Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальная паліцыя і Генэральная пракуратура Ўкраіны пасьля двухтыднёвага маўчаньня абвясьцілі пра новыя дэталі ў справе пра забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета.

Інфармацыю пра гэта паведаміла з раніцы кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Хація Дэканаідзэ, калі на адной з цэнтральных плошчаў Кіева адзначалася першая для рэфармаваных праваахоўных органаў сьвяточная дата — год таму паводле ўказу прэзыдэнта замест міліцыі была створаная паліцыя.

Інтрыга трымалася да канца працоўнага дня — прадстаўнікі Генэральнай пракуратуры і Нацыянальнай паліцыі выйшлі да журналістаў толькі а 18-й гадзіне. Каля 15 хвілінаў яны дэманстравалі фрагмэнты відэа, якое было вылучанае са 150 камэр назіраньня ў раёне пражываньня Паўла Шарамета і месца выбуху.

Па сутнасьці, новых дэталяў сьледчыя і не прадставілі. Асобы падазраваных не ўстаноўленыя, але сьледзтва працягвае вывучаць маршрут, па якім яны дайшлі да месца паркаваньня машыны, што належала грамадзянскай жонцы Паўла — Алене Прытуле.

«У справе дапытана ўжо каля 500 сьведкаў», — паведаміў прадстаўнік Генэральнай пракуратуры Украіны Андрэй Шаўчэнка. Паводле яго, сьледзтва працягвае адпрацоўваць усе чатыры вэрсіі — асабістыя непрыязныя адносіны, прафэсійная дзейнасьць, дэстабілізацыя сытуацыі ў Кіеве і ва Ўкраіне, а таксама замах на кіраўніка інтэрнэт-выданьня «Украінская праўда» Алену Прытулу.

Сьледчыя таксама абнародавалі некаторыя прыкметы асобаў, якія закладвалі выбухоўку ў машыне — малады хлопец спартыўнага складу ростам 168-175 сантымэтраў, і дзяўчына — таксама спартыўнага складу ростам 163-168 сантымэтраў.

Прадстаўнікі апэратыўна-сьледчай групы ня сталі ўдакладняць рэчывы выбухоўкі, адзначыўшы, што гэта была не вайсковая, а самаробная прылада. Яна, аднак, мела паражаючыя элемэнты, якія паходзяць са «стацыянарнай выбуховай прылады». «Хімічны склад пакуль вызначае экспэртыза, а яго магутнасьць складала ў эквіваленце каля 500 грамаў тратылу», — адзначыў Андрэй Шаўчэнка.

сьледзтва шукае сьведка, які праходзіў міма якраз у той час, калі двое маладых людзей закладвалі выбухоўку пад машыну

Сьледчыя яшчэ раз нагадалі, што грамадзяне, якія дапамогуць сьледзтву важнай інфармацыяй, атрымаюць узнагароду памерам 200 тысяч грыўняў. У прыватнасьці, сьледзтва шукае сьведка, які праходзіў міма якраз у той час, калі двое маладых людзей закладвалі выбухоўку пад машыну.

Увесь гэты час сьледзтва вялося ў закрытым рэжыме, а з-за адсутнасьці якой-небудзь інфармацыі журналісцкая супольнасьць пэрыядычна публікавала вынікі альтэрнатыўных расьсьледаваньняў — такім чынам у інтэрнэце зьявіліся і першыя фотаздымкі магчымых злачынцаў.

Вядомы ўкраінскі журналіст Дзьмітры Гнап заклікаў інтэрнэт-супольнасьць дапамагчы адшукаць чатырох музыкаў, якія ў ноч перад забойствам Паўла Шарамета праходзілі побач.

Вядомы ўкраінскі журналіст Дзьмітры Гнап, які займаецца расьсьледаваньнямі ў розных галінах, нядаўна заклікаў інтэрнэт-супольнасьць дапамагчы адшукаць чатырох музыкаў, якія ў ноч перад забойствам Паўла Шарамета, магчыма нават у час, калі закладвалася выбухоўка ў аўтамабіль, праходзілі побач.

«Што такое публічнасьць ды празрыстасьць расьсьледаваньня, якіх патрабуюць журналісты? Ня трэба забывацца пра таямніцу сьледзтва, яе яшчэ ніхто не адмяняў», — мяркуе сацыёляг Павал Кутуеў.

Зь іншага боку, экспэрт зьвяртае ўвагу на пэўны недавер, які існуе ў грамадзтве адносна афіцыйнага сьледзтва. «У выпадку менавіта гэтага злачынства існуюць падазрэньні адносна Нацыянальнай паліцыі наконт таго, ці меў месца факт сачэньня за забітым журналістам. Менавіта гэта таксама мае стаць прадметам асобнага расьсьледаваньня праваахоўных органаў, якія знаходзяцца па-за ўплывам Міністэрства ўнутраных спраў. А да таго часу, пакуль гэтыя падазрэньні застаюцца не абвергнутымі, падрываецца і легітымнасьць працэсу. І ў гэткім выпадку ніякія заявы ў штогадзінным рэжыме ня зьменяць сытуацыю», — перакананы Павал Кутуеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG