Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: колькасьць ахвяраў канфлікту на ўсходзе Ўкраіны рэзка вырасла


У арганізацыі падкрэсьлілі, што большасьць людзей пацярпелі ад артылерыйскіх абстрэлаў, забароненых Менскімі дамовамі.

Колькасьць мірных жыхароў, якія загінулі ў выніку ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны, значна вырасла за летнія месяцы. У ліпені лічбы загінулых і параненых былі найвышэйшыя ад жніўня мінулага году, заявіў вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зэйд Раад аль-Хусэйн.

Паводле дадзеных арганізацыі, у чэрвені на ўсходзе Ўкраіны загінулі 12 мірных жыхароў і 57 былі параненыя, у ліпені канфлікт забраў жыцці 8 чалавек, 65 атрымалі раненьні. ААН не прыводзіць дадзеных аб колькасьці загінулых удзельнікаў баявых дзеяньняў — украінскіх вайскоўцаў і прарасейскіх сэпаратыстаў — але, мяркуючы па паведамленьнях бакоў, гэта дзесяткі чалавек штомесяц.

Ад красавіка 2014 году ў Данбасе загінулі дзевяць з паловай тысяч чалавек, сярод якіх дзьве тысячы мірных жыхароў. Большасьць з іх былі забіты артылерыйскім агнём. Выкарыстаньне цяжкай артылерыі забаронена Мінскімі дамовамі, заключанымі ў верасьні 2014 году.

Два тыдні таму Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) апублікавала справаздачу, у якой апісваюцца факты зьнікненьня і гібелі людзей на падкантрольных сэпаратыстам тэрыторыях. Многія з гэтых выпадкаў могуць расцэньвацца як ваенныя злачынствы, гаворыцца ў дакумэнце. У канцы ліпеня таксама выйшаў даклад праваабарончых арганізацый Amnesty International і Human Rights Watch аб прымяненьні катаваньняў і незаконных затрыманьнях на ўсходзе Ўкраіны.

Канфлікт у Данбасе пачаўся вясной 2014 гады пасьля расейскай анэксіі Крыму. Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль адкідае гэтыя абвінавачваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG