Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра што сьведчыць праект галоўнага фінансавага пляну краіны на 2017 год?

Глод: Прэзыдыюм беларускага ўраду разгледзеў праект бюджэту краіны на 2017 год і назваў асноўныя парамэтры росту. Паколькі эканоміка Беларусі так моцна прывязаная да коштаў нафты, то экспэрты найперш пачалі глядзець разьліковы кошт «чорнага золата». Урад сыходзіць з таго, што адзін барэль у наступным годзе будзе каштаваць 35 даляраў. І гэта, на думку спэцыялістаў, нармальны разьлік. Бо ў два папярэднія гады цана нафты першапачаткова бралася завышанай. У выніку даводзілася карэктаваць розныя артыкулы бюджэту.

Другая пасьля нафты прывязка зробленая да расейскай эканомікі. У Менску спадзяюцца, што ў 2017 годзе яна выйдзе на ровень 99% ад сёлетняга, а 1 даляр будзе каштаваць 75 расейскіх рублёў.

Прадстаўляючы галоўны фінансавы дакумэнт Беларусі, прэм’ер Андрэй Кабякоў казаў шмат правільных словаў. У прыватнасьці пра тое, што трэба вучыцца жыць па сродках, што выдаткі трэба аптымізаваць. Так, не першачарговыя расходы ў бюджэтнай сфэры — капітальныя, будаўніцтва, мадэрнізацыя, капрамонт, добраўпарадкаваньне тэрыторый — прыйдзецца максымальна абмежаваць, а дзесьці нават цалкам выключыць, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Усю фінансавую палітыку у годзе, калі зьбіраюцца сьвяткаваць 100-годзьдзе Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, трэба будзе правесьці так, каб не нарошчваліся зьнешнія абавязкі. А яны і без таго не малыя. Выплаты па дзяржаўнаму доўгу ў 2017 годзе годзе складуць 3,2 мільярда даляраў. Гэтую суму ўрад хоча ня толькі выплаціць крэдыторам, але і ня зьнізіць пры гэтым аб’ём золатавалютных рэзэрваў краіны. Цяжкая задача.

На што ні паглядзі з мэтаў ураду, кожная выглядае складанай.

Ды і наагул, на што ні паглядзі з мэтаў ураду, кожная выглядае складанай. Так, неабходна мець рэсурсы, каб падтрымаць рэальны сэктар эканомікі, стымуляваць экспарт, прасоўваць беларускую прадукцыю на новыя рынкі. І адначасова з гэтым забясьпечыць у поўным аб’ёме ўсе выдаткі па сацыяльных выплатах.

Паглядзім на асноўныя паказьнікі наступнага году. Валавы ўнутраны прадукт павінен вырасьці на 1,5%, інфляцыя не павінна перавысіць 9%, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва мусяць узрасьці на 1,2%, экспарт тавараў і паслугаў — на 3,6%, сальда зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі павінна не перавысіць 0,2% ВУП, непасрэдныя замежныя інвэстыцыі на так званай чыстай аснове, то бок безь уліку запазычанасьці інвэстару за тавары, работы, паслугі зьбіраюцца давесьці да 1,4 мільярда даляраў.

І яшчэ прэм’ер Кабякоў заявіў, што падатковую палітыку Беларусі ў 2017 годзе зьмяняць не плянуецца.

Зыходзячы з усяго гэтага, у мяне да вас, калегі, такое пытаньне: ці лічыце вы пляны ўраду на наступны год рэальнымі?

Дракахруст: Хутчэй за ўсё, справядлівая вашая ацэнка, што гэтыя пляны больш рэалістычныя, чым былі раней. Бо раней пісалі не зусім адэкватныя лічбы і той жа цаны на нафту, і курсу расейскага рубля, маляваліся нейкія бліскучыя пэрспэктывы, якія вядома чым сканчаліся.

Цяпер напісаная цана больш-менш праўдападобная. Яна ніжэйшая, чым цяперашняя рынкавая цана, так што ўрад у дадзеным выпадку арыентуецца не на самы аптымістычны варыянт. Акрамя таго, прагназуецца даволі малы рост, на 1,5% у год, але і МВФ прадказваў, што ў Беларусі ў 2015-2016 гадох будзе падзеньне, а ў 2017 годзе — невялічкі рост. Так што і тут урад не ідзе ў супрацьлегласьць з прагнозам МВФ.

Не малююцца нейкія завоблачныя лічбы, але сьціпленькая лічба ў наяўнасьці. Таксама ня надта «нахабны» прагноз інфляцыі — магчыма, і ён дасягальны з тае прычыны, што вось ужо колькі месяцаў Нацыянальны банк на чале з Паўлам Калавурам супрацьстаіць усякага кшталту лабістам і трымае курс. Цалкам магчыма, што і гэты парамэтар будзе вытрыманы. Не сказаў бы, што ён такі ўжо прыгожы ў параўнаньні з эўрапейскімі стандартамі, дзе інфляцыя можа быць каля 1%, але на фоне папярэдняй палітыкі беларускіх уладаў можна сказаць, што гэта сапраўды прагрэс.

У Расеі вялікага росту не прагназуецца, але прынамсі не прагназуецца працяг падзеньня.

Важным элемэнтам усіх гэтых прагнозаў зьяўляецца тое, што вы сказалі пра Расею. У Расеі вялікага росту не прагназуецца, але прынамсі не прагназуецца працяг падзеньня. Стагнацыя. У Расеі пайшлі ўгару заробкі, беларусы ўжо ізноў зьбіраюцца ехаць туды зарабляць, але нават стагнацыя, якая мяняе падзеньне, адчыняе рынкі. Яны адкрываюцца і для беларускай прамысловасьці, якая зможа знайсьці хоць нейкі збыт для сваёй прадукцыі.

Зразумела, добра было б прадаваць і ў Эўразьвяз, у Злучаныя Штаты, але гэта патрабуе велізарнай перабудовы нацыянальнай эканомікі, якая наўрад ці магчымая, нават калі б заўтра Зянон Пазьняк стаў прэзыдэнтам. Але ў тым «калідоры», які ёсьць у пэрспэктыве наступнага году, можна сказаць, што гэта далёка ня самы горшы бюджэт, і ён напісаны з улікам тых рэалій, якія ёсьць.

Ён не зусім адпавядае тым бліскучым пэрспэктывам, якія маляваліся падчас Усебеларускага сходу. Але калі вы памятаеце, тады Лукашэнка сказаў пасьля прыняцьця праграмы, што маўляў яна ня догма, што жыцьцё можа ўзяць сваё. Ну вось жыцьцё і бярэ сваё — у выглядзе бюджэту, які пасьля некалькіх месяцаў пасьля гэтага сходу прыняты.

Дубавец: Я б зьвярнуў увагу на гуманітарны аспэкт. Мне запомнілася ўчорашняя ацэнка экс-дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі Алега Трусава, які зьвярнуў увагу на тое, што культура ў Беларусі, у прыватнасьці, у гэтым бюджэце, фінансуецца паводле рэшткавага прынцыпу.

Чаму гэта дрэнна і недапушчальна? Напрыклад, у наступным годзе спаўняецца не толькі 100 гадоў расейскай рэвалюцыі, але і 500 гадоў Бібліі Скарыны, першай беларускай друкаванай кнігі. І чым не нагода падняць з заняпаду беларускую кнігу? У нас сотнямі зачыняюцца бібліятэкі па ўсёй краіне, у той час як у суседняй Польшчы яны сотнямі адчыняюцца. Там на правах дзяржаўнага міністэрства існуе такі Інстытут кнігі з вельмі-вельмі салідным бюджэтам, які, дарэчы, дапамагае выдаваць і беларускія кнігі.

Зьнешнім пагрозам, якія існуюць для Беларусі, галоўнае, што можа процістаяць — гэта нацыянальная сьвядомасьць.

У сьвятле гэтага скарынаўскага юбілею можна было б разгарнуць масу мерапрыемстваў. У гэтай справе ёсьць і палітычны момант, таму што, як мы ведаем, тым зьнешнім пагрозам, якія існуюць для Беларусі, галоўнае, што можа процістаяць — гэта нацыянальная сьвядомасьць беларускага насельніцтва. Маю на ўвазе пагрозу ідэяў «рускага сьвету», казацтва, ваенных лягераў для беларускіх дзяцей, якія ладзяцца пад эгідай РПЦ і так далей. Чым не момант, каб на ўвесь сьвет, а гэты юбілей будзе на ўзроўні ЮНЭСКА адзначацца, усё ж такі 500 гадоў, падняць узровень нашай нацыянальнай годнасьці?

Варта нагадаць, што Біблія Скарыны была чацьвёртай друкаванай Бібліяй на нацыянальнай мове ў сьвеце. Пасьля нямецкай, чэскай, і, здаецца, італьянскай. Мы тут апярэдзілі сёньняшнія нацыі. Гэта тое, што мы можам жадаць бюджэту, які рэальна не абмяркоўваецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG