Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чатыры скандынаўскія джаз-лэдзі


Прапаную яшчэ адну выведку боем на тэрыторыю скандынаўскага джазу. Сёньня — пра джазавых вакалістак.

Сілье Нэргард

Сілье Нэргард

1. Сілье Нэргард (Silje Nergaard, нар. 1966, Нарвэгія). У свае 50 гадоў Сілье Нэргард — адна з найбольш вядомых у сьвеце джазавых музыкаў Нарвэгіі. Яе выканаўчая манера — на памежжы джазу і поп-музыкі. Як сьпявачка і кампазытарка, Нэргард запісала, сярод іншага, наступныя файныя альбомы: «At First Light» (2001), «Nightwatch» (2003), «Darkness Out Of Blue» (2007), «Unclouded» (2012). Шыкоўны «мінімалісцкі» відэакліп «Be Still My Heart» зьняты да песьні, якая зьявілася на альбоме «At First Light».

Рыгмар Густафсан

Рыгмар Густафсан

2. Рыгмар Густафсан (Rigmor Gustaffson, нар. 1966, Швэцыя). Ня толькі вельмі здольная, але і з рэспэктабэльнай музычнай адукацыяй. Адна з сапраўдных зорак мюнхэнскай фірмы гуказапісу ACT. Слухаць ейныя альбомы — чыстая эстэтычная прыемнасьць: «I Will Wait for You» (2003), «Close to You» (2004), «On My Way to You» (2006), «Alone With You» (2007), «When You Make Me Smile» (2014). Прапаную яе выкананьне адной з найбольш вядомых песьняў Стынга.

Рэбэка Бакен

Рэбэка Бакен

3. Рэбэка Бакен (Rebekka Bakken, нар. 1970, Нарвэгія). Мая самая ўлюбёная скандынаўская вакалістка. Можа цікава засьпяваць усё — фольк, рок, блюз і «чысты» джаз. Запісала знакамітыя альбомы: «The Art of How To Fall» (2003), «Is That You?» (2005), «I Keep My Cool» (2006), «Morning Hours» (2009), «September» (2011). Песьня «Powder Room Collapse» зьявілася на альбоме «Morning Hours».

Вікторыя Талстая

Вікторыя Талстая

4. Вікторыя Талстая (Victoria Tolstoy, нар. 1974, Швэцыя). Акрамя таго, што знакаміта сьпявае, яна яшчэ і прапраўнучка Льва Талстога па матчынай лініі. Яшчэ адна зорка мюнхэнскага музычнага выдавецтва ACT, якое, як на мой густ, на сёньняшні дзень прапануе самае цікавае ў эўрапейскім джазе. Нават цікавейшае, чым рэспэктабэльна-славутая фірма Манфрэда Айхэра ECM (дарэчы, таксама зь Мюнхэну). Некаторыя аьбомы Вікторы Талстой: «White Russian» (1997), «Blame It On My Youth» (2001), «Shining on You» (2004), «My Swedish Heart» (2005), «Pictures of Me» (2006), «A Moment of Now» (2013). Песьня «South» паходзіць з альбому «Pictures of Me».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG