Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму віцэ-сьпікер Сэйму паціснуў руку Андрэйчанку і Мясьніковічу


Чаму ўпершыню за шмат гадоў афіцыйная дэлегацыя парлямэнту заходняй краіны, Польшчы, сустрэлася з кіраўніцтвам Нацыянальнага сходу Беларусі?

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Сяргей Дубавец, Уладзімер Глод.


Дракахруст: 2–4 жніўня Беларусь наведвае парлямэнцкая дэлегацыя Польшчы на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім.

У першы ж дзень візыту дэлегацыя сустрэлася з кіраўнікамі Нацыянальнага сходу: старшынём палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам і кіраўніком Савету Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам.

3 жніўня адбыліся сустрэчы польскай сэймавай дэлегацыі ў МЗС і з мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, ускладаньне вянкоў у Курапатах.

Сёньня ў спадара Тэрлецкага і яго калегаў сустрэча зь беларускай апазыцыяй, мясцовымі ўладамі і польскай грамадой Баранавічаў, а ў Берасьці ў гэты дзень дэлегацыя сустрэнецца з польскімі бізнэсоўцамі, якія інвэстуюць у Беларусь.

Але я — да першага дня візыту, да сустрэчы з кіраўніцтвам Нацыянальнага сходу. Здаецца, хіба ня з 1996 году дэлегацыі парлямэнтаў заходніх краінаў пазьбягалі сустракацца з прадстаўнікамі Нацыянальнага сходу. Запрашаць назіральнікамі некуды — было, на парлямэнцкую асамблею АБСЭ — было, візыты розных камісіяў міжнародных парлямэнцкіх арганізацый — бывала. Але каб другая асоба парлямэнту заходняй, натаўскай, эўразьвязаўскай краіны ў Менску паціскала руку старшыні парлямэнту, прызнанага Эўропай нелегітымным — не, не было. Нацыянальны сход Беларусі дагэтуль не ўваходзіць у Эўранэст — парлямэнцкую асамблею Ўсходняга партнэрства з прычыны яго недастатковай, з пункту гледжаньня ЭЗ, легітымнасьці. Але гэтай легітымнасьці дастаткова, каб прымаць у Менску дэлегацыю польскага Сэйму.

Палітыка ізаляцыі не спрацавала, ня выклікала зьменаў у беларускай сыстэме, яна павялічвала залежнасьць Беларусі ад Расеі. Было вырашана зьмяніць ізаляцыю на ўцягваньне, на ўзаемадзеяньне.

Зьвяртаюць на сябе ўвагу і некаторыя заявы спадара Тэрлецкага падчас гэтых сустрэчаў. «Спадзяюся, пасьля верасьнёўскіх выбараў да вас ня будзе пытаньняў, і адносіны Беларусі і ЭЗ працягнуць нармалізацыю», — заявіў ён. Спадзявацца на лепшае заўсёды варта, але спосаб фармаваньня выбарчых камісіяў у Беларусі падчас гэтых выбараў спараджае ўжо цяпер пытаньні з пункту гледжаньня чысьціні працэдуры. Але віцэ-спікеру Сэйму, зразумела, відней, ці будуць гэтыя пытаньні з боку Эўразьвязу зададзеныя.

Таксама цікавы дыялектычны адказ Рышарда Тэрлецкага на пытаньне, ці азначае яго сустрэча з Уладзімірам Андрэйчанкам, што Польшча цяпер прызнае беларускі парлямэнт. «Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў санкцыі Эўразьвязу былі зьнятыя. Гэта дало новы штуршок для разьвіцьця адносінаў зь Беларусьсю, перад намі парлямэнцкія выбары. Я спадзяюся, што яны будуць дастаткова празрыстымі і адкрытымі. Сытуацыя мяняецца хоць бы таму, што наш візыт адкрывае дзьверы для міжпарлямэнцкіх кантактаў. Мы можам па-рознаму ацэньваць палітычныя сыстэмы ў розных краінах Эўропы і сьвету, але ня хочам занядбаць кантакты з суседняй краінай і блізкім нам народам».

Дыплямат. Іншымі словамі, Эўропа гуляе гамбіт. Палітыка ізаляцыі не спрацавала, ня выклікала зьменаў у беларускай сыстэме, яна павялічвала залежнасьць Беларусі ад Расеі. Было вырашана зьмяніць ізаляцыю на ўцягваньне, на ўзаемадзеяньне.

Зразумела, без сустрэчы з Андрэйчанкам і Мясьніковічам візыт дэлегацыі ў Беларусь проста не адбыўся б. А так адбыўся. А раптам такое (ці і ў тым ліку такое) ўзаемадзеяньне нешта і прынясе? І не адно для польскай меншасьці ў Беларусі, але і ў цэлым для стасункаў паміж Беларусьсю і Польшчай, Беларусьсю і Эўразьвязам. Але гэта ўсё ж такі гамбіт. Словы — «так, мы прызнаем парлямэнт Беларусі» — спадару Тэрлецкаму казаць вельмі не хацелася. Дык на тое дыпляматычная мова і існуе.

Глод: Яшчэ год таму падобнае наведваньне польскімі парлямэнтарамі сваіх калегаў у Беларусі і ўявіць было немагчымым. Хто-хто, а Польшча заўжды падкрэсьлівала, што парлямэнт у Беларусі нелегітымны. Неаднаразова заяўлялася, што польскія дэпутаты ня будуць на афіцыйным роўні кантактаваць з чальцамі Нацыянальнага сходу.

Цяпер, як бачыце, кантактуюць. І ня толькі з шэраговымі дэпутатамі, а з кіраўніцтвам абедзьвюх палатаў Нацыянальнага сходу. А ў сакавіку у Беларусі быў з візытам міністар замежных спраў суседняй дзяржавы пан Вашчыкоўскі.

Са зьменай ураду ў Польшчы стаў прынцыпова іншым і падыход да Беларусі.

Што ж так радыкальна зьмянілася ў сьветапоглядзе афіцыйнай Варшавы?

Па-першае, са зьменай ураду ў Польшчы стаў прынцыпова іншым і падыход да Беларусі. Цікава, што беларуская апазыцыя, якая цудоўна ведае, што новы ўрад выйшаў з «Салідарнасьці», спадзявалася, што і стаўленьне яго да Аляксандра Лукашэнкі будзе больш жорсткім параўнальна з урадам Дональда Туска. Але, калі Вашчыкоўскі прыехаў у Менск, ён найперш заявіў, што Варшава жадае, каб зьмены праводзіліся шляхам эвалюцыі.

Такім чынам, гэтыя словы кіраўніка польскай дыпляматыі мусілі супакоіць Лукашэнку і падштурхнуць яго да дыялёгу. Ну, і зразумела, што польскае кіраўніцтва спрабуе паўплываць на прэзыдэнта Беларусі. І, як любая новая ўлада, цешыць сябе тым, што яна выканае сваю мэту лепей за папярэднюю.

Па-другое, у Варшаве ўпэўненыя: чым больш беларускія ўлады будуць кантактаваць з Захадам, тым менш яны будуць падпарадкоўвацца Маскве. І дыялёг зь Менскам бачыцца ня толькі ў польскай, але і ў некаторых іншых сталіцах эўрапейскіх краінаў адзіным выйсьцем зь цяперашняй беларускай сытуацыі.

Я хачу згадаць, якімі словамі вітаў шэфа польскай дыпляматыі Аляксандар Лукашэнка: «Так, як вы абараняеце свой сувэрэнітэт, так і мы будзем абараняць наш. Мы бярэм з вас прыклад. Вам цяжка будзе крытыкаваць наш падыход, бо мы будзем дзейнічаць паводле вашых прынцыпаў».

Хіба ж такі падыход не задавальняе Варшаву?

Трэба ж нарэшце высьветліць, наколькі Беларусь гатовая на збліжэньне, куды менавіта яна зьбіраецца рухацца.

Па-трэцяе, кіраўніцтва Польшчы хоча зразумець праз асабістыя кантакты: а што ж патрэбна сёньня ад Эўразьвязу кіраўніцтву Беларусі? І, безумоўна, толькі ў непасрэдных размовах можна пачуць адказы на гэтае пытаньне. Трэба ж нарэшце высьветліць, наколькі Беларусь гатовая на збліжэньне, куды менавіта яна зьбіраецца рухацца і гэтак далей.

Чацьвёртае — гэты візыт, пра які мы зараз размаўляем, ёсьць ні што іншае, як працяг агульнай тэндэнцыі на нармалізацыю дачыненьняў Захаду з афіцыйным Менскам. Усе кажуць, што высновы Брусэль зробіць пасьля восеньскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Але ж трэба ведаць, як праходзіць выбарчая кампанія, ці ёсьць нейкія рэальныя шанцы ў дэмакратычных кандыдатаў патрапіць у парлямэнт.

І нарэшце, пятае — выключна беларуска-польскія праблемы. Трэба неяк спрабаваць абмяркоўваць пытаньні малога памежнага руху, існаваньня двух Саюзаў палякаў у Беларусі, эканамічнага супрацоўніцтва, праблемы з працай у Беларусі «Белсату» і «Радыё Рацыя».

Дубавец: Крыху раней быў візыт міністра замежных справаў Вітальда Вашчыкоўскага. Я хацеў бы ўбачыць сутнасьць гэтых працэсаў.

Севярын Квяткоўскі на сайце Свабоды зрабіў цікавае параўнаньне ангельскага Брэкзыту з тым, як бы ў Беларусі дзеці і ўнукі калгасьнікаў, якія пасьля вайны масава ўцякалі ў гарады, цяпер гэтак жа масава вярталіся на зямлю. Калі казаць пра беларусаў у масе сваёй, то гэта гучыць крыху як насьмешка, бо беларусы яшчэ не спатолілі сваю прагу кансумэрызму, спажывецтва, каб замест выжываньня зноў пачаць думаць пра ідэі.

А з палякамі гэта ўжо адбылося, яны зноў гатовыя будаваць ідэйнае грамадзтва. І ў міжнародных кантактах для іх не перашкода ні аўтарытарызм Лукашэнкі, ні нелегітымнасьць беларускай палаты.

У Польшчы цяпер ізноў на кані нацыяналізм, які прыйшоў на зьмену павержанаму лібэралізму.

У Польшчы цяпер ізноў на кані нацыяналізм, які прыйшоў на зьмену павержанаму лібэралізму. Лібэральная Польшча ўплывала на Беларусь праз падтрымку грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычных інстытуцыяў, свабоды слова. Нацыяналістычная Польшча робіць асноўную стаўку ў Беларусі на польскую меншасьць і тую ўладу, якая ёсьць, хай сабе і аўтарытарную.

Ці добра гэта? З гледзішча беларускай грамадзянскай супольнасьці, а таксама памяці пра дыскрымінацыю беларусаў з боку заходняга суседа на працягу стагодзьдзяў, гэта дрэнна. Палянізатары зноў ступілі на адзін шлях з русыфікатарамі.

З гледзішча легітымізацыі такім чынам беларускай улады гэта добра, бо разьмякчае наш унутраны «цэмэнт», наш чыста бутафорскі парлямэнт можа раптам адчуць, што ён нешта значыць. Гэта як бы дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі зрабіла візыт у Народны сход Паўночнай Карэі, дзе любы такі візыт абяцае перамены, і дзе любыя перамены — да лепшага.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG