Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кожух атамнага рэактара, які «ўранілі» на астравецкай будоўлі, ня чайны сэрвіз, не паб’ецца. Словы расейскага экспэрта, што й казаць, сьведчаць аб пачуцьці гумару. Я таксама жартаў не пазьбягаю, але ў мяне зусім іншы настрой у зьвязку з інцыдэнтам, зусім іншыя прадчуваньні.

Гэта не забабоны, але калі абалонка рэактара ўпала — лічы, дрэнны знак. Колькі бывала здарэньняў да запуску з ракетамі, колькі з самалётамі, калі непаладкі выяўлялі. Чым заканчвалася? Катастрофай.

Мы не ідыёты будаваць небясьпечную станцыю! — эмацыйны выгук аднаго чыноўніка нібы павінен пераконваць: новая расейская АЭС будзе добрая. Але ж не ідыёты былі ў Чарнобылі і ў Маскве, хто даваў каманду праводзіць сакрэтныя выпрабаваньні. А вынік? Сталін таксама лічыў сябе не ідыётам, а вайну жудасную прамаргаў.

Нам дваццаць гадоў далдоняць: абы не было вайны, абы не было. Як крывадушна. Якой вайны? Хто на вас зубы вострыў? Не было да Крыму і Данбасу ніякай, нават мікраскапічнай пагрозы. А паўтараць трэба было: абы не было зноў Чарнобылю. Пра вайну якраз і далдонілі, каб пад шумок пабудаваць АЭС.

Пакінуць усіх «з носам» не азначае быць самым разумным, самым дальнабачным. Але начальства сябе цешыць, прыпяваючы на сваіх ляўрах 23-ці год запар. Быць а-ля незьмяняльным генсекам у Эўропе ў ХХІ стагодзьдзі — гэта архаіка, і ўсе ідэі, якія тым генсекам прадукуюцца — архаічныя. У нас на вачах, як толькі прыўзьнялася заслона, як толькі сталі вядомыя сякія-такія «закулісныя» зьвесткі пра АЭС, уся «зацея» стала ператварацца ў сталінскую «будоўлю камунізму», дзе гналі ў шыю: хутчэй, хутчэй, дзе хавалі любое здарэньне, абы пацешыць датэрміновай здачай «сонейка краснае».

Уся «зацея», што робіцца ўсё больш відавочна, за колькі гадоў — ад загаду шукаць месца, становіцца састарэлай, адсталай. Можна нават сказаць: рэакцыйнай. Пагляньце: якімі крокамі наперад ідуць ветракі, як хуткасна пашыраецца выкарыстаньне салярнай! Прыклад для Беларусі – перадавая краіна Нямеччына ўсё ў большым маштабе выкарыстоўвае бясьпечную новую энэргетыку. Больш за тое, у ветранае надвор’е ветракі выпрацоўваюць столькі, што энэргія ад АЭС пачынае рабіцца лішняй, яе столькі ня трэба, яе невыгодна становіцца выпрацоўваць. Куды яе?

Мінулым летам сонечныя батарэі ў Нямеччыне далі столькі ж энэргіі, колькі ўсе АЭС краіны. Дарэчы, у немцаў было дзевятнаццаць станцый, засталося восем, па чарзе закрываюць.

У адзін травеньскі дзень сёлета, ясны і ветраны, ветракі і сонечныя батарэі выпрацавалі ў Нямеччыне больш за 80 адсоткаў ад усёй электраэнэргіі. Атрыманую ад АЭС у такія моманты даводзіцца прадаваць ніжэй сабекошту. У суседняй Даніі ветрагенэратары даюць больш электрычнасьці, чым спажывае краіна. А ў далёкай Коста-Рыцы 99 адсоткаў энэргіі атрымліваюць з узнаўляльных крыніц.

Нам тлумачаць, што ў Астраўцы дзякуючы станцыі працу атрымаюць дзьве тысячы чалавек. Мелка плаваем, таварышы. У Нямеччыне дзякуючы паступоваму пераходу на чыстую энэргетыку працу атрымалі 380 тысяч.

Людзі ідуць наперад, а мы хутчэй назад.

У інфармацыйным цэнтры станцыі, ён у самім Астраўцы, як панацэю ад небясьпечных здарэньняў, прадстаўляюць «ловушку расплава», расейскае ноў-хаў. Вялізную жалезную бочку: 14 мэтраў на 6,5 у дыямэтры, важыць 750 тонаў. Яе закапалі пад будучы рэактар. Калі раптам ядзернае паліва расплавіцца і зробіць дзірку ў дне рэактару, то нібы вадкі мэтал пральецца ўдол, апынецца ў «ловушке». І адтуль — нікуды!

Такая ўжо існуе, напрыклад, на Цяньваньскай станцыі, што Расея збудавала ў Кітаі на беразе Жоўтага мора.

Сёлета пасьля наведваньня будоўлі БелАЭС мы, журналісты, дзяліліся ўражаньнямі. Большасьць, асабліва зь дзяржаўных СМІ, былі рукамі і нагамі за атамную. Але мне запомніўся адзін скептычны голас: у мяне выклікае недавер тое, сказаў адзін з калегаў, што ў ХХІ стагодзьдзі мы ўпарта будуем такі гіганцкі небясьпечны «чайнік». Гэта значыць дасягаем элемэнтарнай мэты — нагрэву вады такім складаным і рызыкоўным чынам, тым больш пасьля чарнобыльскай катастрофы. Як вядома, у выніку ядзернай рэакцыі сапраўды атрымліваюць цеплавую энэргію: ваду награваюць, яна ператвараецца ў пару, якая накіроўваецца ў турбагенэратар. І мэханічная энэргія затым ператвараецца ў электрычную.

Так што корпус рэактара сапраўды зусім ня чайны сэрвіз, а хутчэй менавіта чайнік. Які пачынае нагадваць сваёй архаічнасьцю самавар. Побач зь якім піць гарбату з сэрвізу – вельмі трывожна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG