Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Прывёў Януковіча да ўлады»: Украінскае мінулае выбарчага стратэга Трампа


Пол Манафорт

Пол Манафорт

67-гадовы амэрыканскі палітычны тэхноляг Пол Манафорт працаваў ва Ўкраіне як галоўны выбарчы стратэг і дарадца Віктара Януковіча і Партыі рэгіёнаў амаль дзесяць гадоў, на працягу якіх адбыліся ключавыя падзеі найноўшай украінскай гісторыі. З сакавіка сёлета Манафорт — галоўны выбарчы стратэг кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Доналда Трампа.

Расьціслаў Хоцін, наш калега з украінскай службы, паспрабаваў высьветліць, як ацэньваюць працу Манафорта ва Ўкраіне ўкраінскія экспэрты і ці праглядваецца ягоны цень на нядаўніх прарасейскіх заявах Трампа.

Паліттэхноляг «безнадзейных праектаў»

Пол Манафорт прыехаў ва Ўкраіну і пачаў працаваць зь Віктарам Януковічам у вельмі складаны час для ўкраінскага палітыка, які прайграў выбары ў выніку Аранжавай рэвалюцыі і, здавалася б, ужо быў «непад’ёмны».

Але, як напісала на гэтым тыдні газета The New York Times, спасылаючыся на аднаго амэрыканскага дыплямата, Манафорт зрабіў «надзвычайнае пераўвасабленьне» Януковіча. Партыя рэгіёнаў двойчы атрымала найбольшую колькасьць дэпутатаў — на парлямэнцкіх выбарах у 2006 і 2007 гадах, Януковіч вярнуўся пры прэзыдэнце Віктары Юшчанку на прэм’ерскай пасаду. А ў 2010 годзе ён перамог на прэзыдэнцкіх выбарах.

Ён здымаў канкурэнцыю паміж асобнымі групамі.

«Пол заўсёды бярэцца за так званыя безнадзейныя праекты. І заўсёды ідзе да тых кандыдатаў, за якіх ніхто не бярэцца. Але яму ўдаецца выйграваць. Прафэсіянал вельмі высокай клясы. Ён здолеў у нашай камандзе зрабіць тое, што не ўдавалася нікому. Ён здымаў канкурэнцыю паміж асобнымі групамі. У нашай камандзе заўсёды былі групы ўплыву на лідэра. І тыя групы так спаборнічалі паміж сабой, што ў выніку мы прайгравалі выбары. А калі зьявіўся Пол, то яму ўдалося зрабіць так, што ўсе групы працавалі на адну мэту. Ён даваў упэўненасьць у сабе, упэўненасьць у перамозе», — кажа былая прэсавая прадстаўніца Януковіча і яго паплечніца Ганна Герман.

Ён бачыць нюансы, якія праходзяць міма вачэй іншых палітыкаў ці экспэртаў.

«Я знаёмы з Полам Манафортам і магу сказаць, што гэта прафэсіянал сапраўды высокай клясы. Гэта чалавек, які можа зрабіць немагчымае, як часам здаецца. Пол Манафорт можа вельмі добра чытаць сацыялёгію — так, як ня ўмеюць іншыя. Ён бачыць нюансы, якія праходзяць міма вачэй іншых палітыкаў ці экспэртаў. Ведае важнасьць рэклямы, мікратаргетынгу, калі не да цэлай групы трэба дагрукацца, а да канкрэтнага чалавека. На самай справе, Манафорт — гэта зьява ва ўкраінскай, а таксама амэрыканскай і сусьветнай паліттэхналягічнай практыцы» — кажа ўкраінскі палітычны экспэрт Косьць Бандарэнка, якога таксама лічылі блізкім да асяродзьдзя Партыі рэгіёнаў.

Падзеленая Ўкраіна

Але ўкраінская палітыка часоў Віктара Януковіча характарызавалася таксама значным палітычным падзелам краіны і засяроджаньнем Партыі рэгіёнаў, якую кансультаваў Манафорт, на тэмах, якія не аб’ядноўвалі, а разьядноўвалі Украіну.

«Кіраўніком кампаніі Трампа з сакавіка працуе былы шматгадовы стратэгічны дараднік Януковіча і Апазыцыйнага блёку Пол Манафорт. Той самы, які прывёў Януковіча да ўлады, выкарыстоўваючы старую ісьціну — падзяляй і ўладар. Расейская мова і НАТО былі тымі адчувальнымі пытаньнямі, якія эфэктыўна апэлявалі да страхаў часткі электарату» — напісала ў Фэйсбуку дэпутатка украінскага парлямэнту Сьвятлана Залішчук.

