Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі велагоншчык Васіль Кірыенка ў групавой велагонцы ў форце Капакабана сышоў з дыстанцыі. Спартовец нібыта ўпаў за 140 км да фінішу.

Празь некалькі кілямэтраў пасьля падзеньня ён, як паведамілі некаторыя СМІ, прыняў рашэньне завяршыць выступ.

Пазьней сам Васіль Кірыенка абверг інфармацыю пра падзеньне. Таксама беларускае выданьне «Прэсбол» паведамляе, што на здымку (гл. вышэй), які шырока разышоўся ў мэдыях, паводле Міжнароднага алімпійскага камітэту, выяўлены не Васіль Кірыенка, а іншы спартовец.

Васіль Кірыенка быў сьцяганосцам зборнай Беларусі на ўчорашняй цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды ў Рыё.

Напярэдадні Алімпіяды яго крытыкавала беларуская незалежная супольнасьць за адмоўныя выказваньні пра беларускую мову.

Тры месяцы таму ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода Васіль Кірыенка назваў беларускую мову мёртвай:

«У мяне супярэчлівае стаўленьне да беларускай мовы... Справа ў тым, што большую частку часу я знаходжуся ў Гішпаніі, акурат на мяжы з Краінай Баскаў. Яна афіцыйна не існуе як адміністрацыйная адзінка, але жыхары лічаць інакш: усяляк адмяжоўваюцца ад гішпанскай апекі, гавораць на сваёй мове. Дык вось мне цікавей было б ведаць іхнюю мову эўскера, чым сваю, беларускую.

Чаму? Таму што, прабачце, можа каго пакрыўджу, але беларуская мова — не жывая; гэта мёртвая мова, на якой практычна ніхто не размаўляе. Яе, як лічу, у прымусовым парадку навязваюць, прыкладам, прымушаюць вывучаць маю дачку. Я, па вялікім рахунку, супраць гэтага. І калі мяне запытаюць — ці трэба так рабіць — адкажу: канечне, не!

Я некалі таксама вывучаў мову, нават пяцёркі меў, але пасьля школы яна мне нідзе не прыдалася! Хіба з палякамі кантактаваў, бо па-беларуску разумеюць, а больш гэтае веданьне ніякай практычнай карысьці не дало. Спрабаваць ажывіць нежывое — лішняе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG