзіць у пералік недазволеных, сьпявалі актывісты таксама там, дзе подпісы зьбіраць можна.

Георгі Станкевіч не выключае, што суд адбудзецца ўжо неўзабаве: на ягоную думку, сытуацыя з адміністрацыйнай справай будзе выкарыстана, каб не дапусьціць вядомых у рэгіёне актывістаў да ўдзелу ў выбарах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG