Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскі журналіст расейскаму МЗС: Не хавайцеся за Беларусь!


Ондржэй Соўкуп з сынам
Ондржэй Соўкуп з сынам

МЗС Расеі патлумачыла адмову ў візе чэскаму журналісту «інтэграцыйнымі» абавязаньнямі.

Адмова амбасады Расеі выдаць візу чэскаму журналісту Ондржэю Соўкупу не зьвязаная з адмовай у падаўжэньні чэскай акрэдытацыі расейскім журналістам, заявіла 5 жніўня Міністэрства замежных спраў Расеі.

Як гаворыцца ў паведамленьні расейскага МЗС, нявыдача візы зьвязаная з «абавязаньнямі, што вынікаюць з удзелу нашай краіны ў шэрагу інтэграцыйных аб’яднаньняў». Якіх менавіта, у прэс-рэлізе МЗС не пазначана.

Сам Ондржэй Соўкуп патлумачыў Радыё Свабода, што з краінаў, якія шчыльна інтэграваныя з Расеяй, ён наведваў толькі Беларусь — апошні раз крыху больш за месяц таму, падчас візыту ў Беларусь міністра замежных спраў Чэхіі Любаміра Зааралка. Пры гэтым ён ніколі ня меў праблемаў зь беларускай візай ці ўездам у Беларусь.

У часы вялікіх папярэднікаў дакладна ня здарылася б так, каб калегі ня высьветлілі, што я рэгулярна ежджу ў Беларусь і атрымоўваю туды візы.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Ондржэй Соўкуп зьвярнуўся да расейскага МЗС: «Мушу ацаніць Вашую вынаходлівасьць у выдумваньні тэорыі, што гэта не была Вашая ініцыятыва, але што Вы толькі выконвалі просьбу свайго беларускага саюзьніка. Гэта ня мог быць ніхто іншы, бо ў Казахстане ці Армэніі я, на жаль, ня быў. З павагай стаўлюся да таго, што Вашае міністэрства спрабуе ісьці па сьлядах такіх вялікіх людзей, як Вячаслаў Молатаў ці Андрэй Грамыка. Аднак мяне засмучае падзеньне прафэсіяналізму вашых супрацоўнікаў. У часы вялікіх папярэднікаў дакладна ня здарылася б так, каб калегі ня высьветлілі, што я рэгулярна ежджу ў Беларусь і атрымоўваю туды візы. Як на злосьць, якраз месяц таму».

Раней Соўкуп казаў, што, паводле неафіцыйнай інфармацыі, якой ён валодае, гаворка ідзе пра «меры ў адказ» за нядаўнюю адмову чэскага міністэрства замежных спраў падоўжыць акрэдытацыю двух расейскіх журналістаў — Уладзіміра Сьнегірова і Аляксандра Куранава.

Прадстаўнік МЗС Чэхіі ў інтэрвію Радыё Свабода абгрунтаваў адмову ў акрэдытацыі расейскім журналістам рэкамэндацыяй чэскіх спэцслужбаў, аднак адмовіўся раскрыць падрабязнасьці. Пры гэтым адмова ў акрэдытацыі не азначае забароны на ўезд або пражываньне расейскіх журналістаў у Чэхіі. Ондржэй Соўкуп — адзін з вядучых чэскіх экспэртаў па Расеі і постсавецкіх краінах — тады заклікаў чэскі МЗС перагледзець сваё рашэньне.

«Атрымліваецца дакладна паводле законаў Мэрфі: я выступаў супраць таго, каб у іх адабралі акрэдытацыю, дапамагаў ім, а ў фінале так атрымалася, што я стаў першым, хто пацярпеў ад мер у адказ», — сказаў тады Соўкуп у камэнтары для Радыё Свабода.

Ва ўсім гэтым ёсьць нейкая лёгіка вар’яцтва.

Уладзімір Сьнегіроў у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што паведамленьне аб адмове Соукупу ў візе засмуціла яго: «Менавіта ён адным зь першых прыйшоў мне на дапамогу, калі ў красавіку чэскі МЗС не працягнуў мне акрэдытацыю. Ва ўсім гэтым ёсьць нейкая лёгіка вар’яцтва: з аднаго боку, па незразумелых прычынах адмовілі ў акрэдытацыі мне, а цяпер пазбавілі магчымасьці прыехаць у Расею чалавека, які абсалютна ляяльны да Расеі і шмат добрага пра яе пісаў. Нашы ўлады неадэкватна павялі сябе ў гэтай сытуацыі».

Ондржэй Соўкуп (Ondřej Soukup) — чэскі журналіст, міжнародны аглядальнік газэты Hospodařské noviny. Адзін год працаваў карэспандэнтам гэтай газэты ў Маскве; раней чатыры гады быў мэнэджэрам праектаў недзяржаўнай арганізацыі «Чалавек у бядзе» ("Člověk v tísni"); яшчэ раней, два гады адпрацаваў архіварыюсам Open Media Research Institute, які да 1998 году дзейнічаў пры Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG