На Данбасе за суткі загінулі трое ўкраінскіх вайскоўцаў, яшчэ чацьвёра паранены. Кіеў заяўляе аб перамяшчэньні цяжкай тэхнікі сэпаратыстаў паблізу лініі разьмежаваньня.
«Назіраецца падцягваньне артылерыйскіх сыстэм, ратацыя падразьдзяленьняў, у тым ліку і расейскіх войскаў», — паведаміў прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Лысенка.
Усяго за суткі сэпаратысты больш за 50 разоў абстралялі пазыцыі ўкраінскіх вайскоўцаў.
Кіраўнік упраўленьня Нацыянальнай паліцыі ў Данецкай вобласьці Вячаслаў Аброськін паведаміў таксама, што баевікі абстралялі прыватны сэктар горада Тарэцка:
«Уначы баевікі расстралялі прыватны сэктар, дзе пражываюць мірныя жыхары. Раён вуліц Маякоўскага і Чайкоўскага, тры домаўладаньня атрымалі пашкоджаньні, адно з іх цалкам выгарала».
Паводле яго слоў, толькі па чыстай выпадковасьці ніхто з мірных жыхароў не пацярпеў.
На Данбасе з пачатку ўзброенага канфлікту загінулі дзевяць з паловай тысяч чалавек. Большасьць з іх былі забіты артылерыйскім агнём. Пры гэтым выкарыстаньне цяжкай артылерыі з верасьня 2014 года забаронена Менскімі пагадненьнямі.