Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта іх почырк», — у МУС Украіны лічаць, што забойства Шарамета зьдзейсьнілі расейскія спэцслужбы


На месцы забойства Паўла Шарамета ў Кіеве, 20 ліпеня 2016 году

На месцы забойства Паўла Шарамета ў Кіеве, 20 ліпеня 2016 году

Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Заран Шкірак выказаў асабістае меркаваньне адносна таго, хто забіў журналіста Паўла Шарамета.

У інтэрвію тэлеканалу «112.Україна» Заран Шкірак заявіў, што гэта почырк расейскіх спэцслужбаў:

«Я б не хацеў цяпер рабіць прагнозы, з майго боку гэта будзе не зусім карэктна, але я магу выказаць свой асабісты пункт гледжаньня. І я ўжо неаднаразова на гэтым настойваў, я са свайго боку перакананы, што злачынства было замоўлена звонку, што хутчэй за ўсё яго ажыцьцявілі расейскія спэцслужбы, гэта іх почырк».

Паводле яго перакананьня, і цынізм, зь якім быў зьдзейсьнены падрыў, і ўсе наступствы ў грамадзка-палітычнай сытуацыі сьведчаць на карысьць гэтай вэрсіі:

«Асабіста ў мяне сумневаў няма», — рэзюмаваў дарадца міністра МУС.

Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўто кіраўніцы «Ўкраінскай праўды» Алены Прытулы, калі ехаў на ім на працу.

Паліцыя кваліфікавала здарэньне як «наўмыснае забойства, зьдзейсьненае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх асобаў». Генпракурор Юры Луцэнка назваў асноўнай вэрсіяй забойства Шарамета помсту за яго прафэсійную дзейнасьць.

XS
SM
MD
LG