Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лайнэры для абраных і брэндавы какаін: 6 фактаў пра Алімпіяду, якія вы ня ведалі


У бразыльскім Рыё-дэ-Жанейра 5 жніўня ўрачыста адкрыліся 31-е Алімпійскія гульні. Практычна ўвесь працэс падрыхтоўкі да гульняў суправаджаўся скандаламі і гучнымі арганізацыйнымі праблемамі.

Вы напэўна ў курсе і пра ліхаманку Зіка, і пра змрочную экалёгію ведаеце, і пра злачыннасьць чулі, і аб масавых праблемах з грашыма і алімпійскімі пабудовамі...

Нягледзячы на ўсё гэта Алімпіяда пасьпяхова стартавала і, мабыць, ёсьць сэнс пагаварыць не пра маштабныя «алімпійскія жахі», а пра тыя факты (якія не заўсёды прэтэндуюць на сур’ёзнасьць), якія ў многіх мэдыях не згадалі.

***

1. Упершыню ў Алімпіядзе ўдзельнічае каманда ўцекачоў з 10 чалавек. Спартоўцы з Паўднёвага Судану, Сырыі, Эфіопіі і Конга пазмагаюцца за мэдалі ў бегу, плаваньні і дзюдо. Створаная па ініцыятыве МАК каманда прадстаўляе не канкрэтныя краіны, а 65 мільёнаў чалавек, якім давялося пакінуць свае дамы.


2. Пакуль спартоўцы скардзіліся на жыцьцё ў алімпійскай вёсцы (многія праблемы да адкрыцьця ўдалося вырашыць), пацьвердзілася інфармацыя аб тым, што арганізатары, прадстаўнікі нацыянальных камітэтаў і спонсары будуць жыць на круізным лайнэры The Norwegian Getaway, які звычайна выконвае круізы па Карыбскім моры. Гэты шыкоўны карабель можа прыняць на борт да 4000 чалавек. Амэрыканскія баскетбольныя каманды таксама вырашылі жыць асобна — для іх кампанія-спонсар зафрахтавала 160-мясцовую яхту Silver Cloud.

3. Прывезьці ў горад 30 мільёнаў розных рэчаў для Алімпіяды — лягістычнае пекла, піша Bloomberg. Напрыклад, 310 коней, якія ўдзельнічаюць у конных дысцыплінах, везьлі адмысловымі рэйсамі Emirates SkyCargo, па 30 жывёл у кожным. Да кожнай з груп былі прыстаўлены 11 конюхаў і вэтэрынар.

4. У Бразыліі адступілі ад традыцыі і не прадставілі в.а. прэзыдэнта, які адкрываў гульні — памочнікі Мішэля Тэмэра асьцерагаліся, што гэта выкліча ў заўзятараў незадавальненьне (50% толькі бразыльцаў падтрымліваюць правядзеньне Алімпіяды з-за празьмерных расходаў). Нягледзячы на гэта, незадаволеных гукаў з трыбун пазьбегнуць не ўдалося. Бразылія адчувае найцяжэйшы фінансавы і палітычны крызіс за апошні час. Прэзыдэнтку краіны Дылму Русэф адхілілі ад улады за неправамернае расходаваньне бюджэтных сродкаў і парушэньне падатковага заканадаўства. На цырымонію адкрыцьця Русэф не прыйшла.

5. Сярод разнастайнасьці сувэніраў да Алімпіяды вылучаецца алімпійскі какаін, расфасаваны ў пакецікі з кольцамі і надпісам «не выкарыстоўваць побач з дзецьмі».


Паліцыя знайшла 93 такія пакуначкі ў наркадзяльцоў падчас рэйду ў канцы ліпеня. Дарэчы, літаральна за кілямэтар ад стадыёна Маракана, дзе праходзіла цырымонія адкрыцьця, знаходзіцца раён «Крэкалэндыя» — там наркотыкі спажываюць на вуліцах не саромеючыся. У адрозьненьне ад вытворчасьці і продажу, спажываньне наркотыкаў у Бразыліі ўжо 10 гадоў дэкрыміналізавана.

6. Паблізу ад алімпійскіх аб’ектаў для стралкоў з лука ўзровень забойстваў ўдвая перавышае сярэдні па Рыё, паведамляе Bloomberg са спасылкай на прааналізаваныя дадзеныя. А на знакамітым пляжы Копакабана зашкальвае працэнт крадзяжоў — у гэтым традыцыйна турыстычным раёне пройдуць спаборніцтвы па пляжным валейболе, трыятлёне і маратону (плаваньне).

XS
SM
MD
LG