Зь ёй пагаджаецца і дасьледчык Інстытуту ўкраінскіх дасьледаваньняў Унівэрсытэту Альбэрты ў Канадзе Тарас Кузё.

Гаворка ішла аб выкарыстаньні моўнага пытаньня, варожага стаўленьня да так званых украінскіх нацыяналістаў і, вядома, „фашыстаў“, а таксама варожае стаўленьне да НАТО і эўрапейскай інтэграцыі.

«Ягоным [Манафорта — РC] унёскам была мабілізацыя электарату Партыі рэгіёнаў і Віктара Януковіча ўздоўж ліній расколу. Я думаю, што ўнёсак ва ўкраінскую палітыку быў пераважна адмоўны. Бо шлях, якім рабілася мабілізацыя выбаршчыкаў, быў прадуктам яго парадаў. Гаворка ішла аб выкарыстаньні моўнага пытаньня, варожага стаўленьня да так званых украінскіх нацыяналістаў і, вядома, „фашыстаў“, а таксама варожае стаўленьне да НАТО і эўрапейскай інтэграцыі. Гэта той шлях, якім яны мабілізавалі і падзялялі украінскіх выбаршчыкаў» — адзначае Кузё.

Ганна Герман, якая цесна супрацоўнічала зь Януковічам, наадварот, кажа, што менавіта Манафорт быў архітэктарам палітыкі збліжэньня з Эўразьвязам, калі Януковіч быў ва ўладзе ў свае першыя гады.

Манафорт рабіў усё, каб прэзыдэнт Януковіч ішоў па шляху эўраінтэграцыі.

«У нашай камандзе Манафорт рабіў усё, каб прэзыдэнт Януковіч ішоў па шляху эўраінтэграцыі. І ён быў катэгарычным апанэнтам паўзы ў эўраінтэграцыйным працэсе, паўзы, якая ў канчатковым выніку прывяла да катастрофы ўсю Украіну. Пакуль Пол меў уплыў у камандзе Януковіча, пакуль яго, як дарадцу, слухалі, то мы вельмі ўпэўнена ішлі празаходнім шляхам» — кажа Герман.

Цень Манафорта за прарасейскімі заявамі Трампа?

Цяпер шмат хто шукае адказы на пытаньні: хто зьяўляецца архітэктарам рэзанансных апошніх заяваў кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Доналда Трампа, якія тычацца Украіны і Расеі? Ці, так бы мовіць, Трампа накіроўвае палітычная «рука Манафорта»? Тут меркаваньні экспэртаў падзяліліся.

«Я нядаўна была ў ЗША і назірала за кампаніяй Трампа, і я даведвалася пра яго [Манафорта] стыль і мэтодыку. Я бачыла, што ён ўкладвае ў вусны кандыдата намеры, пра якія ня кажа палітычны істэблішмэнт, але пра якія кажуць простыя амэрыканцы. Я гаварыла з многімі маладымі амэрыканцамі і яны пацьвердзілі гэтыя мае высновы. Таму я думаю, што Трамп мае вялікія шанцы, нягледзячы на тое, што ўсе цяпер кажуць, што перамога Клінтан — гэта справа амаль вырашаная» — кажа Ганна Герман.

Украінскі паліттэхноляг Андрэй Ермалаеў, якога таксама лічылі свой час блізкім да асяродзьдзя Партыі рэгіёнаў, гаворыць аб карыснасьці гэтага стратэга для штабу рэспубліканцаў.

Прыцягненьне Манафорта — гэта прызнаньне кампаніяй Трампа вялікай колькасьці памылак.

«Прыцягненьне Манафорта — гэта ня нейкая стаўка, а прызнаньне кампаніяй Трампа вялікай колькасьці памылак і прызнаньне вельмі вялікай колькасьці непрадуманых папулісцкіх заяваў, якія ўплываюць на амэрыканскую палітыку. Манафорт карысны кампаніі Трампа як стратэг-міжнароднік» — лічыць Андрэй Ермалаеў.

Палітоляг Тарас Кузё, са свайго боку, заклікае не перабольшваць ролю Манафорта:

«Я думаю, што Манафорт мае пэўны ўплыў. Але давайце не забываць: Трамп настолькі высокай думкі пра сябе, настолькі перакананы, што ён важны чалавек, якому ня трэба чытаць па напісанаму — што гэта тычыцца і ўплыву на яго з боку Манафорта» — кажа Кузё.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG