Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля Мірскага замку знойдзеная невядомая рэзыдэнцыя Радзівілаў. Фотарэпартаж з раскопак


Археолягі з Інстытуту гісторыі НАН Беларусі знайшлі падмурак невядомай рэзыдэнцыі XVI-XVII стагодзьдзяў каля Мірскага замку. Раней лічылася, што на месцы руінаў стаяў толькі палац XX стагодзьдзя.

У канцы 2015 году Інстытут гісторыі НАН і музэй «Замкавы комплекс «Мір» падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве. У межах гэтага пагадненьня 4 ліпеня група археолягаў прыехала ў Мір. Цягам двух тыдняў навукоўцы мусілі правесьці раскопкі на месцы, дзе стаяў палац князёў Сьвятаполк-Мірскіх. Заўжды лічылася, што палац быў пабудаваны ў пачатку XX стагодзьдзя.

Музэй «Замкавы комплекс «Мір» замовіў сёлета раскопкі

Музэй «Замкавы комплекс «Мір» замовіў сёлета раскопкі



Нечакана для навукоўцаў раскопкі давялося падоўжыць да аднаго месяцу. Пад сьмецьцем, якое назьбіралася за апошнія сто год, яны знайшлі падмурак будынку, узьведзенага на мяжы XVI і XVII стагодзьдзяў.

Па гэтай цэгле-пальчатцы вызначылі час пабудовы рэзыдэнцыі

Па гэтай цэгле-пальчатцы вызначылі час пабудовы рэзыдэнцыі



Раней ніхто не задумваўся, ці было штосьці на месцы палацу Сьвятаполк-Мірскіх. Да нашых дзён захаваліся толькі дзьве выявы самога палацу. Ён згарэў ад пажару ў часы Першай сусьветнай вайны, калі ў Міры стаялі казакі.

Адкрытыя падмуркі рэзыдэнцыі Радзівілаў ў 500 мэтрах ад Мірскага замку

Адкрытыя падмуркі рэзыдэнцыі Радзівілаў ў 500 мэтрах ад Мірскага замку



Потым на месцы палацу была сьметніца, і да нашага часу зь зямлі выступала толькі некалькі кавалкаў сьценаў.

Час пабудовы старэйшага будынку вызначылі па цэгле-пальчатцы. Гэты тып будаўнічых матэрыялаў выкарыстоўваўся толькі у XVI і XVII стагодзьдзях. Памеры цэглы ў Міры характэрныя да канца XVI — пачатку XVII. У гэты час Мір належаў Радзівілам.

Ірына Ганецкая правяла ў Міры ўжо цэлы месяц

Ірына Ганецкая правяла ў Міры ўжо цэлы месяц



«Атрымліваецца, што палац Сьвятаполк-Мірскіх пабудаваны на падмурку дому у фальварку Замір’е часоў Мікалая Крыштофа Радзівіла «Сіроткі», — сказала Свабодзе Ірына Ганецкая, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН, якая кіруе раскопкамі.



Па словах археоляга, акурат з канца XVI стагодзьдзя вакол замкаў пачалі ўзьнікаць фальваркі. Туды пераносіліся ўсе гаспадарчыя функцыі замкаў: гароды, палі, бровары, захоўваньне збожжа. У часы «Сіроткі», верагодна, у фальварку Замір’е жыў намесьнік гаспадара.

А гэта XX стагодзьдзе — сьляды таго самага палацу Сьвятаполк-Мірскіх

А гэта XX стагодзьдзе — сьляды таго самага палацу Сьвятаполк-Мірскіх



Матэрыялы пабудовы аналягічныя матэрыялам, зь якіх пабудаваны Мірскі замак. На месцы знайшлі мала побытавых рэчаў. Гэта прыкмета таго, што будынак даглядаўся і яго трымалі ў чысьціні.

Сабраныя матэрыялы зараз будуць уносіць у рэестар

Сабраныя матэрыялы зараз будуць уносіць у рэестар



Найбольшая калекцыя знойдзеных артэфактаў — будаўнічыя матэрыялы. Кафля ад ручнога вырабу зь мяжы XVI-XVII да фабрычнага пачатку XX стагодзьдзя. Тут таксама знойдзеныя тры гатункі дахоўкі з розных эпох.

Кафля розных эпохаў

Кафля розных эпохаў



5 жніўня раскопкі скончыліся. Але Ірына Ганецкая яшчэ месяц правядзе ў Міры, каб скласьці рэестар знойдзеных артэфактаў і правесьці фіксацыю раскопу і выяўленых будаўнічых канструкцый.

Флігель пачатку ХХ стагодзьдзя, верагодна, стаіць на падмурку старэйшага флігелю

Флігель пачатку ХХ стагодзьдзя, верагодна, стаіць на падмурку старэйшага флігелю



Падчас працы археолягі вывучылі тэрыторыю ў 200 квадратных мэтраў. Яны адкрылі больш за палову ад усіх падмуркаў. Над паўднёвай часткай цяпер разьбітыя гароды мясцовых жыхароў, якія жывуць у флігелі пачатку XX стагодзьдзя.

Мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць старую кафлю на сваіх гародах

Мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць старую кафлю на сваіх гародах



«Раскопкі, безумоўна, трэба працягваць, — кажа Ганецкая. — Фальварак — гэта рэзыдэнцыя і гаспадарчы комплекс — неад’емная частка замку. Апроч жылога дому ў Замір’і можна дасьледаваць і іншыя пабудовы. Тут шмат чаго даступна для дасьледаваньняў».



Раскопкі праводзіліся на замову і за кошт музэю. Раскапаныя падмуркі плянуюць выкарыстоўваць у якасьці музэйнай атракцыі. Але да канца працы яны будуць агароджаныя, паколькі тут ёсьць нераскрытыя і небясьпечныя сутарэньні.

XS
SM
MD
LG