Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Хіхус: «Для дзяржавы важна, каб людзі ня ведалі, што такое правы чалавека»


Хіхус (фота Аляксандра Гаўрылава)

Хіхус (фота Аляксандра Гаўрылава)

Мастак Хіхус (Павел Сухіх) — адзін з піянэраў расейскага коміксу. Хіхус нарадзіўся ў СССР, у канцы 1980-х зьехаў у Эўропу (жыў і працаваў у Даніі, потым у Нямеччыне), а ў сярэдзіне 1990-х вярнуўся ў постсавецкую Расею, натхнёны ідэяй будаўніцтва новага свабоднага грамадзтва.

У ліку праектаў, над якімі давялося папрацаваць Хіхусу, дзіцячы адукацыйны лягер «Будучыня сёньня», коміксы для выхаванцаў дзіцячых дамоў аб тым, як жыць пасьля выпуску з прытулку, сэрыя маляваных гісторый «Рэспэкт» — пра павагу да людзей розных поглядаў, нацыянальнасьцяў і веры.

Цяпер Хіхус жыве ў Камбоджы і працуе над сэрыяй мультыплікацыйных фільмаў аб правах чалавека пад назвай «Хумра». Пра мэты гэтага праекту, які ў расейскіх рэаліях набыў нечаканы палітычны падтэкст, і пра тое, чаму «Хумра» стане апошняй сацыяльнай ініцыятывай мастака ў Расеі, Хіхус распавёў у інтэрвію Радыё Свабода.

РС: Як узьнікла ідэя зрабіць сэрыю мультфільмаў пра правы чалавека?

Хіхус: Мы вельмі пасьпяхова скончылі наш першы сумесны з Гётэ-інстытутам праект «Рэспэкт». Сядзелі-гутарылі з тагачасным праграмным дырэктарам інстытута Вольфам Ірам і праваабаронцам Андрэем Юравым і думалі, а што б нам яшчэ такога добрага зрабіць. Я кажу — а давайце мульцікі паспрабуем, што мы толькі коміксы? Ну, паспрабавалі мульцікі. Праект павінен выглядаць наступным чынам. Павінна быць пяць сэрый мастацкага фільму, дзе мы проста разглядаем нейкую жыцьцёвую калізію. Гэта гісторыя пра юнага вясковага паляўнічага, якога нечакана арыштоўваюць, валакуць у турму, а ён нічога не разумее. Далей пачынаюцца такія нармальныя прыгоды ў кібэрпанкаўскай будучыні. Гэта сюжэтны мультфільм, да якога асобным блёкам прыкладаюцца сем адукацыйных эпізодаў: тыя ж героі як быццам бы сабраліся ў пакоі і пытаюцца ў прафэсара — растлумачце нам, што з пункту гледжаньня «правоў людцаў» з намі адбылося ў гэтым мультфільме. Прафэсар тлумачыць, якое права парушана і што трэба было рабіць, каб яго не парушаць. Мы ўжо зрабілі дзьве сэрыі з мастацкай часткі і ўсе сем адукацыйных — у канцы жніўня будзем паказваць іх настаўнікам.

РС: Наколькі гэта запатрабавана сыстэмай адукацыі ў Расеі?

Хіхус: Ёсьць дастаткова шмат нармальных, добрых, адкрытых настаўнікаў, якім самім цікава разабрацца, а тым больш разабраць мульцік з дзецьмі. Але трэба сказаць, што з гэтым праектам выйшла зусім няпростая сытуацыя. Калі мы яго пачыналі, мы былі ўпэўненыя, што гэта абсалютна непалітызаваны праект, што гэта чыстая сацыялка. Мы проста тлумачым, што такое правы чалавека, для дзяцей і падлеткаў, прычым у вясёлай, гульнявой форме. Мы спэцыяльна назвалі «Правы людцаў» (humanz, человеков), каб дзецям было цікавей. Але калі ён пачаўся, раптам аказалася, што ў Расеі цяпер словы «правы чалавека» гаварыць нельга, што гэта страшна палітызаваная рэч. І гэта, вядома, моцна ўсё абцяжарыла. Я ніяк ня мог чакаць, што ў нас акажацца палітычны праект. Насамрэч ён і не такі. Там нічога пра палітыку, тым больш пра палітыку Расеі, крый Божа! Гэта ўсё адбываецца спэцыяльна як мага далей — у далёкім космасе, у далёкай будучыні, цалкам у фантастычнай абстаноўцы. Мы дамовіліся, што мы не чапаем ніякіх палітыкаў — ні нашых, ні вашых.

РС: У савецкі час многія мастакі трымалі дулю ў кішэні і пераходзілі на эзопаву мову, каб ніхто не здагадаўся, што гаворка пра савецкую ўладу. І часам атрымоўвалася. А тут, выходзіць, вы нават ніякай дулі ў кішэні не трымалі, а ўлады яе бачаць.

Хіхус: Яе і дзеці бачаць.

РС: Значыць, яна там усё ж такі ёсьць?

Хіхус: Дуля аказалася менавіта ў тым, што ў Расеі цяпер палітызавалі гэтае паняцьце. Наогул я вельмі шмат што з нагоды правоў чалавека даведаўся. Напрыклад, як іх выконвалі ў СССР. Браліся нейкія нязначныя агульныя пасылкі і рэклямавалі, што мы за правы чалавека. Вядома, дзеці бачаць, што ў нас цяпер адбываецца тое ж самае. Ёсьць шыкоўная савецкая знаходка — права на шчасьлівае дзяцінства. Што гэта такое? Як можна гарантаваць юрыдычна права на шчасьлівае дзяцінства? Гэта проста бла-бла-бла у тэлевізары. І любы ўрад, зусім ня толькі расейскі, марыць, каб паняцьце «правы чалавека» ўспрымалася як «мы за ўсё добрае, супраць усяго дрэннага». Я рэальна лічыў, што так і ёсьць. А аказалася, напрыклад, што права на жыцьцё — гэта, у першую чаргу, права ня быць застрэленым дзяржавай. Для мяне гэта было адкрыцьцём. А паколькі мы гэта ўсё вельмі выразна тлумачым, дзеці глядзяць і кажуць нам: пачакайце, дык гэта ж пра тое, што ў нас навокал адбываецца, суцэльнае парушэньне і тут, і там. Я кажу — мы гэтага не казалі. Яны кажуць — але мы ж бачым. Дзеці ж усё бачаць.

РС: Ці правільна я разумею, што за выключэньнем вашага праекту для падлеткаў нічога падобнага ў Расеі не існуе?

Хіхус: Я праверыў — няма нічога такога падобнага ў сьвеце. І я разумею, чаму не існуе. Для любога ўраду, для інструмэнту ўлады, для сучаснай дзяржавы вельмі важна, каб людзі ня ведалі, што такое правы чалавека. Таму ў Амэрыцы ўлады пераканалі насельніцтва, і амэрыканцы ўсе сьвята вераць, што правы чалавека — гэта пра геяў і інвалідаў. У Расеі ўсе сьвята вераць, што гэта права на шчасьлівае дзяцінства, права на свабоду, хоць ніхто не разумее, што гэта такое. Рэч у тым, што правы чалавека аказаліся даволі выразным юрыдычным інструмэнтам, які абмяжоўвае гвалт з боку дзяржавы да канкрэтнай асобы або да меншасьцяў. Дзіўнае для мяне адкрыцьцё, што яны ўсе не бязьмежныя. І права на жыцьцё не бязьмежнае. Паліцыянт мае права застрэліць цалкам легальна тэрарыста, які зьбіраецца зладзіць тэракт. І яму скажуць — так, ты, вядома, парушыў правы чалавека, але ў гэтым выпадку можна. І гэта аказалася цалкам выразнай канструкцыя. Вось я маленькі мастак. І на мяне раптам дзяржава з усімі сваімі танкамі наехала. І ў гэты момант ўключаецца праваабарончая сыстэма, калі кажуць — не, пачакай, вы ня можаце на яго проста так наехаць. Ён павінен быць інфармаваны. Яго нельга проста так арыштаваць — патрэбен ордэр. Вы павінны даць абаронцу, растлумачыць, у чым прычына і г. д. Гэта ўсе правы чалавека. І, вядома, улада цалкам ня хоча, каб народ ведаў і ўмеў карыстацца гэтым інструмэнтам.

Як вынік, зьнятыя мільёны іміджавых ролікаў, якія прыблізна ўсе выглядаюць такім чынам: вельмі няшчасны чалавек бегае па турме. Усё вельмі прыгожа зьнята. Нікога няма. Адны краты. Ён бегае, хапаецца за галаву, тыкаецца ў сьцены. Далей пад трывожную музыку зьяўляюцца тытры пра тое, што кожны чалавек мае права на свабоду. Такія ўсе ролікі аб правах чалавека. Яны ўсе прыгожыя і эмацыйныя, нічога не тлумачаць, даюць толькі эмацыйны пасыл, што гэта нешта добрае, але тыпу нейкае далёкае і ня мае дачыненьня менавіта да цябе. Гэта пра нейкія там дзіўныя меншасьці. Не, гэта мае дачыненьне менавіта да кожнага з нас. Гэта дамова чалавека і дзяржавы. Бо калі дзяржава атрымлівае занадта шмат улады, то яна перастае сябе кантраляваць і наладжвае як заўсёды генацыд, а ўсе незадаволеныя аказваюцца ў канцлягеры.

Цалкам размову можна прачытаць тут.

XS
SM
MD
LG