Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лоеў «пастарэў» на 4–5 стагодзьдзяў, засьведчылі архэолягі


Раскопкі на гары Лоя

Раскопкі на гары Лоя

Экспэдыцыя Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вядзе раскопкі Лоевай гары ў аднайменным мястэчку пры ўтоку ракі Сож у Дняпро. Выглядае, што Лоеў, датай нараджэньня якога лічыцца 1505 год, «пастарэе» яшчэ на 4–5 стагодзьдзяў.

На самым высокім месцы гэтага паўднёва-ўсходняга райцэнтру краіны — гары Лоя — у гэтыя жнівеньскія дні не сьціхаюць гоман, шоргат савочкаў і рыдлёвак, ангельская ды гішпанская мовы, а часам і песьні. Тут працуе каля дзясятка валянтэраў зь Беларусі, Францыі, Японіі, Турэччыны. На мінулым тыдні дапамогу ў раскопках аказвала моладзь Нямеччыны, Гішпаніі, Нідэрляндаў і нават Паўднёвай Афрыкі. Кожны дзень на замчышча прыходзяць мясцовыя жыхары, у тым ліку школьнікі — калі пяць, а бывае, сем і восем дзяўчатак і хлопчыкаў.

Шчыраваньне лоеўскіх школьнікаў

Шчыраваньне лоеўскіх школьнікаў

Мікіта

Мікіта

— Ганна Рыгораўна, я знайшоў! — пяціклясьнік Мікіта, які прыехаў у Лоеў да бабулі на канікулы зь Менску і надзвычай захапіўся раскопкамі, паказвае навуковай супрацоўніцы Інстытуту гісторыі Ганьне Цімафеенцы незвычайнай формы каменьчык.

Ганна Цімафеенка

Ганна Цімафеенка

Кіраўніца раскопак разглядае каменьчык, усьміхаецца і кажа пакласьці яго на газэту разам зь іншымі знаходкамі.

«На мэце ставіцца вывучэньне культурнага напластаваньня ўсяго гарадзішча. Разьбіваем яго выведкавымі траншэямі, каб зразумець, як ішлі напластаваньні, якая інтэнсіўнасьць жыцьця была на тэрыторыі замчышча, на яго блізкіх і далёкіх подступах. І ўжо тады мы будзем мець агульны такі малюнак, уяўленьне пра тое, як і колькі тут жылі людзі», — кажа Ганна Цімафеенка.

На цяперашнім раскопе, глыбінёю сантымэтраў трыццаць і плошчаю звыш паўсотні квадратных мэтраў, экспэдыцыя наткнулася на разбураную печ. Яна тут з 18 стагодзьдзя. Вакол знайшлі шэраг цікавых у навуковым і эстэтычным пляне рэчаў — іконку Нараджэньня Хрыстовага, фрагмэнты шкляных бранзалетаў, частку курыльнай люлькі 17 стагодзьдзя, пацерку, пятроўскую манэту-«лускавінку» («чешуйка»), шмат ядзерцаў 17–18 стагодзьдзяў са сьвінцовага сплаву. Знайшлося і жалезнае ядро.

Тэадаліт археолягам у дапамогу. Ганна Цімафеенка і валянтэрка з Магілёва Насьця Вазьнюк

Тэадаліт археолягам у дапамогу. Ганна Цімафеенка і валянтэрка з Магілёва Насьця Вазьнюк

«Падчас раскопак, — кажа Цімафеенка, — праглядваецца нават дзясятае стагодзьдзе, але пакуль толькі ў так званым пад’ёмным матэрыяле. У матэрыялах раскопак і непасрэдна ў культурных адкладах летась мы сустракалі прадметы 14 стагодзьдзя. Вядома, жыцьцё тут існавала і раней. У нас ёсьць прылады працы, набор керамікі, якія сьведчаць пра існаваньне тут гарадзкога паселішча ў 11–13 стагодзьдзях, а па кераміцы — нават у 10 стагодзьдзі».

Валянтэрка з Францыі Манон лічыць, што раскопкі — надзвычай добрая магчымасьць адкрыць для сябе Беларусь, бо краіна ня надта вядомая ў Францыі. Дзяўчына крыху размаўляе па-расейску, але адказвае па-ангельску.

«У сваёй навучальнай установе я вывучаю літоўскую і расейскую мовы, цікаўлюся славянскай культурай. Для французаў Беларусь — малавядомая, нават загадкавая краіна. Інфармацыі бракуе. Шмат хто наагул ня надта добра кажа пра Беларусь. Ну, я й „прышпілілася“ да раскопак, каб глыбей пазнаёміцца з вашай краінай», — кажа француская студэнтка.

Мікалай Анісавец

Мікалай Анісавец

Лоеўскі гісторык і краязнавец Мікалай Анісавец, які таксама наведваецца на раскопкі, апавядае, што 440 гадоў таму, акурат 3 жніўня 1576 году, з ініцыятывы мясцовага старасты Паўла Сапегі, дзядзькі славутага канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, Лоеў (на той час — Лоева Гара) атрымаў Магдэбурскае права. Такі прывілей падпісаў Стэфан Баторы — кароль польскі і вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі. Праз год Магдэбурскае права займеў Мазыр. А Гомель — ажно празь дзевяноста чатыры гады, у 1670-м.

Сапега вызначыўся тым, што пасьля набегу татараў зь Перакопскай арды, калі паселішча было спалена, адбудаваў замак на Лоевай Гары.

«Лоеў, — кажа гісторык Анісавец, — быў фарпостам ВКЛ на яго паўднёва-ўсходніх межах. А заснаваны ён, без сумневу, выбітным гандляром Лоем. Хто ён быў па этнічным паходжаньні, сказаць цяжка, але гэта рэальны гістарычны пэрсанаж. Ён і мыта зьбіраў на гэтым водным шляху „з варагаў у грэкі“. Раскопкі студэнтаў з Гомельскага ўнівэрсытэту вышэй па Дняпры, каля цяперашняй вёскі Мохаў, выявілі старажытнае гарадзішча, дзе, выглядае, месьцілася вялікакняская дружына, якая й дапамагала Лою зьбіраць даніну».

Суразмоўца заўважае, што яго як гісторыка і краязнаўцу заўсёды зьдзіўляла неадпаведнасьць: у кнізе «Памяць. Лоеўскі раён» налічваецца сямсот старонак. Так званы «дакастрычніцкі пэрыяд», іншымі словамі, амаль тысяча гадоў гісторыі (афіцыйна — напалову менш), займае ўсяго семдзесят восем старонак. Астатнія прыпадаюць на семдзесят гадоў савецкага «пасьлякастрычніцкага» часу.

«Раскопкі на замчышчы дапамогуць выявіць новыя артэфакты, глыбей зазірнуць у гісторыю. Відавочна, што на гары павінен быць помнік Лою — заснавальніку мястэчка над Дняпром», — лічыць гісторык Анісавец.

Ушанаваньня патрабуе і Лоеўская бітва блізу «татарскага броду» на правабярэжжы Дняпра 31 ліпеня 1649 году, у якой войскі ВКЛ пад камандаваньнем гетмана польнага Януша Радзівіла ўшчэнт разьбілі нашмат большую армію Міхаіла Крычэўскага, хаўрусьніка Багдана Хмяльніцкага — не далі далучыць тутэйшыя землі да казацкай дзяржавы. Мясцовыя актывісты з ініцыятывы краязнаўцы Анісаўца ўсталявалі валун на месцы, дзе стаялі войскі Радзівіла. Аднак адмысловы помнік на месцы лёсавызначальнай бітвы таксама павінен быць — дзеля гістарычнай справядлівасьці.

У раскопе

У раскопе

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG