Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі эканамісты перамаглі фінансістаў і што гэта азначае


Абмяркоўваюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.


Глод: Нацыянальны банк Беларусі ад 17 жніўня зьніжае стаўку рэфінансаваньня — з 20% да 18%. Гэта ўжо чацьвёртае скарачэньне ад пачатку году. Агулам за гэты час стаўка апусьціцца ўжо на 7 працэнтных пунктаў.

Сваё рашэньне беларускі рэгулятар тлумачыць запаволеньнем інфляцыі да 12,1% (пры плянах на канец году ня болей за 12%), паляпшэньнем сытуацыі з гандлёвым балянсам, а таксама на дэпазытным і валютным рынку.

Сапраўды, пачынаючы зь вясны, на валютным рынку пераважае чысты продаж валюты як прадпрыемствамі, так і насельніцтвам. На рынку рублёвых дэпазытаў паступова павялічваецца доля доўгатэрміновых безадклікальных укладаў. А гэта памяншае верагоднасьць таго, што ўкладчыкі могуць масава забраць свае грошы з банкаў.

Доля валюты на дэпазытах насельніцтва ўжо перавысіла 80%, а зьніжэньне ставак па рублёвых дэпазытах непазьбежна прывядзе да яшчэ большай далярызацыі ўкладаў.

Здаецца, падставы для такога рашэньня існуюць. Аднак фінансавы аналітык Вадзім Іосуб зьвяртае ўвагу на тое, што днямі Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця (як крэдытор Беларусі) і МВФ (як патэнцыйны крэдытор), не згаворваючыся, выказалі занепакоенасьць высокімі тэмпамі зьмякчэньня манэтарнай палітыкі ў Беларусі. На іх думку, гэта стварае рызыкі для фінансавай стабільнасьці на тле ўсё яшчэ высокіх дэвальвацыйных і інфляцыйных чаканьняў. Акрамя таго, выклікае неспакой і структура дэпазытаў насельніцтва. Доля валюты ў іх ужо перавысіла 80%, а зьніжэньне ставак па рублёвых дэпазытах непазьбежна прывядзе да яшчэ большай далярызацыі ўкладаў. У гэтай сытуацыі ў Нацбанку застаецца ўсё менш рычагоў для ўзьдзеяньня на шырокую грашовую масу, а грашова-крэдытная палітыка становіцца менш эфэктыўнай.

Такім чынам, на адной шалі ляжыць зьніжэньне кошту пазыковых рэсурсаў для неэфэктыўных дзяржаўных прадпрыемстваў. На другой — сур’ёзныя рызыкі для выдзяленьня Эўразійскім фондам трэцяга і наступных траншаў крэдыту, а таксама для перамоваў з МВФ па новай крэдытнай праграме. Прычым бальшыня экспэртаў упэўненыя, што зьніжэньне стаўкі не ўратуе стратныя прадпрыемствы. А вось Эўразійскі фонд можа і затрымаць рашэньне аб чарговым траншы. Бо ў дакумэнты крэдытнай праграмы сёлета ўнесьлі зьмены і дапаўненьні, у якіх агавораныя ўмовы выдачы Беларусі крэдыту.

У прыватнасьці, цяпер дынаміка стаўкі рэфінансаваньня ў Беларусі павінна быць увязаная з сытуацыяй у плацёжным балянсе краіны. І Эўразійскі банк разьвіцьця на гэтым настойвае.

Некаторыя экспэрты сэнс рашэньня Нацбанку аб зьмяншэньні стаўкі рэфінансаваньня ўклалі ў адзін сказ: «Лобі рэальнай эканомікі перамагло фінансістаў». Ці згодныя вы, калегі, з гэтай фармулёўкай?

Цыганкоў: Згодны. Лобі рэальнай эканомікі цяпер падвышае свой уплыў, бо менавіта яму неабходнае зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня, хоць тут якраз тая самая сытуацыя, калі гэтая рэч патрэбная ня толькі беларускім прадпрыемствам, але і ўсёй беларускай эканоміцы. Мы трошкі прызвычаіліся жыць ва ўмовах інфляцыі і ва ўмовах падзеньня абменнага курсу беларускага рубля. Тое, што апошнія паўгода зьніжаецца інфляцыя, стаўка рэфінансаваньня, і што курс беларускага рубля адносна стабільны, для многіх беларусаў гэта нешта незвычайнае. Хоць на самой справе трэба прызнаць, што адносна стабільны курс беларускага рубля і адносна нізкая інфляцыя павінны стаць нейкім правілам жыцьця беларускай эканомікі. Гэта тое, ад чаго ўжо можна адштурхоўвацца, калі казаць пра нейкія далейшыя эканамічныя пераўтварэньні і патэнцыйныя рэформы.

Што да канкрэтна стаўкі рэфінансаваньня, то менавіта яе зьніжэньне дае штуршок да ажыўленьня вытворчасьці.

Што да канкрэтна стаўкі рэфінансаваньня, то менавіта яе зьніжэньне дае штуршок да ажыўленьня вытворчасьці. Паколькі вялікая стаўка рэфінансаваньня і так званыя дарагія крэдыты часам становяцца праблемай, пра якую кажуць «генэралы вытворчасьці», бо яны ня могуць, напрыклад, узяць крэдыт на новае абсталяваньне, мадэрнізацыю, бо ў Беларусі крэдыты занадта дарагія. Стабільная і настойлівая жорсткая манэтарная пазыцыя Нацбанку прывяла да пэўнай стабілізацыі на фінансавым рынку. І гэта дазваляе будаваць больш пасьлядоўныя стратэгічныя пляны па разьвіцьці вытворчасьці. Бо калі ўсё ўвесь час мяняецца, людзі ня думаюць пра будучыню, а жывуць адным днём.

Карбалевіч: Як кажа шмат хто зь незалежных эканамістаў, сёньня стаўка рэфінансаваньня ня моцна і ўплывае на сытуацыю на фінансавым рынку. Але зразумела, што высокая стаўка рэфінансаваньня азначае высокія крэдыты, што б’е ня толькі па дзяржаўных прадпрыемствах, але і па беларускім бізнэсе, таму што высокія крэдыты акупіць даволі цяжка.

Сапраўды, зьвяртае на сябе ўвагу, што гэтае рашэньне Нацбанку было прынятае адразу пасьля заявы Эўразійскага банку разьвіцьця, які кіруе сродкамі Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, у якой ён папярэджвае Беларусь пра недапушчальнасьць зьніжэньня стаўкі рэфінансаваньня, увязваючы з гэтым чыньнікам выдзяленьне наступных траншаў крэдытаў. Але Нацбанк дэманстратыўна пайшоў насуперак думцы адзінага сёньня крэдытора. Што за гэтым стаіць?

Пад шумок дэнамінацыі значна павялічыўся аб’ём рублёвай масы ў эканоміцы. І гэта сьведчыць, што, магчыма, пад ціскам палітычнага кіраўніцтва Нацбанк зьмякчае сваю крэдытна-грашовую палітыку, якая дасюль была жорсткай.

Думаю, існуюць дзьве прычыны. Першая, пра якую ўжо згадвалася, — гэта лабіраваньне ўрадам і дырэктаратам курсу на больш танныя крэдыты для прамысловасьці. Некаторыя эканамісты, напрыклад, Яраслаў Раманчук, зьвярнулі ўвагу, што пад шумок дэнамінацыі значна павялічыўся аб’ём рублёвай масы ў эканоміцы. І гэта сьведчыць, што, магчыма, пад ціскам палітычнага кіраўніцтва Нацбанк зьмякчае сваю крэдытна-грашовую палітыку, якая дасюль была жорсткай. І ўсё гэта — каб ажывіць прамысловасьць.

Другі чыньнік. Беларускае кіраўніцтва разумее, што Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця — не самастойны суб’ект. Рашэньні прымае кіраўніцтва Расеі. А з Пуціным заўсёды можна дамовіцца. Таму ёсьць надзея, што Расея з палітычных матываў прыме палітычнае рашэньне, не зважаючы на эканамічныя і фінансавыя чыньнікі.

Думаю, больш важны ўплыў на беларускую эканоміку зробіць пастанова Нацбанку, прынятая 1 жніўня. Паводле яе, ад 1 верасьня для беларускіх прадпрыемстваў-экспартэраў зьніжаецца памер абавязковага продажу замежнай валюты з 30 да 20% ад сумы выручкі ў замежнай валюце. Гэта крок па лібэралізацыі фінансавага рынку краіны. Які, дарэчы, ідзе ў рэчышчы патрабаваньняў замежных крэдытораў, у тым ліку МВФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG